Біблія » Пераклады » Пераклад Чарняўскага 2017

2 Макабэяў 15 2-я Макабэяў 15 разьдзел

1 Калі ж Міканор даведаўся, што ваяры Юды знаходзяцца ў ваколіцах Самарыі, дык рашыўся ў дзень супакою з усёю для сябе бяспекаю напасці на іх.
2 Юдэі ж, якія пад прымусам ішлі з ім, казалі: «Не губі іх так па-дзікунску і бязлітасна, але ўшануй дзень святы, якому Той, Хто беражэ ўсё, прыдаў хвалы і святасці».
3 Той нешчаслівец спытаўся, ці ёсць у небе Усёмагутны, Які загадаў дзень суботаў святкаваць?
4 І калі яны адказалі: «Ёсць Госпад жывы там, у небе, Валадар, Які загадаў дзень сёмы святкаваць».
5 А ён на гэта: «А я, — кажа, — валадар на зямлі, загадваю ўзяцца за зброю і спаўняць царскую службу». Аднак не змог здзейсніць свайго ліхога намеру.
6 Міканор жа, у найбольшай пыхлівасці выцягваючы шыю, збіраўся паставіць агульны помнік здабыч, узятых з ваяроў Юды.
7 А Макабэй заўсёды меў давер і поўную надзею, што атрымае дапамогу ад Госпада;
8 і ён упэўніваў сваіх ваяроў, каб не палохаліся, калі пагане нападуць, але мелі ў сэрцы памяць пра дапамогу з неба, якую мелі раней, дык і цяпер таксама маюць спадзявацца на перамогу, якую дасць ім Усемагутны.
9 Пацяшаў іх на аснове закону і прарокаў, прыпамінаючы ім таксама тыя баі, якія правялі, удуховіў, надаў ім мужнасці.
10 І, разагрэўшы дух іх, ён адначасова паказаў ім ілжывасць паганаў і парушэнне прысяг.
11 Калі ж кожны з іх узброіўся — не так моцаю шчытоў і дзідаў, як падбадзёрваннем звыш меры добрымі словамі, — і калі расказаў яшчэ пра варты даверу сон, як бы бачанне, якім усіх пацешыў.
12 А бачанне яго было такое: Онія, ранейшы першасвятар, чалавек сумленны і добры, сціплы ў адносінах з людзьмі, лагодных звычаяў і дастойны ў мове, ад маленства руплівы ў захаванні ўсякай дабрадзейнасці, выцягнуў рукі і маліўся за ўвесь юдэйскі народ.
13 Потым з’явіўся другі чалавек, упрыгожаны сівізной і славаю, і акружыла яго нейкая дзівагодная і высакародная вартасць.
14 А Онія, тлумачачы, сказаў: «Гэта браталюбец, які многа моліцца за народ і за святы горад, Ярэмія, прарок Божы».
15 Ярэмія, працягваючы правую руку, падаў Юдзе залаты меч і, даючы яго, сказаў гэтыя словы:
16 «Вазьмі святы меч, дар ад Бога, з яго дапамогай пераможаш ворагаў».
17 Такім чынам, падбадзёраныя словамі Юды, надта прыгожымі, якія маглі заахвоціць да храбрасці і душы юнакоў умацаваць, рашылі не заставацца ў лагеры, але, адважна змагаючыся, вырашыць справы, горад бо святы і святыня былі ў небяспецы.
18 За жонак бо і дзяцей, а таксама за братоў і сваякоў меней яны баяліся, а найбольш і найперш непакоіліся яны за асвячоную святыню.
19 Але і тыя, што засталіся ў горадзе, не менш трывожыліся з-за бою гэтага на полі.
20 Дык калі ўжо ўсе чакалі рашэння справы і калі ўжо ворагі злучыліся, а войска было прыгатавана для бою, і сланы размешчаны ў належных месцах, і конніца расстаўлена,
21 Макабэй, бачачы прыбыццё шматлікага войска, і розныя баявыя прылады, і дзікі выгляд сланоў, выцягнуў рукі да неба ды прызваў Госпада, Які творыць цуды; ведаў ён, што Ён аддае перамогу дзеля заслуг, па Сваім рашэнні, а не з-за зброі.
22 Прызываючы Яго, маліўся такім чынам: «Ты, Госпадзе, Які паслаў анёла Свайго ў час Эзэкіі, цара Юдэі, і ён забіў у лагеры Санхэрыба каля ста васьмідзесяці пяці тысяч чалавек,
23 цяпер таксама, Валадару неба, пашлі добрага анёла перад намі на ўстрашэнне іх і трывогу;
24 хай магутнасцю пляча Твайго будуць кінуты на зямлю тыя, што з блюзненнямі прыходзяць супраць святога народа Твайго». І гэтым закончыў маленне.
25 А ваяры Міканора выступілі ў атаку з трубамі і песнямі;
26 ваяры ж Юды з прызывам Бога і малітваю кінуліся на ворагаў.
27 І, ваюючы рукамі, а сэрцам молячыся да Госпада, яны забілі не менш трыццаці пяці тысяч ваяроў, цешачыся вельмі з прысутнасці Божай.
28 І калі спынілі бой ды з радасцю вярталіся, спазналі Міканора, які паў у зброі сваёй;
29 такім чынам, калі падняўся гармідар ды замяшанне, бацькоўскаю моваю дабраслаўлялі Усемагутнага Госпада.
30 І той, хто цалкам, целам і душой, першы ваяваў у абароне грамадзян, хто збярог юнацкую адданасць да свайго народа, — загадаў адсекчы галаву Міканора і руку разам з плячом і даставіць у Ерузалім.
31 Прыйшоўшы ж туды, склікаў аднаверцаў і святароў, стоячы перад ахвярнікам, паслаў па тых, якія былі ў крэпасці;
32 і, паказаўшы ім галаву ліхотніка Міканора, а таксама руку блюзнерцы, якую той выцягваў супраць святога дома Усемагутнага, і надта ўзвышаўся.
33 Загадаў таксама выразаць у бязбожнага Міканора язык ды пасеч яго на часткі і раскінуць птушкам, пакаранага ж дурня павесіць перад святыняй.
34 Такім чынам, усе пад небам славілі Госпада, Які паказаў Сябе, кажучы: «Хай будзе дабраславёны Той, Хто захаваў месца Сваё ад спаганення!»
35 А галаву Міканора павесіў ён на вяршыні крэпасці, як усім відавочны знак дапамогі Госпада.
36 Такім чынам, усе агульнай згодай вырашылі, каб гэты дзень быў адзначаны ўрачыстасцю ды што ўрачыстасць трэба адзначаць трынаццатага дня дванаццатага месяца, па-сірыйску званага Адар, за дзень да дня Мардахэя.
37 Так скончылася гэтая справа з Міканорам, і ад тых часоў горад застаўся ў руках гебраяў; я таксама спыню апавяданне.
38 І калі яно складзена прыгожа і здатна, то я гэтага толькі хацеў; калі ж слаба і сярэдне, то я зрабіў, што мог.
39 Бо як непрыемна піць асобна толькі віно, падобна ж — і ваду, а наадварот, віно, змяшанае з вадой, — ужо мілае ды выклікае вялікую прыемнасць. Таксама і будова апавядання: захапляе вушы тых, каму прыйдзецца такую кампазіцыю чытаць. На гэтым жа хай будзе канец.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Другая Кніга Макабэяў, 15 разьдзел

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь

Публікуецца з дазволу Міжканфесіянальнага хрысціянскага рэлігійнага брацтва
«Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь».
© 2017