Біблія » Пераклады » Пераклад Чарняўскага 2017

1 Макабэяў 7 1-я Макабэяў 7 разьдзел

1 У сто пяцьдзесят першым годзе Дэмэтрый, сын Сэлеўцыя, адправіўся з Рыма і з невялікім войскам высадзіўся ў марскім горадзе і стаў там царом.
2 І здарылася, што, калі ён увайшоў у палац бацькоў сваіх, войска схапіла Антыёха і Лісію, каб прывесці іх да яго.
3 І калі яму аб гэтым далі знаць, сказаў ён: «Не паказвайце мне твараў іх».
4 Ды войска замардавала іх да смерці, і Дэмэтрый сеў на пасадзе царства свайго.
5 І прыйшлі да яго ліхотнікі і бязбожнікі з Ізраэля, і іх кіраўніком быў Альцым, які хацеў стаць святаром.
6 І абвінавацілі яны народ перад царом: «Юда разам з братамі сваімі знішчыў усіх прыяцеляў тваіх дый нас выгнаў з зямлі нашай;
7 дык цяпер пашлі чалавека, якому верыш, хай пойдзе ён і ўбачыць вялікую крыўду, якую ён зрабіў нам і царскай зямлі, ды хай пакарае іх і ўсіх, хто ім дапамагае».
8 І цар выбраў аднаго з прыяцеляў сваіх, Бакхіда, які спраўляў уладу за ракой, паважанага ў царстве і вернага цару.
9 І яго паслаў цар разам з бязбожным Альцымам, якога паставіў святаром, і загадаў яму ўчыніць помсту сынам Ізраэля.
10 І пайшлі яны, і прыбылі разам з вялікім войскам у зямлю Юды; і ён паслаў пасольства да Юды і да яго братоў, з прапановай супакою, але з падступнай.
11 І яны не паверылі іх словам; убачылі бо, што яны прыбылі з вялікім войскам.
12 І ў Альцыма і Бакхіда сабраўся сход кніжнікаў, каб параіцца, як справядліва дзейнічаць;
13 і першыя з сыноў Ізраэля — асыдэйцы — стараліся супакой заключыць з імі.
14 Казалі бо яны: «Разам з войскам прыйшоў святар з роду Аарона, і не павінен нас падмануць».
15 І ён пагаварыў з імі словамі супакою і пакляўся ім, кажучы: «Не прычынім вам ліха, ані прыяцелям вашым».
16 І паверылі яны яму. І ён схапіў шэсцьдзесят з іх і ў адзін дзень забіў іх паводле слоў Святога Пісання:
17 «Целы Тваіх святых кінулі і кроў іх разлілі вакол Ерузаліма, і не было каму іх пахаваць».
18 Ды ахапіў страх перад імі і боязь увесь народ, бо яны казалі: «Няма ў іх праўды і законнасці; бо зламалі клятву, якою кляліся, і дагавор».
19 І Бакхід адступіў ад Ерузаліма і наблізіўся да Бэтсайды; і ён загадаў схапіць многіх з тых, якія ўцяклі ад яго, і некаторых паміж людзей забіў і ўкінуў у вялікі вадаём.
20 І Бакхід даручыў край той Альцыму, і пакінуў з ім войска ў дапамогу яму, і вярнуўся ён да цара.
21 І Альцым змагаўся за ўладу першасвятара;
22 і да яго сышліся ўсе, якія прыгняталі народ свой, і авалодалі яны зямлёй Юды, і спрычынілі Ізраэлю вялікае гора.
23 І Юда ўбачыў усё ліха, якога дапусціўся Альцым і яго прыхільнікі адносна сыноў Ізраэля, значна большае, чым пагане;
24 ды абышоў вакол усе землі Юдэі, спаганяючы помсту на адступнікаў, так што яны не маглі перамяшчацца па краіне.
25 А калі Альцым пераканаўся, што Юда і яго прыхільнікі набралі сілы, і зразумеў, што не можа ім супрацьстаяць, дык вярнуўся да цара і абвінаваціў іх у злачынствах.
26 Тады цар паслаў Міканора, аднаго з выдатнейшых сваіх кіраўнікоў, які ненавідзеў Ізраэль і варожа адносіўся да яго; і загадаў яму знішчыць народ.
27 Дык прыбыў Міканор у Ерузалім разам з вялікім войскам і паслаў да Юды і братоў яго пасольства, дзе ў супакойных словах, але падступна прапанаваў:
28 «Хай між мною і вамі не будзе вайны; прыбуду з нямногімі ваярамі з супакоем, каб пазнаёміцца з вамі».
29 І прыбыў да Юды, і ўзаемна па-сяброўску прывіталіся, і непрыяцелі прыгатаваліся, каб схапіць Юду.
30 І Юда даведаўся, што ён падступна прыйшоў да яго, і спалохаўся яго, і болей не пажадаў бачыць аблічча яго.
31 І Міканор здагадаўся, што намер яго раскрыты, ды выступіў супраць Юды ў бой каля Хафарсаламы;
32 і з войска Міканора пала каля пяцісот ваяроў, а іншыя ўцяклі ў горад Давідаў.
33 І па гэтых словах Міканор узышоў на гару Сіён, і некаторыя святары выйшлі са свяцілішчаў, каб мірна прывітаць яго і паказаць яму цэласпаленне, якое прыносілася за цара.
34 І ён высмеяў іх з пагардай, і зняважыў іх, і гаварыў пыхліва,
35 і пакляўся з абурэннем, кажучы: «Калі зараз не будзе выдадзены ў рукі мае Юда і войска яго, то спалю гэты дом, калі шчасліва вярнуся». Ды выйшаў з вялікаю злосцю.
36 І святары ўвайшлі, і сталі перад ахвярнікам і перад святыняй, і, плачучы, маліліся:
37 «Ты выбраў гэты дом, каб быў пасвячоны Імю Твайму і каб для Твайго народа быў домам мальбы і малітвы;
38 даканай помсту над гэтым чалавекам і над войскам яго, каб палі ад меча; помні пра іх блюзнерствы і не дай ім жыць».
39 І Міканор адышоў ад Ерузаліма і наблізіўся да Бэтарона; і далучылася да яго войска сірыйскае.
40 І Юда наблізіўся да Гадасы разам з трохтысячным войскам. І Юда маліўся, кажучы:
41 «Яны пасланы былі царом Сірыі; і калі блюзнілі, выйшаў анёл і знішчыў сярод іх сто восемдзесят пяць тысяч.
42 Так сатры гэтае войска на віду ў нас сёння, і хай ведаюць іншыя, што страшна ён сказаў адносна Тваіх святынь, і асудзі яго па яго злачыннасці».
43 І трынаццатага дня месяца Адар войскі пачалі бой; і войска Міканора было разбіта, і ён сам першы паў у баі,
44 а калі яго войска ўбачыла, што Міканор забіты, кінула зброю ды ўцякло.
45 І гналіся за імі дарогаю адзін дзень ад Гадасы, пакуль не прыйшлі ў Газару, і на трубах далі знак за імі.
46 І з усіх умацаванняў вакол Юдэі выйшлі жыхары і акружылі іх, і яны павярнуліся супраць іх; і ўсе яны палі ад меча і не застаўся з іх аніводзін.
47 І ўзялі яны здабычу іх і нарабаваныя рэчы, і галаву Міканора і яго правую руку, якую працягваў пыхліва, — адрэзалі і даставілі ў Ерузалім, і павесілі каля горада.
48 І народ надта цешыўся; і дзень гэты святкавалі з вялікаю радасцю,
49 і вырашылі святкаваць дзень гэты — трынаццаты дзень Адара — ва ўсе гады.
50 І на нейкі час зямля Юды супакоілася.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Першая Кніга Макабэяў, 7 разьдзел

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь

Публікуецца з дазволу Міжканфесіянальнага хрысціянскага рэлігійнага брацтва
«Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь».
© 2017