Біблія » Пераклады » Пераклад Чарняўскага 2017

2 Макабэяў 6 2-я Макабэяў 6 разьдзел

1 Але праз невялікі час цар паслаў аднаго старога з Атэнаў, каб змушаў юдэяў адступаць ад законаў бацькоўскіх і не жыць па законах Божых;
2 таксама апаганіць святыню ў Ерузаліме і назваць яе імем Зеўса Алімпійскага, і святыню ў Гарызе з-за жыхароў таго месца мелі назваць імем Зеўса Гасціннага.
3 Найгоршым і для ўсіх цяжкім было нашэсце бед.
4 Бо святыня напаўнялася разбэшчана-сцю і банкетамі паганаў, якія распуснічалі з блудніцамі; і ў святых панадворках распуснічалі з жанчынамі, а апрача таго ўносілі ўнутр святыні тое, што нельга;
5 таксама ахвярнік быў напоўнены забароненым — тым, што не дазвалялася законамі.
6 І не пільнаваліся суботы ані адзначаліся бацькоўскія святы, ані нават ніхто не прызнаваўся, што з’яўляецца юдэем.
7 А ў кожны месяц, у дзень нараджэння цара, з нахабным прымусам вадзілі кожнага на ахвярапрынашэнне, і, калі святкавалі набажэнствы Дыёніса, змушалі ў плюшчавых вянках удзельнічаць у шэсці ў гонар Дыёніса.
8 А па намове Пталемея выдадзена было распараджэнне для суседніх гарадоў грэчаскіх, каб і самі яны адносна юдэяў падобна рабілі, каб учынялі яны ахвярапрынашэнні;
9 і каб каралі смерцю тых, хто не жадае перайсці да грэчаскіх звычаяў; такім чынам, з гэтага бачна вялікае няшчасце.
10 Дзве бо жанчыны абвінавачаны былі, што абрэзалі сваіх дзяцей; павесіўшы ім іх немаўлят на грудзі, абводзілі іх публічна па горадзе, а потым скінулі з муроў.
11 Іншыя ж схаваліся ў бліжэйшыя пячоры, каб тайна святкаваць шабат, а калі пра гэта было данесена Піліпу, былі яны спалены, бо баяліся дзейсна сабе дапамагчы дзеля ўшанавання самага святога дня.
12 А тых, якія будуць чытаць гэту кнігу, прашу, каб не палохаліся дзеля прыкрых выпадкаў, але хай лічаць, што тыя здзекі служаць не на загубу, але на настаўленне нашага роду.
13 Не даецца бо многа часу тым, што дзейнічаюць бязбожна, але адразу ж спасцігае іх кара, што ёсць знак вялікага дабрадзейства.
14 Не жадае бо Госпад дзейнічаць з намі так, як з іншымі народамі, да якіх адносіцца цярпліва, каб не караць іх, пакуль дасягнуць меры грахоў,
15 так і адносна нас вырашыў, каб караць нас пазней, калі нашы грахі перабяруць меру;
16 таму ж ніколі не спыняе Сваёй міласэрнасці адносна нас, хоць абвінавачвае праз пакуты, але ўсё ж такі не пакідае Свайго народа.
17 Але хай будзе гэта сказана, як напамінанне нам; пасля некалькіх гэтых слоў трэба вярнуцца да апавядання.
18 Нейкі Элеазар, адзін з першых кніжнікаў, чалавек, які ўжо дажыў да старасці, з тварам мілага выгляду, быў змушваны да таго, каб адкрыць вусны і спажываць свініну.
19 Ён, аднак, выбіраючы лепш слаўную смерць ад голаду, чым ганебнае жыццё, добраахвотна ішоў на смяротную кару,
20 ён жа плюнуў, як належыцца рабіць тым, якія рашыліся ўстаяць супраць таго, чаго з вялікай любові да жыцця нельга есці.
21 А тыя, што былі загадчыкамі бязбожнага ахвярапрынашэння, дзеля даўняга знаёмства з гэтым чалавекам, адазваўшы яго ў бок, прасілі, каб прынёс ён мяса і сам прыгатаваў усё, што можна яму есці, і каб прыкідваўся, што ён есць тое, што загадана царом, — мяса з ахвяр,
22 і каб, гэткім чынам паступіўшы, ён вызваліўся ад смерці, і каб дзеля даўняга з імі сяброўства атрымаў міласэрнасць.
23 Ён, аднак, прыняў дастойнае рашэнне — прынятае з годнасцю, і вартае яго веку, і высакароднасці яго старасці, і нажытай дастойнай сівізны, і найлепшага настаўлення ад дзіцячых гадоў, а перш за ўсё са святой і Богам дадзенай законнасцю, — і даў ім хуткі адказ, кажучы, каб яго аддалі на смерць.
24 «Ганебна бо ў нашыя гады прыкідвацца, каб многія юнакі думалі, што дзевяностагадовы Элеазар перайшоў у звычай чужынскі,
25 і каб яны дзеля майго прыкідвання і дзеля захавання кароткага і невялікага часу жыцця, мною былі ўведзены ў зман і каб я ганьбай і сорамам апаганіў сваю старасць.
26 Бо калі цяпер усцерагуся ад кары людзей, то з рук Усемагутнага ані жывы, ані памерлы не ўцяку.
27 Дык калі цяпер мужна закончу жыццё, акажуся годным сваёй старасці;
28 маладым жа пакіну прыгожы прыклад ахвотнай і пачэснай смерці за святыні і святыя законы». І, гэта сказаўшы, зараз жа пайшоў на смяротную кару;
29 тыя ж, хто яго праводзіў, дзеля сказаных ім слоў, змянілі міласэрнасць на гнеў, бо лічылі яго словы шалёнымі.
30 І, маючы пад ударамі паміраць, уздыхнуў ды сказаў: «Госпаду, Які мае святыя веды, вядома, што я мог вызваліцца ад смерці; лупцаваны, цярплю цяжкія болі на целе, але душа мая дзеля страху Божага церпіць іх з радасцю».
31 І такім чынам скончыў ён жыццё, а сваёю смерцю пакінуў ён не толькі для моладзі, але таксама для большасці народа прыклад мужнасці ды памяць дабрадзейнасці.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Другая Кніга Макабэяў, 6 разьдзел

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь

Публікуецца з дазволу Міжканфесіянальнага хрысціянскага рэлігійнага брацтва
«Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь».
© 2017