Біблія » Пераклады » Пераклад Чарняўскага 2017

2 Макабэяў 14 2-я Макабэяў 14 разьдзел

1 Але пасля трох гадоў дайшла да Юды вестка, што Дэмэтрый, сын Сэлеўка, прыплыў у порт Трыпаліса з моцным войскам і флотам,
2 што завалодаў краем, забіўшы Антыёха і паверанага яго Лісію.
3 А нейкі Альцым, які раней быў першасвятаром, але сам добраахвотна зняславіў сябе ў час забурэння і ведаў, што ніякім чынам няма для яго збаўлення або паўторнага доступу да святога ахвярніка,
4 накіраваўся ў сто пяцьдзесят першым годе да цара, прыносячы яму залаты вянец і пальмавую галінку, а потым і аліўкавыя галінкі, якія ўжываюцца ў святыні; і з таго дня ён не распачаў больш нічога.
5 Адпаведны ж час знайшоў для выяўлення сваёй дурасці, калі яго пазваў Дэмэтрый на сход рады і запытаўся, які настрой і намеры маюцца ў юдэяў,
6 на што ён адказаў: «Тыя паміж юдэяў, што называюцца асідэйцы, якіх узначальвае Юда Макабэй, узбуджаюць войны і выклікаюць неспакой, і не даюць царству жыць у супакоі.
7 Таму я пазбаўлены славы бацькоў, — а гавару я аб першасвятарстве — сюды зараз прыбываю,
8 перш, папраўдзе, шчыра маючы справы цара на ўвазе, потым жа — з парадаю таксама дзеля грамадзян сваіх; бо неразважнасць вышэй нагаданых людзей нямала шкодзіць усяму нашаму народу.
9 Але калі кожную з гэтых спраў пазнаў ты, цару, дык зваж на наш край і на прыгнечаны народ з відавочнай усім спагаднасцю;
10 бо пакуль застаецца Юда, не можа быць спакойна».
11 Калі ж гэта было сказана ім, дык зараз жа іншыя прыяцелі цара, варожа настроеныя супраць Юды, яшчэ болей падбухторылі Дэмэтрыя.
12 Ён у тую ж хвіліну выбраў Міканора, які быў загадчыкам над сланамі, і, назначыўшы яго кіраўніком Юдэі, паслаў яго,
13 загадаўшы, каб нават самога Юду забіў; а тых, што з ім былі, — разагнаў і Альцыма назначыў першасвятаром найвялікшай святыні.
14 Пагане, жыхары Юдэі, якія калісьці ўцяклі ад Юды, вялікай грамадой злучыліся з Міканорам. Яны ўважалі, што беды і няшчасці юдэяў стануцца для іх памыснасцю.
15 Дык юдэі, пачуўшы аб паходзе Міканора і аб далучэнні да яго паганаў, пасыпалі сабе галовы зямлёю і прасілі Таго, Хто навечна ўстанавіў народ Свой, ды Хто відавочнымі знакамі заступаецца за Свой удзел.
16 А па загадзе кіраўніка зараз адышлі адтуль і сустрэліся з імі ў пасяленні дэсаў.
17 Сімон жа, брат Юды, уступіў у бой з Міканорам, але дзеля раптоўнага ўдару праціўнікаў, пацярпеў вялікае паражэнне.
18 Дарэчы, Міканор, чуючы, якую мужнасць мелі ваяры Юды ды з якою велікадушнасцю ваявалі за бацькаўшчыну, баяўся кровапраліццем рашаць справу.
19 Дзеля таго паслаў Пасідонія, Тэадота і Мататыю, каб падалі правыя рукі і ад іх атрымалі супакой.
20 І пасля доўгае нарады пра гэта і калі сам кіраўнік аб’явіў гэта ваярам, выявілася аднадушная думка ды ўсе згадзіліся на мірныя перамовы.
21 Такім чынам, назначылі дзень, у які спаткаюцца яны тайна на адным месцы; і з абодвух бакоў рушылі калясніцы і на іх сядалішчы;
22 Юда ў прыдатных месцах паставіў узброеных ваяроў, каб былі гатовы на выпадак, калі з боку непрыяцеляў часам нечакана адбудзецца штосьці дрэннае; і правялі яны адпаведныя перамовы.
23 Міканор пабываў у Ерузаліме і нічога ліхога не прычыніў, і выдаліў сабраныя пры ім вялікія натоўпы людзей.
24 Меў жа Юду заўжды на віду і ад душы спагадаў яму.
25 Папрасіў яго, каб ажаніўся і займеў дзяцей.
26 Альцым жа, бачачы ўзаемную іх зычлівасць ды заключаныя ўмовы, накіраваўся да Дэмэтрыя і казаў, што Міканор варожа пастаўляецца адносна дзяржавы, бо Юду, ворага яго царства, назначыў сваім саюзнікам.
27 Такім чынам, разгневаны і раздражнёны паклёпамі гэтага ліхотніка, цар напісаў Міканору, выяўляючы незадавальненне адносна дагавораў і загадваючы, каб скаванага Юду Макабэя хутчэй даставіў у Антыёхію.
28 Калі даведаўся пра гэта Міканор, вельмі ўстрывожыўся і быў засмучаны, бо не хацеў зневажаць перамовы з чалавекам, які ні ў чым не парушыў справядлівасці;
29 але ўсё ж такі цару не мог супрацівіцца, дык чакаў зручнай магчымасці, каб умела вырашыць гэтую справу.
30 Макабэй жа заўважыў, што Міканор абыходзіцца з ім больш жорстка і што пры звычайных сустрэчах паводзіць сябе больш груба, ды пераканаўся, што з гэтай жорсткасці нічога добрага не выйдзе, і, сабраўшы нямногіх сваіх ваяроў, скрыўся ад Міканора.
31 Калі той даведаўся, што Юда адважна перавысіў яго хітрасцю, прыйшоў у самы вялікі і святы храм — святыню — тады, калі святары складалі звычайныя ахвяры ды загадаў выдаць яму гэтага чалавека.
32 Калі яны, складаючы прысягу, заявілі, што не ведаюць, дзе знаходзіцца той, каго яны шукаюць,
33 то ён, выцягнуўшы правую руку ў бок святыні, так пакляўся: «Калі не выдадзіце мне Юду ў кайданах, то зраўную гэту святыню Божую з зямлёй і развярну ахвярнік, а на гэтым месцы пабудую прыгожы храм Дыёнісу».
34 І, гэта сказаўшы, адышоў. Святары ж, выцягнуўшы рукі да неба, прызывалі Таго, Хто заўсёды ваяваў за Свой народ, гэтымі словамі:
35 «Ты, Госпадзе Сусвету, Які нічога не патрабуеш, захацеў, каб святыня прабывання Твайго заставалася між нас,
36 ды цяпер, Святы, Госпадзе ўсяе святасці, захавай навек неспаганеным дом гэты, які нядаўна быў ачышчаны».
37 Міканору ж было данесена, што нейкі Разіс, са старэйшын Ерузалімскіх, з’яўляецца ўмілаваным у горадзе і мае вялікую славу, і дзеля сваёй дабраты названы бацькам Юдэі,
38 бо ў час ранейшых забурэнняў быў праследаваны за юдаізм, і безупынна выстаўляў цела і душу на небяспеку з-за юдаізму.
39 А Міканор, хочучы наяўна паказаць нянавісць, якую мае да юдэяў, паслаў больш пяцісот ваяроў, каб схапіць яго;
40 бо не сумняваўся, што калі яго зловіць, дык нанясе ім паражэнне вялікае.
41 А калі натоўп хацеў захапіць вежу і сілаю выламаць дзверы панадворка, і прытым быў дадзены загад падкласці агонь і спаліць дзверы, Разіс, акружаны з усіх бакоў, проціў самога сябе накіраваў меч,
42 жадаючы лепш высакародным спосабам памерці, чым папасціся ў рукі злачынцаў ды спаганіць сваю годнасць знявагамі ганебнымі.
43 Але калі ўдар з-за паспешнасці барацьбы аказаўся недакладны і натоўп урываўся ўжо ў дзверы, то ён адважна ўзбег на мур і з мура мужна кінуўся ўніз на натоўп людзей;
44 калі яны хутка разбегліся, пакідаючы пустое месца, ён упаў на сярэдіну, на пустое месца.
45 І калі дыхаў яшчэ і гарэў абурэннем, падняўся, хоць кроў з яго цякла ракою і раны балелі, прабег праз натоўп людзей і спыніўся на адной стромкай скале.
46 Цалкам ужо сышоўшы крывёю, вырваў вантробы і, схапіўшы іх абедзвюма рукамі, кінуў іх на людзей, прызываючы Гаспадара жыцця і духа, каб Ён яму зноў даў жыццё, і так закончыў жыццё.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Другая Кніга Макабэяў, 14 разьдзел

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь

Публікуецца з дазволу Міжканфесіянальнага хрысціянскага рэлігійнага брацтва
«Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь».
© 2017