Біблія » Пераклады » Пераклад Чарняўскага 2017

2 Макабэяў 1 2-я Макабэяў 1 разьдзел

1 Братоў юдэяў, якія пражываюць у Егіпце, вітаюць са шчаслівым супакоем браты юдэі, якія ў Ерузаліме і ў краіне Юдэйскай жывуць.
2 І хай спагадае вам Бог, і хай памятае аб прымірэнні Сваім, заключаным з Абрагамам, і Ізаакам, і Якубам, вернымі сваімі паслугачамі;
3 і хай дасць Ён вам усім сэрца, каб шанавалі Яго, і здзяйснялі Яго волю велікадушна ды ахвотна;
4 і хай адкрые вашы сэрцы для Свайго закону і для Сваіх прыказанняў ды даруе супакой;
5 і хай выслухае вашы маленні ды хай спагадае вам і хай не адпускае вас ў ліхі час.
6 І цяпер тут молімся за вас.
7 У цараванне Дэмэтрыя, у сто шэсцьдзесят дзевятым годзе, мы, юдэі, напісалі вам у горы і пад уціскам, што нахлынулі на нас у тыя гады, калі Язон і яго прыхільнікі адвярнуліся ад святой зямлі і царства,
8 і калі яны спалілі браму і пралілі непавінную кроў; і мы малілі Госпада і былі выслуханы; і мы ўскладалі ахвяры крывавыя, і ахвяру з найчысцейшай мукі, і запалілі каганцы, і паклалі хлябы.
9 І цяпер святкуйце свята палатак з месяца Каслеў у сто восемдзесят восьмым годзе.
10 Жыхары Ерузаліма і жыхары Юдэі, і старэйшыны, і Юда — Арыстабулу, настаўніку цара Пталемея, які паходзіць з роду намашчоных святароў, ды тым, што ў Егіпце, юдэям — радасці і здароўя.
11 Вызваленыя Богам ад вялікіх небяспек, шчыра дзякуем Яму, як тыя, што змагаліся супраць цара.
12 Ён бо змусіў гневацца на тых, хто змагаўся супраць святога горада,
13 калі бо сам кіраўнік прабываў ў Персіі, і з ім непераможнае, як здавалася, войска, яны былі паражоны ў храме Нанэі праз подступ, выкарыстаны святарамі Нанэі.
14 Бо на месца прыбыў сам Антыёх, і сябры, што з ім былі, пад відам шлюбу з ёю, каб забраць вялікія грошы пад назваю пасагу.
15 І калі святары Нанэі іх прадаставілі, і ён з некалькімі ўвайшоў унутр свяцілішча, то яны замкнулі храм; калі ўвайшоў Антыёх,
16 яны, адчыніўшы схаваныя ў столі дзверы, забілі кіраўніка, скідваючы на яго камяні, і парэзалі іх на кавалкі, і галовы адсеклі ды выкінулі на двор.
17 За гэта ўсё хай будзе дабраславёны наш Бог, Які аддаў [іх].
18 Дык маюць яны дваццаць пятага дня месяца Каслеў святкаваць ачышчэнне храма, мы палічылі патрэбным паведаміць вам, каб і вы таксама святкавалі дзень палатак і агню, які быў дадзены, калі Нэгэмія, збудаваўшы святыню і ахвярнік, усклаў ахвяры.
19 Бо калі ў Персію былі выселены нашы бацькі, святары, якія былі тады шанавальнікамі Бога, узялі патаемна з ахвярніка агонь і схавалі ў глыбіні пустой студні, дзе схавалі яго так, што нікому не было вядома тое месца.
20 Калі ж пасля многіх гадоў спадабалася Богу, каб Нэгэмія, пасланы царом Персідскім, паслаў па агонь нашчадкаў тых святароў, якія яго схавалі,
21 як яны расказалі нам, не знайшлі яны агню, але толькі густую ваду. Ды загадаў ён, каб яны набралі яе і прынеслі. Калі ўжо ўсё было прыгатавана для ахвяр, Нэгэмія загадаў святарам паліць тою вадою як дрэва, так і тое, што на ім было пакладзена,
22 І калі гэта зрабілі, ды па нейкім часе засвяціла сонца, каторае раней хавалася за хмарамі, загарэўся агонь такі вялікі, што дзівіліся ўсе.
23 Дакуль жа гарэла ахвяра, святары маліліся; і разам са святарамі ўсе: распачынаў Ёната, а астатнія адказвалі, як Нэгэмія.
24 А малітва была такая: «Госпадзе, Госпадзе Божа, Творца ўсяго, Страшны і Магутны, Справядлівы і Міласэрны, адзіны Валадару і Дабрадзею,
25 адзіны Шчодры, адзіны Справядлівы, і Усёмагутны, і Вечны. Ты вызваліў Ізраэль ад усякае бяды, ты ўчыніў нашых бацькоў выбраннікамі ды ўсвяціў іх,
26 прымі гэтую ахвяру за ўвесь Твой народ Ізраэля, і пільнуй спадчыну Сваю, і ўсвячай.
27 Збяры рассеяных нашых, вызвалі тых, што служаць паганам, глянь ласкава на пагарджаных і на абсмяяных, каб пагане пазналі, што Ты — Бог наш.
28 Пакарай тых, што крыўдзяць нас ды ў пыхлівасці сваёй нас зневажаюць.
29 Пасялі народ Твой на святым месцы Тваім, як сказаў Майсей».
30 Святары ж спявалі гімны.
31 Калі ж згарэла тое, што было ўскладзена ў ахвяру, Нэгэмія загадаў астатнюю ваду выліць на вялікія камяні,
32 калі гэта было споўнена, успыхнула полымя, але перад святлом, якое засвяціла ад ахвярніка, патухла.
33 Калі ж гэта рэч выявілася і было расказана цару персаў, што на месцы, дзе агонь схавалі гэтыя паведзеныя ў палон святары, паказалася вада, з якой Нэгэмія і яго людзі ачысцілі тое, што было прызначана на ахвяру,
34 то цар па ўважлівым вывучэнні справы агарадзіў тое месца і пабудаваў храм.
35 Цар меў зусюль вялікія даходы і раздзяляў іх тым, да каго быў ён спагадны.
36 А людзі, што былі з Нэгэміем, гэта месца назвалі «Нэфтар», што азначае «ачышчэнне»; многімі ж бывае называна «Нэфтай».
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Другая Кніга Макабэяў, 1 разьдзел

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь

Публікуецца з дазволу Міжканфесіянальнага хрысціянскага рэлігійнага брацтва
«Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь».
© 2017