Біблія » Пераклады » Пераклад Чарняўскага 2017

2 Макабэяў 5 2-я Макабэяў 5 разьдзел

1 А каля гэтага часу Антыёх падрыхтаваў другі паход у Егіпет.
2 Здарылася ж, што над усім горадам амаль сорак дзён з’яўляліся коннікі, якія беглі ў паветры, апранутыя ў пазалочаныя шаты і ўзброеныя дзідамі, на ўзор кагорт, і з выцягнутымі мечамі,
3 і дружыны коннікаў у баявым парадку, і адбываліся напады і адступленні з абодвух бакоў, і ўзмахванні шчытамі ды лес дзідаў, і кіданне стрэл, і рдзенне залатых аздоб ды розных панцыраў.
4 Таму маліліся, каб гэта бачанне было знакам чагосьці добрага.
5 Але калі разышлася лжывая вестка, што быццам Антыёх памёр, дык Язон, падабраўшы сабе не менш тысячы ваяроў, неспадзявана напаў на горад; а калі тых, што былі на муры, змусілі ўцякаць, ды калі нарэшце здабылі горад, — Мэнелай уцёк у крэпасць.
6 Язон жа чыніў разню сваіх грамадзян, не шкадуючы нікога, не разумеючы, што поспех супраць сваякоў ёсць найбольшае паражэнне; а ён быў перакананы, што рабуе ворагаў, а не грамадзян.
7 І нават улады ён не дасягнуў, а атрымаў ганьбу ў канцы сваіх падкопаў ды зноў мусіў уцякаць да аманітаў.
8 Канцом яго ліхога жыцця было тое, што яго замкнулі ў Арэты, правіцеля арабаў, з аднаго горада ўцякаў ён у другі, гнаны ўсімі; зненавіджаны, як адступнік ад законаў, і пракляты, як кат бацькаўшчыны і землякоў, збег у Егіпет.
9 І той, што землякоў выгнаў з бацькаўшчыны, спыніў жыццё на чужой зямлі, ён прыбыў да лацэдэмонцаў, быццам дзякуючы сваяцтву мае надзею знайсці абарону;
10 і ён, пакінуўшы шмат людзей без пахавання, сам застаўся неаплаканы, і непахаваны, і без бацькоўскай грабніцы.
11 Калі ж вестка аб гэтых падзеях дайшла да цара, цар меў падазрэнне, што Юдэя ад саюзу адпала; і з-за гэтага пакінуў Егіпет, разлютаваўшыся ў душы, пры гэтым зброяй здабыў ён горад
12 і сваім ваярам загадаў забіваць напатканых, нікога не шкадуючы, ды марнаваць тых, што ўцякаюць у дамы.
13 Так адбывалася вынішчэнне маладых і старых, гібель жанчын і дзяцей, і мардаванне дзяўчын і немаўлят.
14 На працягу ж трох дзён пала восемдзесят тысяч: прычым сорак тысяч пала ў самім баі ад рук забойцаў, а не меней чым забітых было прададзеных у няволю.
15 Аднак ён, не задаволены гэтым, адважыўся ўвайсці ў найсвяцейшую ва ўсім свеце святыню, маючы за правадыра Мэнелая, адступніка ад законаў і здрадніка бацькаўшчыны,
16 паганымі рукамі беручы святыя пасудзіны, якія многімі царамі і гарадамі былі пакладзены на павелічэнне і славу гэтага месца і для яго ўшанавання, ён дакрануўся да іх паганымі рукамі.
17 Так Антыёх трыумфаваў у сваім перакананні, не ведаючы, што дзеля грахоў жыхароў горада разгневаўся надта Валадар; адсюль Яго абыякавасць да месца.
18 Калі б не дапусціліся яны многіх грахоў, то не інакш як Гэліёдар, якога цар Сэлеўк паслаў, каб агледзеў скарбоўню, таксама і ён, адразу, як прыйшоў, быў бы лупцаваны ды адштурхнуты ад свайго нахабства.
19 Але Госпад выбраў не для месца народ, а для народа — гэта месца.
20 Таму вось і само месца ўдзельнічала ў няшчасцях народа, а затым стала саюзнікам яго шчасця; і, пакінутае Усемагутным у гневе, зноў было вернута да поўнае свае славы, дзеля прымірэння Вялікага Уладара.
21 Такім чынам, Антыёх, прысвоіўшы з святыні тысячу восемсот талентаў, даволі хутка адбыў у Антыёхію, спадзеючыся ў сваёй пыхлівасці, што ён зямлю зробіць судаходнай, а мора — пешаходным.
22 Пакінуў жа ён і загадчыкаў, каб здзекаваліся з народа, а іменна: у Ерузаліме паставіў Піліпа, родам з Фрыгіі, дзікунскіх звычаяў, горшага за яго самога,
23 а ў Гарызе — Андраніка; акрамя іх яшчэ Мэнелая, горшага за іншых, хто выносіўся над грамадзянамі.
24 Паслаў жа кіраўніка місійцаў Апалонія з войскам, якое налічвала дваццаць дзве тысячы ваяроў, загадаўшы, каб забілі ўсіх дарослых мужчын, а жанчын і моладзь прадалі ў няволю.
25 Ён жа, калі прыбыў у Ерузалім, прыкінуўся, што прыносіць супакой ды быў міралюбны аж да святога дня шабату, і калі схапіў святкуючых юдэяў, тады загадаў сваім брацца за зброю;
26 і ўсіх, хто выйшаў на відовішча, замардаваў, і, напаўшы на горад з узброенымі ваярамі, вельмі многіх забіў.
27 А Юда Макабэй з дзесяццю іншымі выбраўся ў пустыню і, нібыта дзікія звяры, жыў у гарах са сваімі людзьмі; і харчаваліся травамі, каб толькі не спракудзіцца.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Другая Кніга Макабэяў, 5 разьдзел

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь

Публікуецца з дазволу Міжканфесіянальнага хрысціянскага рэлігійнага брацтва
«Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь».
© 2017