Біблія » Пераклады » Пераклад Чарняўскага 2017

2 Макабэяў 8 2-я Макабэяў 8 разьдзел

1 Тым часам Юда Макабэй і тыя, што былі з ім, патаемна прыходзілі ў вёскі, клікалі да сябе сваякоў ды тых, што трымаліся юдаізму, сабралі каля шасці тысяч чалавек.
2 І яны прызывалі Госпада, каб зірнуў на народ, таптаны ўсімі; і каб злітаваўся над святыняй, спаганенай бязбожнікамі;
3 і каб злітаваўся таксама над горадам, які прападае і хутка мае быць зраўнаваны з зямлёй, ды каб выслухаў крык крыві, якая кліча да Яго;
4 таксама каб меў у памяці нягодныя смерці нявінных дзяцей і знявагі на імя Яго кіданыя і каб гневаўся на іх.
5 А Макабэй, сабраўшы многа войска, станавіўся ўжо непераможным для паганаў, бо гнеў Божы перамяніўся ў міласэрнасць.
6 І ён, нападаючы нечакана на гарады і вёскі, паліў іх, і займаў прыдатныя мясцовасці, і змушаў уцякаць немалы лік непрыяцеляў,
7 на такія напады падбіраў найчасцей ночы як саюзнікаў. І аповяды аб яго мужнасці разыходзіліся паўсюдна.
8 Піліп жа, бачачы, што гэты чалавек памалу дайшоў да ўлады ды штораз расце больш у паспяховасці, напісаў ліст Пталемею, кіраўніку Цэлесірыі і Фэніцыі, каб дапамог цару ў яго справах.
9 Ён жа адразу выбраў Міканора, сына Патрокла, аднаго з першых прыяцеляў цара, і паслаў яго, даўшы яму не менш дваццаці тысяч ваяроў з розных народаў, каб выгубіць увесь юдэйскі народ; дадаў жа яму таксама Горгію, як чалавека ваеннага і спрактыкаванага ў ваенных справах.
10 Міканор жа вырашыў з продажу юдэяў у няволю выплаціць цару падатак, налічваючы дзве тысячы талентаў, якія цар быў вінаваты рымлянам;
11 і зараз жа паслаў у прыморскія гарады, запрошваючы іх купляць у нявольнікі юдэяў, абяцаючы даставіць дзевяноста палонных за адзін талент, не чакаючы тае помсты, якая мела прыйсці на яго ад Усемагутнага.
12 Вестка ж аб паходзе Міканора дайшла да Юды, і ён паслаў сваім ваярам паведамленне аб набліжэнні войска.
13 Тады баязлівыя і тыя, хто не верыў справядлівасці Божай, разбегліся і перайшлі ў другія мясцовасці;
14 іншыя ж прадавалі ўсё, што ў іх заставалася, і разам умольвалі Госпада, каб уратаваў тых, якія бязбожным Міканорам яшчэ перад боем былі праданыя;
15 калі не дзеля іх, то прынамсі дзеля прымірэння, заключанага з іх бацькамі і дзеля прызванага над імі святога і вялікага імя Яго.
16 Макабэй жа, сабраўшы шэсць тысяч ваяроў, якія з ім былі, прасіў, каб не баяліся ворагаў ды каб не палохаліся вялікага ліку паганаў, якія несправядліва выступаюць супраць іх, але каб ваявалі мужна,
17 маючы перад вачамі ганьбу, якую яны несправядліва ўчынілі ў святым месцы ды здзекі над абсмяяным горадам, і потым парушэнне звычаяў, перанятых ад бацькоў.
18 «Яны бо давяраюць зброі і поруч адвазе, а мы пакладаем надзею ва Усемагутным Богу, Які можа за адну хвіліну як тых, што супраць нас ідуць, так і ўвесь свет знішчыць».
19 Ён прыпомніў ім і выпадкі дапамогі, якую атрымалі іх бацькі і аб перамозе над Санхэрыбам, калі сто восемдзесят пяць тысяч загінула,
20 і аб тым, што сталася ў Бабілоніі ў баі супраць галатаў, калі яны выйшлі ў бой васьмю тысячамі разам з чатырма тысячамі мацэдонцаў, — калі мацэдонцы апынуліся ў цяжкім становішчы, тых восем тысяч знішчыла сто дваццаць тысяч, дзякуючы той дапамозе, якую атрымалі з неба, і ўзялі здабычу надта вялікую;
21 калі іх падбадзёрыў гэтымі словамі, так што былі гатовы аддаць жыццё за законы і бацькаўшчыну, падзяліў войска на чатыры асобныя часткі.
22 Такім чынам, назначыў кіраўнікамі кожнай дружыны братоў сваіх: Сімона, Язэпа і Ёнату, а кожнаму падпарадкаваў тысячу пяцьсот ваяроў,
23 затым Элеазару загадаў чытаць святую кнігу і даць знак Божай дапамогі. Сам, як кіраўнік першай дружыны, ударыў Міканора.
24 І, атрымаўшы дапамогу ад Усемагутнага, забілі больш дзевяці тысяч ворагаў, ранілі ж ды скалечылі большую частку войска Міканора, усіх жа змусілі ўцякаць.
25 А грошы тых, што прыбылі, каб іх купляць, яны адабралі; і, паколькі гналіся за імі даволі доўга, вярнуліся, бо позняя была пара;
26 быў бо гэта дзень перад шабатам, дык таму не маглі гнацца за імі.
27 Сабраўшы ж па іх зброю і здабычу з ворагаў, святкавалі шабат, шчыра дзякуючы і славячы Госпада, што вызваліў іх ад няволі ў той дзень, пачынаючы аказваць ім Сваю міласэрнасць.
28 А пасля шабату частку здабычы раздзялілі між пакрыўджанымі: і ўдовамі, і сіротамі, — рэшту падзялілі між дзяцьмі.
29 Такім чынам, калі ўсё гэта зрабілі і наладзілі супольную малітву, малілі міласэрнага Бога, каб да Сваіх паслугачоў быў літасцівы заўжды.
30 І ў баях з ваярамі Ціматэя і Бакхіда забілі іх больш, чым дваццаць тысяч ды завалодалі высокімі ўмацаваннямі; багатую здабычу падзялілі на роўныя часткі: для саміх кіраўнікоў, для параненых, і для сірот, і для ўдоў ды яшчэ для старцаў.
31 І калі старанна сабралі іх зброю, усё склалі ў адпаведных месцах; а рэшту здабычы занеслі ў Ерузалім.
32 І Філарха іх, які быў з Ціматэем, чалавека найзлачыннейшага, які многа крыўды зрабіў юдэям, — забілі;
33 і ў час святкавання ўрачыстасці перамогі ў сваім бацькоўскім горадзе спалілі тых, што падклалі агонь пад браму святыні, і Калістэна, які схаваўся ў адным доме; і атрымаў ён заслужаную кару за сваю бязбожнасць.
34 А найбольш злачынны Міканор, які прывёў тысячу купцоў для продажу юдэяў,
35 пры дапамозе Госпада ўпакораны тымі, якіх лічыў за нішто, скінуўшы пышныя шаты і пад відам уцекача прайшоўшы пасярэдзіне земляў, дабраўся адзін у Антыёхію, перш за ўсё абезнадзеены гібеллю войска.
36 І той, хто абяцаў рымлянам заплаціць падатак з нявольнікаў з Ерузаліма, мусіў прызнаць, што юдэі маюць Абаронцу і таму юдэяў нельга перамагчы, бо падначальваюцца ўстаноўленым Ім законам.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Другая Кніга Макабэяў, 8 разьдзел

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь

Публікуецца з дазволу Міжканфесіянальнага хрысціянскага рэлігійнага брацтва
«Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь».
© 2017