Біблія » Пераклады » Пераклад Чарняўскага 2017

2 Макабэяў 7 2-я Макабэяў 7 разьдзел

1 Аднойчы царом былі схоплены сем братоў разам з маці; ён іх змушаў, б’ючы скарпіёнамі і бізунамі, есці свініну, забароненую законам.
2 Адзін жа з іх, прамаўляючы першым, прамовіў так, кажучы: «Пра што хочаш пытацца і пра што жадаеш даведацца ад нас? Гатовыя мы лепш памерці, чым парушыць бацькоўскія законы».
3 Такім чынам, разгневаўся цар і загадаў нагрэць патэльні і катлы.
4 Як толькі нагрэліся, загадаў таму, хто першы з іх прамаўляў, адрэзаць язык і здзёрці скуру з галавы, а таксама адсячы яму рукі і ногі на віду астатніх яго братоў і маці.
5 І калі ён быў ужо цалкам бездапа-можны, загадаў прысунуць яго да агню, бо яшчэ дыхаў, ды смажыць на патэльні. Калі ж ад патэльні разышоўся пар, іншыя браты разам з маці заахвочваліся ўзаемна мужна ўміраць, казалі яны так:
6 «Госпад Бог бачыць і сапраўды мае літасць да нас, згодна з тым, што прадказаў Майсей у песні, якая выразна аб гэтым сведчыць: “І будзе мець літасць да Сваіх паслугачоў”».
7 Такім чынам, калі той першы такім спосабам спыніў жыццё, прывялі другога для насмешкі; і, калі сцягнулі яму скуру з галавы разам з валасамі, пыталі яго, ці будзе ён есці, пакуль усё цела, член за членам, будзе карацца.
8 Ён жа адказаў бацькоўскаю моваю: «Не буду есці». Таму і ён наступны прыняў мукі, як і першы.
9 І на апошнім уздыху так сказаў: «Ты ж, злачынца, гэтага жыцця нас пазбаўляеш, але Валадар Сусвету нас, аддаўшых жыццё за Яго законы, уваскрэсіць да вечнага жыцця».
10 Па гэтым і трэці быў замучаны; і на патрабаванне — зараз выставіў язык, і рукі выцягнуў без страху,
11 і мужна сказаў: «З неба іх атрымаў і дзеля яго законаў адцураюся ад іх, і ведаю, што з неба зноў іх атрымаю», —
12 так што сам цар ды ўсё яго акружэнне захапляліся адвагаю юнака, за нішто маючага мучэнні.
13 Калі ўжо і гэты спыніў жыццё, такім самым мучэнням аддадзены быў чацвёрты;
14 і, канаючы, сказаў ён: «Лепш нам, якія трацім жыццё ад чалавечых рук, у Богу пакладаць надзею, што зноў Ім будзем уваскрэшаны; для цябе бо не будзе ўваскрэшання да жыцця».
15 І далей, калі вялі пятага, мучылі яго;
16 а ён, углядаючыся ў яго, сказаў: «Смяротны ты, хоць маеш уладу над людзьмі і робіш што хочаш; не думай, аднак, што наш народ пакінуты Богам;
17 ты ж пачакай, і ўбачыш вялікую моц Яго, як цябе ды тваё патомства будзе мучыць».
18 Па гэтым прыведзены быў шосты, і ён, паміраючы, сказаў: «Не памыляйся надарма! Мы бо церпім гэта за саміх сябе, бо зграшылі супраць нашага Бога і прыйшлі на нас такія надзвычайныя няшчасці;
19 ты ж не думай, што застанешся непакараны, што насмеліўся ваяваць з Богам».
20 Найболей жа дастойная здзіўлення і славутай памяці сама маці, якая, назіраючы на працягу часу аднаго дня смерць сямі сыноў, пераносіла гэта мужна, бо надзею ўскладала на Госпада.
21 Поўная высакароднага разумення і падбадзёрваючы матчыным настаўленнем мужчынскую адвагу, кожнага з іх заахвочвала, на роднай мове кажучы ім:
22 «Не ведаю, як вы знайшліся ў маім улонні, не я дала вам дыхаць і жыць, і не я размерала члены цела ў кожнага з вас;
23 але ж Творца Сусвету — Той, Хто ўтварыў нараджэнне чалавека і Хто даў існаваць усяму, у Сваёй міласэрнасці зноў верне вам дух і жыццё, таму што вы пагардзілі сабою цяпер дзеля Яго закону».
24 Антыёх жа падумаў, што ім пагарджаюць, і ў гэтых словах падазраваў знявагу, калі самага маладзейшага, які яшчэ заставаўся, угаворваў не толькі словамі, але і клятвай сцвярджаў, што, калі ён адвернецца ад бацькоўскіх законаў, зробіць яго багатым і шчаслівым, і нават будзе мець яго прыяцелем ды даручыць яму пачэсную службу.
25 Калі ж юнак не звярнуў на гэта ніякай увагі, цар паклікаў маці і ўгаворваў яе, каб пераканала юнака на збаўленне.
26 Пасля доўгіх яго намоў яна згадзілася ўгаворваць сына.
27 Такім чынам, нахілілася над ім, высмейваючы жудаснага тырана, так сказала на бацькоўскай мове: «Сыне, злітуйся нада мной, якая дзевяць месяцаў насіла цябе ва ўлонні, і тры гады паіла цябе сваім малаком, і карміла цябе, і да гэтых гадоў вырасціла і выгадавала цябе.
28 Малю цябе, дзіцятка, глянь на неба і на зямлю, і на тое, што на іх, бачачы ўсё, пазнай, што не з таго, што было, стварыў гэта Бог; ды што так узнік і род чалавечы.
29 Не бойся гэтага ката, але будзь дастойны братоў тваіх і прымі смерць, каб у час літасці вярнула цябе я разам з братамі тваімі».
30 Калі яна прадаўжала гаварыць, юнак сказаў: «Чаго вы чакаеце? Я не слухаюся загаду цара, але слухаюся загаду закону, дадзенага бацькам нашым Майсеем.
31 Ты ж — вынаходца ўсякай бяды адносна гебраяў, не выкруцішся з рукі Божай.
32 Мы бо за грахі нашы церпім гэта;
33 і калі гэты жывы Валадар наш загневаўся на нас троху, каб на нас наракаць і нас абвінаваціць, то зноў злітуецца над паслугачамі Сваімі.
34 Ты ж, забойца і паміж усіх людзей найпаганейшы, не падымайся залішне, пакладаючыся на падманныя надзеі, не паднімай рукі на дзяцей неба;
35 ты бо яшчэ не ўцёк ад суда Усемагутнага Бога, Які ўсё бачыць.
36 Браты бо нашы, працярпеўшы цяпер кароткае мучэнне, па запавеце Божым атрымалі жыццё вечнае, а ты па судзе Божым атрымаеш справядлівую кару за сваю пыхлівасць.
37 Я ж, як і браты мае, за бацькоўскія законы аддаю і цела, і душу, просячы Бога, каб як хутчэй злітаваўся над нашым народам, і каб цябе бізунамі і мукамі змусіў прызнаць, што Ён адзіны Бог;
38 на мне ж і на братах маіх спыніўся гнеў Усемагутнага, які справядліва спасцігнуў увесь наш народ».
39 Тады цар, узлаваўшыся, загадаў аддаць яго пакутам, страшнейшым за іншыя, абураючыся, што той абсмяяў яго.
40 Вось так жа і гэты закончыў, чысты, упэўнены ў Госпадзе адносна ўсяго.
41 Пасля сыноў жа і маці апошняя была замучана.
42 Такім чынам, хопіць таго, што сказана пра ахвяры ідалам і жудасныя мучэнні.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Другая Кніга Макабэяў, 7 разьдзел

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь

Публікуецца з дазволу Міжканфесіянальнага хрысціянскага рэлігійнага брацтва
«Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь».
© 2017