1 У той жа час вяртаўся бясслаўна Антыёх з рэгіёнаў у Персіі.
2 Аднойчы ўвайшоў у горад, называны Персэполь, і паспрабаваў абрабаваць храм і авалодаць горадам; дзеля таго, калі натоўп схапіўся за зброю, Антыёх прымушаны быў жыхарамі ўцякаць і мусіў з сорамам вяртацца дамоў.
3 І калі быў каля Экбатаны, паведамілі яму, што сталася з Міканорам і Ціматэем.
4 Узгарэўся ён гневам і задумаў адпомсціць юдэям за крыўду, якую пацярпеў ад тых, што змусілі яго ўцякаць; і загадаў фурману, каб ехаў без адпачынку, але суд нябесны ўжо праводзіў яго. Бо ў пыхлівасці сваёй так ён сказаў: «Ерузалім, калі дабяруся туды, зраблю кучай трун для юдэяў».
5 Але Госпад, Які ўсё бачыць, Бог Ізраэля, крануў яго невылечнай і нябачнай плягай; і ледзь выказаў гэтыя словы, як хапіў яго невыносны боль жывата ды страшныя мукі вантробаў,
6 было гэта вельмі справядліва, бо ён шматлікімі і незвычайнымі катаваннямі мучыў нутро іншых людзей.
7 Ён жа ніякім чынам не адступаў ад сваёй пыхі; але, звыш таго, быў поўны пыхлівасці, у душы дыхаючы агнём супраць юдэяў, загадаў паскорыць язду. Сталася ж, што раптам выпаў з калясніцы, якая ляцела хутка, ды выпадзенне было нешчаслівае, так што мучыўся ён усімі членамі цела.
8 І той, хто нядаўна ў нялюдскай пысе, здавалася, можа кіраваць марскімі хвалямі і на вагі можа кінуць вяршыні гор, апынуўшыся на зямлі, адкуль забралі яго і неслі на насілках, паказаў прыклад магутнасці Божай для ўсіх,
9 так што з вачэй бязбожніка выпаўзалі чарвякі, а цела яго зажыва ў болях і муках адпадала кавалкамі, і ад смуроду яго з-за гніення млела ўсё войска.
10 І таго, каму раней здавалася, што дакранецца да зорак на небе, ніхто не мог насіць з-за нязноснага смуроду.
11 Адсюль, зламаны духам, пачаў пазбаўляцца вялікай пыхлівасці і даходзіць да пазнання, што дзеля кары Божай пакуты яго павялічваюцца з кожнай хвілінай.
12 І калі нават ён сам не мог знесці свайго смуроду, сказаў так: «Справядліва ўпакорыцца перад Богам ды смертнаму не думаць пыхліва».
13 Маліўся нават гэты злачынца да Госпада, Які больш не меў да яго міласэрнасці, так кажучы:
14 «Вось, святы горад, да якога я спяшаўся, каб зраўнаваць яго з зямлёй і зрабіць брацкаю магілай — аб’яўляю свабодным;
15 юдэяў жа, якіх палічыў нават за недастойных пахавання, але выкінуў разам з дзецьмі на з’ядзенне драпежным птушкам — усіх іх роўнымі атэнцам маю,
16 і святыню, якую раней абрабаваў, маю аздобіць найпрыгажэйшымі дарамі, і ўсе шматлікія святыя пасудзіны маю вярнуць ды патрэбныя выдаткі на ахвяры маю даставіць са сваіх даходаў»;
17 апрача таго, дакляраваў, станецца юдэем і аб’едзе ўсе мясцовасці, абжытыя людзьмі, абвяшчаючы моц Божую.
18 Але калі боль ніколькі не спыняўся, бо прыйшоў на яго справядлівы суд Божы, ён, страціўшы надзею на сваё выратаванне, напісаў гэты ліст юдэям, ніжэй пададзены ў выглядзе малітвы, такога зместу:
19 «Цар і кіраўнік Антыёх — юдэям, высакародным грамадзянам, — вялікае прывітанне, і здароўя, і шчасця.
20 Калі вы добра адчуваеце сябе, і дзеці вашы, і справы вашы такія, як вы жадаеце, дык, молячыся, выказваю Богу самую вялікую падзяку, пакладаючы надзею на небе;
21 я ж ляжу хворы, але вас успамінаю з пачуццём пашаны і зычлівасці. Вяртаючыся з краёў Персіі і запаўшы ў цяжкую хваробу, лічу за патрэбнае рупіцца аб супольнай бяспецы ўсіх людзей.
22 Спадзяюся на сябе, але, маючы вялікую надзею, што ачуняю ад гэтае хваробы,
23 не скідваю з увагі, што і мой бацька ў тыя часы, калі выбраўся ў паход з войскам у гарыстыя краіны, вызначыў сабе пераемніка;
24 каб, калі здарыцца штосьці неспадзяванае або расказвалі б нешта фальшывае, жыхары краіны ведалі, каму даручана кіраванне справамі, і не непакоіліся.
25 Прытым, маючы на ўвазе, што як блізкія царствы, так і далёкія ад царства чакаюць адпаведнае хвіліны і думаюць, што настане, — назначаю царом сына свайго — Антыёха, якога я часта ў час паходаў у верхнія царствы надта многім з вас давяраў і даручаў; і да яго я напісаў тое, што даручана.
26 Дык напамінаю вам і прашу, каб вы помнілі аб гэтых дабрадзействах агулам і асобна, і каб захавалі ўсе вы гэтую зычлівасць, якую маеце да мяне, і да сына.
27 Спадзяюся бо, што ён памяркоўна і па-чалавечаму, па маёй прапанове, будзе адносіцца да вас».
28 Дык забойца і блюзнерца, церпячы самыя страшныя мукі, якія прычыняў другім, скончыў жыццё на чужой зямлі, у гарах, марнаю смерцю.
29 Цела ж яго прывёз Піліп, малочны брат яго, які, баючыся сына Антыёха, падаўся да Пталемея Філамэтара ў Егіпет.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце:
Ctrl + Enter
Другая Кніга Макабэяў, 9 разьдзел
Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.
Публікуецца з дазволу Міжканфесіянальнага хрысціянскага рэлігійнага брацтва
«Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь».
© 2017