Біблія » Пераклады » Пераклад Чарняўскага 2017

2 Макабэяў 12 2-я Макабэяў 12 разьдзел

1 Пасля заканчэння дамоў Лісія направіўся да цара, юдэі ж заняліся земляробствам.
2 Але з мясцовых кіраўнікоў Ціматэй і Апалоній, сыны Генэя, а таксама Геранім і Дэмафон, а разам з імі таксама Міканор, кіраўнік кіпрыётаў, не дазвалялі ім адпачываць ды жыць спакойна.
3 Жыхары ж Ёпэ дапусціліся такога злачынства: папрасілі яны юдэяў, з якімі яны разам жылі, сесці са сваімі жонкамі і дзецьмі ў лодкі, раней імі прыгатаваныя, як быццам не маючы супраць іх нічога ліхога,
4 калі ж тыя згадзіліся, бо хацелі захаваць супакой ды нічога дрэннага не падазравалі, яны, дзейнічаючы згодна з агульным рашэннем горада, калі тыя былі далёка ад берага, патапілі іх у віры — не менш за дзвесце асоб.
5 Калі Юда даведаўся аб такой жудасці, дапушчанай супраць людзей яго народа, аб’явіў пра гэта быўшым з ім ды, прызваўшы Бога як справядлівага суддзю,
6 выбраўся ноччу супраць забойцаў сваіх братоў і нават падпаліў порт, спаліў лодкі, а тых, што там схаваліся, забіў мечам.
7 І калі тое месца было зачынена, ён адышоў, быццам з намерам ізноў прыйсці і забіць усіх жыхароў Ёпэ.
8 Але, даведаўшыся, што і жыхары Ямніі хацелі падобным спосабам зрабіць з юдэямі, што жывуць з імі,
9 напаў таксама на жыхароў Ямніі ноччу і падпаліў порт разам з флотам, так што водбліск пажару бачыць можна было аж у Ерузаліме — на адлегласці двухсот сарака стадый.
10 Калі яны ўжо адышлі адтуль на дзевяць стадый, накіроўваючыся супраць Ціматэя, напалі на яго арабы ў ліку не менш пяці тысяч пешых і пяцісот коннікаў.
11 І калі завязаўся люты бой, — а ваярам Юды за дапамогай Божай шанцавала, — дык пераможаныя качэўнікі прасіліся, каб Юда падаў ім правую руку, ды абяцалі даць ім пашы і іншым спосабам дапамагаць.
12 Юда ж, разумеючы, што сапраўды ў многім могуць быць ім карыснымі, згадзіўся заключыць з імі супакой; і, падаўшы правыя рукі, разышліся ў свае палаткі.
13 Яшчэ напаў ён на адзін горад з моцнымі мастамі, і акружаны мурамі, абжыты рознымі народамі, які называўся Каспін.
14 Тыя ж, што былі ўнутры, спадзеючыся на моцныя муры і запасы харчоў, адносіліся да ваяроў Юды зняважліва, блюзнілі, пракліналі і гаварылі, што не належала.
15 Ваяры ж Юды, прызваўшы Вялікага Валадара свету, Які без аблогавых таранаў і машын разваліў Ерыхон у часы Ешуа, з абурэннем пайшлі на муры,
16 і з волі Божай узяўшы горад, учынілі неапісальную сечу, так што возера, што было побач і мела шырыню дзве стадыі, здавалася поўным крыві, якая туды сцякала.
17 А адышлі яны адтуль на семсот пяцьдзесят стадый і падышлі да крэпасці Харака, да юдэяў, якіх называлі тубіянцамі.
18 І Ціматэя ў тых мясцовасцях не захапілі, бо пакінуў іх, нічога там не зрабіўшы, пакінуў толькі ў адным месцы вельмі вялікую варту.
19 А Дазітэй і Сасіпатр, кіраўнікі войска Макабэя, адправіліся і забілі пакінутых Ціматэем у крэпасці ваяроў болей за дзесяць тысяч.
20 І Макабэй, падзяліўшы сваё войска на дружыны, назначыў іх кіраўнікамі над дружынамі і ўдарыў на Ціматэя, які меў пры сабе сто дваццаць тысяч пешых і дзве тысячы пяцьсот коннікаў.
21 Калі ж Ціматэй даведаўся, што падыходзіць Юда, адаслаў жанчын, і дзяцей, і частку лагера, што засталася, на месца, названае Карніён; гэта бо ўмацаванне было непрыступнае, туды было цяжка падняцца з-за цеснаты месца.
22 І калі першая дружына Юды з’явілася, боязь ахапіла ворагаў, страх дзеля прысутнасці Таго, Які ўсё бачыць; кінуліся ўцякаць, адзін да аднаго скіроўваючыся, так што многа было паранена сваімі ваярамі ды забіта лязамі мечаў.
23 Юда ж пусціўся ў пагоню, здабываючы бязбожнікаў, і знішчыў каля трыццаці тысяч чалавек.
24 А сам Ціматэй, папаўшы ў рукі ваяроў Дазітэя і Сасіпатра, прасіўся, каб яго жывым адпусцілі, бо ён мае ў палоне як бацькоў многіх юдэяў, так і братоў другіх, і многа іх без яго апекі пагіне;
25 і ў многіх прамовах урачыста абавязаўся, што адашле іх без крыўды; вызвалілі яго дзеля збаўлення братоў.
26 А Юда адправіўся на Карніён і Этэргацыён, дзе забіў дваццаць пяць тысяч чалавек.
27 Па перамозе іх і поўным знішчэнні накіраваў войска таксама супраць умацаванага горада Эфрон, дзе пражывала многа розных народаў, і сталі там перад мурамі дужыя маладыя ваяры і мужна абараняліся, а ўнутры было многа асадных машын і кідальных прылад.
28 Але калі яны прызвалі Валадара, Хто моцай Сваёй ламае сілы ворагаў, авалодалі горадам і забілі тых, хто былі ўнутры, каля дваццаці пяці тысяч.
29 Выйшаўшы адтуль, прыбылі да горада скіфаў, які знаходзіўся на адлегласці шасцісот стадый ад Ерузаліма.
30 Па сведчанні юдэяў, якія там жылі, аб зычлівасці, з якою жыхары Скіфапаля адносіліся да іх, ды аб тым, як у цяжкія часы прыязна іх сустракалі,
31 то, дзякуючы ім, прасілі таксама, каб у будучым былі яны да іх народаў прыхільнымі, да Ерузаліма прыбылі яны з надыходам святочнага дня тыдняў.
32 Па свяце ж, званым Пяцідзесятніцай, пайшлі супраць Горгіі, кіраўніка Ідумэі.
33 А выступіў ён з трыма тысячамі пешых і чатырмастамі коннікамі.
34 Калі дайшло да бою, аказалася, што загінула невялікая колькасць юдэяў.
35 А Дазітэй, адзін з ваяроў, якія былі пад камандай Бацэнора, коннік, чалавек дужы, схапіў Горгію і, трымаючы за хламіду, цягнуў яго з вялікай сілай; і калі хацеў яго захапіць жывым, адзін паміж тракійскіх коннікаў кінуўся на яго і адсек яму руку, і Горгія ўцёк у Марэсу.
36 Калі, аднак, тыя, што былі з Эздрынам, даволі доўгі час ваявалі ды былі змучаны, Юда прызваў Госпада, Успаможцу і Кіраўніка ў баі,
37 затым, спяваючы ўголас гімны на бацькоўскай мове, ён крыкнуў ды кінуўся неспадзявана на ваяроў Горгіі і змусіў іх уцякаць.
38 А Юда, сабраўшы войска, прыйшоў у горад Адолу, і як падышоў сёмы дзень, паводле звычаю ачысціліся і ў тым жа месцы адсвяткавалі суботу.
39 І ў наступны дзень прыйшлі тыя, хто быў з Юдам; у той час, у які патрабавалася, ваяры Юды прыйшлі забраць целы тых, якія палі, ды пахаваць разам са сваякамі ў сямейных грабніцах.
40 У кожнага ж забітага пад тунікай знайшлі пасвячоныя ідалам, што былі ў Ямніі, рэчы, якія закон забараняе юдэям. Дык сталася ўсім ясна, дзеля чаго яны пагінулі.
41 Такім чынам, усе дабраславілі Госпада, справядлівага Суддзю, Які справы скрытыя робіць яўнымі,
42 потым звярнуліся да малітвы і малілі, каб тое дапушчанае было цалкам забытае. А наймужнейшы Юда напомніў народу, каб сцераглі сябе ад граху, маючы перад вачамі тое, што сталася дзеля граху тых, што пагінулі.
43 І наладзіў ён ахвяраванне па ліку мужчын з дзвюх тысяч срэбраных драхм, і паслаў у Ерузалім, каб ускласці ў ахвяру за грахі, вельмі добра і высакародна думаючы аб паўстанні з памерлых.
44 Бо калі б не спадзяваўся, што тыя, пазабіваныя, уваскрэснуць, дык пустой і недарэчнай справай было б маліцца за памерлых.
45 Затым ён убачыў, што тыя, якія прынялі супакой з пабожнасцю, мелі найлепшы прыгатаваны дар ласкі —
46 святую і пабожную думку. Таму ўчыніў за памерлых уміласціўляльную ахвяру, каб былі вызвалены ад граху.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Другая Кніга Макабэяў, 12 разьдзел

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь

Публікуецца з дазволу Міжканфесіянальнага хрысціянскага рэлігійнага брацтва
«Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь».
© 2017