Біблія » Пераклады » Пераклад Чарняўскага 2017

2 Макабэяў 11 2-я Макабэяў 11 разьдзел

1 Але праз кароткі час пасля гэтага Лісія, давераны цара, і сваяк, і намеснік над справамі, глыбока крануты тым, што сталася,
2 сабраў каля васьмідзесяці тысяч ваяроў і ўсю конніцу і выступіў супраць юдэяў, перакананы, што менавіта ён горад зробіць пасяленнем грэкаў;
3 і з святыні будзе браць падатак, як і з іншых храмаў паганскіх ды кожны год будзе прадаваць першасвятарства,
4 і не думаў ён аб моцы Божай, але паклаўся на мноства пешых і на тысячы коннікаў, а таксама на восемдзесят сланоў.
5 А ўвайшоўшы ў Юдэю і падышоўшы да Бэтсура, умацаванага месца, аднак адлеглага ад Ерузаліма на пяць стадый, ён асадзіў яго.
6 Калі Макабэй і тыя, што з ім былі, даведаліся, што ён асадзіў крэпасці, малілі Госпада з плачам і слязамі, ды разам увесь народ, каб паслаў Ён добрага анёла на збаўленне Ізраэля.
7 І Макабэй, сам першы схапіўшы зброю, заахвоціў іншых, каб разам з ім сябе выставілі на небяспеку, і прыйшлі з дапамогай братам сваім; тады і яны ахвотна пайшлі з ім у паход.
8 Але калі былі каля Ерузаліма, паказаўся ім правадыром іх коннік у белым адзенні, які бразгаў залатой зброяй.
9 Дык усе разам дабраславілі міласэрнага Бога і ўзгарэліся душамі так, што не толькі людзей, але і саміх дзікіх звяроў, і жалезныя муры гатовы былі перамагчы.
10 Ішлі яны ў зброі, маючы Успаможцу з Неба, бо Госпад над імі злітаваўся.
11 Як ільвы, кінуліся на непрыяцеляў і паразілі з іх адзінаццаць тысяч пешых ды тысячу шэсцьсот коннікаў, усіх жа іншых прымусілі ўцякаць.
12 А большасць з іх былі паранены, якія, кінуўшы зброю, ратаваліся ўцёкамі; але і сам бо Лісія выратаваўся ганебнымі ўцёкамі.
13 І не быўшы пазбаўленым розуму, ён, разважаючы ў сабе пра паражэнне, якое пацярпеў, і пераканаўшыся, што гебраі непераможныя, бо ім Магутны Бог дапамагае, паслаў да іх,
14 паручаючыся, што ён згадзіцца на ўсё, што справядліва, ды таксама, што ён пераканае цара ў неабходнасці быць іх прыяцелем.
15 Дык згадзіўся Макабэй на ўсё, што Лісія прасіў, маючы на ўвазе агульнае дабро; бо на ўсё, што Макабэй даручыў Лісіі ў лісце ў справе юдэяў, цар згадзіўся.
16 А вось лісты, напісаныя юдэям Лісіем, мелі такі змест: «Лісія — народу юдэйскаму — прывітанне.
17 Ёан і Абсалом, пасланнікі вашы, уручылі мне ніжэй пададзены ліст і дамагаліся вырашэння спраў, у ім змешчаных.
18 Дык, канешне, паведаміў я цару ўсё тое, што было трэба; і ён згадзіўся на тое, што было магчыма.
19 Дык калі ў справах захаваеце спагаднасць [да ўлады], я гатовы і ў наступным супрацоўнічаць для вашага дабра.
20 Што ж да спраў паасобных, то я даручыў як вашым, так і маім пасланцам перагаварыць з вамі.
21 Будзьце здаровыя! Сто сорак восьмага года, дваццаць чацвёртага дня, месяца Дзіяскура».
22 Ліст жа гэты царскі меў такі змест: «Цар Антыёх брату Лісію — прывітанне.
23 Бацька наш перанесены да багоў, мы ж жадаем, каб жыхары нашага царства жылі без бунту і рупіліся аб сваіх справах;
24 мы пачулі, што юдэі не згадзіліся з бацькам, каб прыняць грэчаскія звычаі, але, свой звычай лічачы за лепшы, просяць дазволіць свае законы;
25 такім чынам, хочучы, каб гэты народ таксама быў без бунту, лічым, што трэба вярнуць ім святыню ды дазволіць, каб жылі яны паводле звычаяў, якія атрымалі ад сваіх продкаў.
26 Добра таму зробіш, калі пашлеш да іх пасланцоў і падасі ім правую руку, каб яны, ведаючы нашы намеры, былі добра настроены ды ахвотна займаліся сваімі справамі».
27 Ліст жа цара да народа быў такі: «Цар Антыёх старэйшынам юдэяў і ўсім юдэям прывітанне.
28 Калі вам добра, значыць, і мы так хочам; ды і мы самі памысна жывём.
29 Мэнелай паведаміў нам, што вы хочаце вярнуцца дадому і заняцца сваімі ўласнымі справамі.
30 Такім чынам, усім тым, якія аж да трыццатага дня месяца Ксантыка вернуцца, будзе правая рука і бяспека,
31 каб юдэі карысталіся сваёй ежай і законамі, як і раней, ды хай з іх ніхто не мае ніякай прыкрасці ў тых рэчах, што былі дапушчаны па несвядомасці.
32 Паслалі ж мы і Мэнелая да вас, каб супакоіў вас.
33 Будзьце здаровы! Сто сорак восьмага года, пятнаццатага дня месяца Ксантыка».
34 Таксама рымляне паслалі ліст такога зместу: «Квінт Мэмій, Тыт Маній, легаты рымскія, — юдэйскаму народу — прывітанне.
35 На ўсё, што прызнаў для вас Лісія, сваяк цара, і мы даём згоду.
36 А што прызнаў ён патрэбным прадставіць цару, аб тым, разважыўшы неадкладна, пашліце каго-небудзь з вас, каб мы маглі зрабіць, што вам належыцца; бо мы адпраўляемся ў Антыёхію.
37 Дык паспешна пашліце кагосьці, каб мы маглі ведаць, чаго вы хочаце.
38 Жывіце шчасліва! Сто сорак восьмага года, пятнаццатага дня Ксантыка».
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Другая Кніга Макабэяў, 11 разьдзел

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь

Публікуецца з дазволу Міжканфесіянальнага хрысціянскага рэлігійнага брацтва
«Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь».
© 2017