1 У запісах жа прарока Ярэміі ўспамінаецца, што ён загадаў пераселеным узяць з сабою агонь, як і зазначана,
2 як загадаў прарок пераселеным адносна закону, каб не забыліся на прыказанні Госпада і каб не збаламуціліся ў думках сваіх, гледзячы на залатых і срэбраных ідалаў і на аздабленне іх.
3 Гэтымі і падобнымі словамі напамінаў ім, кажучы, каб не выцяснялі закону з сэрца свайго.
4 А было ў тым запісе, як па Божай волі, выказанай яму, прарок загадаў з сабой несці палатку і каўчэг, калі ён узыходзіў на гару, з якой Майсей, узышоўшы, агледзеў спадчыну Божую.
5 І, узышоўшы туды, Ярэмія знайшоў жыллё ў выглядзе пячоры; і ўнёс туды палатку, і каўчэг, і ахвярнік кадзільны, а ўваход знішчыў.
6 І некаторыя з тых, што разам з ім ішлі, вярнуліся, каб заўважыць дарогу, але ўжо не змаглі яе адшукаць.
7 Калі ж Ярэмія даведаўся пра гэта, сварыўся на іх, кажучы, што месца гэта будзе невядомым, аж пакуль Бог не збярэ Свой народ і не акажа ім міласэрнасці;
8 і тады Госпад пакажа гэта і можна будзе бачыць веліч Госпада, і воблака будзе, падобна як да Майсея можна было бачыць, ды як тады, калі Саламон маліўся, каб месца было ўрачыстым спосабам асвячона.
9 Было ўказана таксама, як ён, поўны мудрасці, усклаў ахвяру пасвячэння пры заканчэнні будовы святыні.
10 Ён падобна, як Майсей, маліўся да Госпада, і сышоў агонь з неба, і знішчыў ахвяры цэласпалення.
11 І Майсей сказаў: «Было спалена, каб ніхто не еў таго, што было ахвяравана за грэх».
12 Падобна і Саламон святкаваў восем дзён.
13 А ў запісах і каментарыях Нэгэміі расказвалася таксама і тое, як, закладаючы бібліятэку, сабраў ён кнігі пра цароў і прарокаў, і кнігі Давіда, і лісты цароў аб дарунках.
14 Падобным жа чынам і Юда сабраў усе тыя кнігі, якія былі параскіданыя з прычыны вайны, што ў нас здарылася, і маем мы іх у сябе.
15 Дык калі іх патрабуеце — прышліце тых, хто вам іх даставіць.
16 Такім чынам, пішам вам, маючы святкаваць свята ачышчэння; дык добра зробіце, святкуючы свята ў гэтыя дні.
17 Бог жа, Які вызваліў увесь народ Свой і вярнуў усім спадчыну, і царства, і святарства, і святыню,
18 згодна з тым, што паабяцаў у законе. Бо спадзяёмся на Бога, што Ён хутка злітуецца над намі ды што збярэ нас на святое месца з усёй зямлі пад небам; вырваў бо Ён нас з вялікіх небяспек ды ачысціў месца.
19 А аб Юдзе Макабэю і братах яго, і аб ачышчэнні вялікай святыні ды пасвячэнні ахвярніка,
20 па-за тым і аб баях супраць Антыёха Эпіфана, і супраць сына яго Эўпатара,
21 і аб аб’явах, паходзячых з неба для тых, якія мужна змагаліся за звычаі юдэйскія, так што хоць нешматлікія былі, аднак завалодалі ўсім краем ды змусілі ўцякаць вялікія войскі паганаў,
22 і адабралі назад слаўную ва ўсім свеце святыню, і вызвалілі горад, і аднавілі законы, з часам знікаючыя, бо Госпад ва ўсёй Сваёй міласці стаў ім спагадным —
23 гэта ўсё, што Язон Цырэнец запісаў у пяці кнігах, мы пастараліся змясціць сцісла ў адной кнізе.
24 Маючы бо на ўвазе вялікую колькасць лічбаў і цяжкасць, якую мноства спраў спрычыняе тым, хто хоча прачытаць гістарычныя апавяданні,
25 мы пастараліся даць тым, якія хочуць чытаць, прыемныя для душы апавяданні, а тым, хто жадае, — каб лягчэй маглі запомніць, а ўсім чытачам — каб было карысна.
26 А нам самім, якія ўчынілі гэту справу, дзеля скарачэння; гэта было нялёгкай працай, дарэчы ж, мы выканалі справу, поўную бяссонніцы і поту.
27 Падобна ж нялёгка ёсць таму, хто рыхтуе банкет і хоча задаволіць іншых, мы, аднак, ахвотна возьмемся за гэту працу, каб заслужыць удзячнасць многіх,
28 а клопат пра дробязі пакідаем аўтару, самі ж стараемся прытрымлівацца сцісласці ў абранай форме.
29 Бо як будаўніку пры пабудове новага дома трэба рупіцца пра цэласнасць пабудовы, так і той, хто рупіцца пра разьбу і маляванне, займаецца тым, што патрэбнае для аздаблення, так, думаю, і нам трэба.
30 А ўдумвацца і свабодна расказваць, і больш дакладна разгледжваць гісторыю ва ўсіх дробязях — задача аўтара;
31 укласці ж сцісласць у расказ ды сцерагчыся падрабязнага апісання падзей ёсць задача таго, хто скарачае.
32 Дык цяпер па невялікім уступным слове пачнём апавяданне; неразумна бо распавядаць перад гісторыяй, а самую гісторыю скарачаць.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце:
Ctrl + Enter
Другая Кніга Макабэяў, 2 разьдзел
Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.
Публікуецца з дазволу Міжканфесіянальнага хрысціянскага рэлігійнага брацтва
«Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь».
© 2017