1 І Ёната, бачачы, што час яму спрыяе, выбраў людзей і паслаў іх умацаваць Рым і ўзнавіць з імі сяброўства;
2 і да спартанцаў і ў іншыя мясцовасці паслаў лісты такога ж зместу.
3 І выбраліся ў Рым, і ўвайшлі ў сэнат, і сказалі: «Першасвятар Ёната і народ Юдэйскі паслалі нас узнавіць сяброўства і саюз з вамі, як раней».
4 І ім далі яны лісты да мясцовых кіраўнікоў, каб адвялі іх у юдэйскую зямлю ў супакоі.
5 І гэта копія лістоў, якія Ёната напісаў спартанцам:
6 «Першасвятар Ёната, і старэйшыны народа, і святары, і астатні народ юдэйскі братам спартанцам — прывітанне.
7 Ужо раней першасвятар Онія атрымаў ад вашага цара Арэя лісты, што вы з’яўляецеся нашымі братамі, як паказвае рэскрыпт, што быў уручаны.
8 І Онія з пашанай прыняў вашага пасланніка; і прыняў лісты, у якіх выразна зазначалася аб саюзе і сяброўстве.
9 Дык мы, хоць да гэтага не змушае ніякая патрэба, — маем уцеху ў святых кнігах, якія ў руках нашых, —
10 паспрабавалі паслаць лісты да вас, каб узнавіць братэрства і сяброўства, каб часам не сталі мы вам чужымі; многа бо прайшло часу, як вы пісалі да нас.
11 Такім чынам, мы заўсёды і бесперапынна ў святы і ў іншыя ўрачыстасці памятаем пра вас у час ахвяр, якія ўскладаем, і ў час маленняў, трэба бо і належыць помніць пра братоў.
12 Таму цешымся з вашай славы.
13 Мы ж акружаны многімі бедамі і многімі войнамі; і нападалі на нас цары, што вакол нас.
14 Такім чынам, у гэтых войнах не захацелі мы вас турбаваць, ані іншых саюзнікаў, ані прыяцеляў нашых;
15 бо маем мы дапамогу з неба, якая нам дапамагае, і вызваліліся мы ад непрыяцеляў нашых, і былі ўпакораны непрыяцелі нашыя.
16 Такім чынам, выбралі мы Нумэнія, сына Антыёха, і Антыпатра, сына Язона, дый паслалі іх да рымлян, каб узнавіць сяброўства з імі і папярэдні саюз;
17 даручылі мы ім таксама, каб наведалі вас і прывіталі вас, ды аддалі вам нашы лісты аб узнаўленні саюзу і братэрстве нашым.
18 І зараз добра зробіце, калі на гэта дасцё нам адказ».
19 І вось копія лістоў, якія паслалі Онію:
20 «Арэй, цар спартанцаў, першасвятару Онію — прывітанне.
21 У адным запісе, які тычыцца спартанцаў і юдэяў, было знойдзена, што яны браты і што паходзяць з роду Абрагама.
22 І цяпер, калі гэта ведаем, добра зробіце, калі напішаце нам аб вашым дабрабыце.
23 Але і мы вам дадзім адказ. Жывёла ваша і маёмасць ваша — нашы; і што наша — гэта ваша. Дык даручаем, каб паведамілі вам аб усім гэтым».
24 І Ёната даведаўся, што кіраўнікі Дэмэтрыя з яшчэ большым, чым раней, войскам накіраваліся, каб ваяваць супраць яго.
25 Ды і ён пайшоў з Ерузаліма і сустрэў іх у ваколіцы Аматыт; бо не даў ім магчымасці ўвайсці на сваю тэрыторыю.
26 І ў іх лагер паслаў разведчыкаў, і яны вярнуліся з весткаю яму, што яны рыхтуюцца да нападу на іх ноччу.
27 Калі ж зайшло сонца, Ёната загадаў сваім ваярам пільнаваць ды каб усю ноч былі ў зброі, гатовыя да бою; і паставіў вакол лагера варту.
28 І праціўнікі даведаліся, што Ёната са сваімі гатовы да бою, і спалохаліся, і паддаліся сумніву ў сваіх сэрцах, і распалілі вогнішча ў сваім лагеры.
29 А Ёната і яго ваяры не заўважылі адыходу аж да раніцы, бо бачылі святло, што палала.
30 І Ёната пачаў гнацца за імі, і іх не дагнаў; бо перайшлі яны на другі бок ракі Элеўтэр.
31 І Ёната павярнуў на арабаў, званых забадэйцамі, і перамог іх, і ўзяў здабычу іх.
32 І выбраўся, і накіраваўся ў Дамаск, і прайшоў увесь той край.
33 Сімон жа выйшаў, і прыйшоў аж да Аскалона і бліжэйшых умацаванняў, і збочыў у Ёпэ, і здабыў яго;
34 бо пачуў, што ўмацаванне хочуць аддаць прыхільнікам Дэмэтрыя, і пакінуў там варту, каб бераглі яго.
35 І вярнуўся Ёната, і склікаў старэйшын народа, і параіўся з імі, як пабудаваць умацаванні ў Юдэі,
36 і падняць вышэй муры Ерузаліма ды паміж крэпасцю і горадам паставіць надта высокі мур, аддзяляючы крэпасць ад горада, каб ён быў у поўным адасабленні, каб яго жыхары не маглі ані купляць, ані прадаваць.
37 І сабраліся, каб адбудаваць горад; і распалася частка мура з усходняга боку каля ручая, і ён адбудаваў так званую Хафэнату.
38 І Сімон пабудаваў Адзіду ў Сэфэлі, і ўмацаваў ды забяспечыў брамамі і запорамі.
39 І Трыфан задумаў быць царом Азіі ды ўскласці сабе на галаву вянец, і руку падняць на цара Антыёха.
40 І баяўся, што Ёната можа не дапусціць яго да гэтага і можа ваяваць супраць яго, ды шукаў магчымасці злавіць яго і забіць, ды сабраўся і адправіўся ў Бэтсан.
41 І Ёната з сарака тысячамі адборных ваяроў пайшоў на яго ў бой і прыбыў у Бэтсан.
42 І Трыфан разведаў, што ён прыбыў з вялікім войскам, ды забаяўся падняць на яго руку,
43 і прыняў яго пышна, і выйшаў насустрач яму з усімі сваімі прыяцелямі, і даў яму дары, і сваім ваярам загадаў быць паслухмянымі таму, як яму самому.
44 І Ёнаце сказаў: «Чаму ты патурбаваў усіх людзей? Нам жа вайна не пагражае.
45 І зараз адпраў іх дамоў. А выберы сабе некалькі ваяроў, каб былі з табой, і пойдзеш са мною ў Пталемею, і яе аддам табе, і іншыя крэпасці, і астатняе войска ды ўсіх наглядчыкаў за справамі, і вярнуся да сябе, з гэтаю бо толькі мэтаю прыбыў я сюды».
46 І паверыў яму Ёната ды зрабіў так, як ён сказаў, і адаслаў войска, і яны адышлі ў Юдэйскую зямлю.
47 Пакінуў жа пры сабе тры тысячы ваяроў, і з іх дзве тысячы пакінуў у Галілеі, а тысяча пайшла з ім.
48 А калі толькі Ёната ўвайшоў у Пталемею, жыхары Пталемеі пазачынялі брамы ды схапілі яго; і ўсіх, хто ўвайшоў з ім, пазабівалі мечам.
49 І Трыфан паслаў войска і конніцу ў Галілею і на вялікую раўніну, каб знішчыць усіх прыхільнікаў Ёнаты.
50 Тыя ж, калі зразумелі, што Ёната і ўсе сябры яго ўвязнены і забіты, заахвоцілі адны адных і, сабраўшыся ў адно, выступілі, гатовыя да бою.
51 І тыя, хто пераследаваў, убачыўшы, што размова ідзе аб іх жыцці, адступілі;
52 а яны ўсе бяспечна дайшлі да Юдэйскай зямлі, і плакалі па Ёнаце і яго сябрах, і былі ў вялікім страху; і ўвесь Ізраэль падняў вялікі лямант.
53 І ўсе суседнія народы стараліся знішчыць іх; казалі бо яны:
54 «Не маюць правадыра і ўспаможцы, дык цяпер нападзём на іх і сатром памяць аб іх у людзей».
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце:
Ctrl + Enter
Першая Кніга Макабэяў, 12 разьдзел
Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.
Публікуецца з дазволу Міжканфесіянальнага хрысціянскага рэлігійнага брацтва
«Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь».
© 2017