Біблія » Пераклады » Пераклад Чарняўскага 2017

2 Макабэяў 10 2-я Макабэяў 10 разьдзел

1 Макабэй жа і што з ім былі пад апекай Госпада здабылі святыню і горад;
2 але развярнулі чужынцамі пастаўленыя на плошчы ахвярнікі і такім жа чынам знішчылі капішчы,
3 і пасля ачышчэння святыні пабудавалі новы ахвярнік, і, выкрасаўшы агонь з камянёў і ўзяўшы той агонь, усклалі ахвяры па двух гадах перапынку, і кадзілі фіміям, і запалілі каганцы, ды зрабілі хлябы пакладання.
4 А зрабіўшы ўсё гэта, упалі ўсім целам перад Госпадам і папрасілі Госпада, каб не пападаць ім больш у такія няшчасці, але, і калі саграшаць, хай карае іх памяркоўна, і не выдае іх блюзнерцам і народам паганскім.
5 А ў той дзень, у які святыня была чужынцамі спаганена, выпала ў той жа дзень ачышчэнне святыні — дваццаць пятага дня гэтага месяца, гэта значыць, Каслева.
6 І ўрачыстасць святкавалі з радасцю восем дзён на ўзор свята Палатак, прыпамінаючы, як нядаўна свята Палатак святкавалі ў гарах і ў пячорах, на спосаб дзікіх звяроў.
7 Таму — з тырсамі і зялёнымі галінкамі дый яшчэ з пальмавымі галінкамі ў руках спявалі гімны Таму, Хто дазволіў ім шчасліва ачысціць іх месца.
8 І супольным загадам і абяцаннем рашылі, што ўвесь народ юдэйскі штогод будзе ўрачыста святкаваць гэтыя дні.
9 Так склаліся падзеі пасля смерці Антыёха, званага Эпіфанам.
10 Цяпер жа раскажам аб падзеях з Антыёхам Эўпатарам, сынам таго бязбожніка, будзем расказваць коратка пра беды, звязаныя з войнамі.
11 Ён бо, прыняўшы царства, даручыў кіраваць справамі царства нейкаму Лісію, галоўнаму кіраўніку Цэлесірыі і Фэніцыі.
12 Бо Пталемей, называны Макронам, лічыў за лепшае справядліва адносіцца да юдэяў, дзеля несправядлівасці, якую ім спрычыняў, і ў справах адносна іх імкнуўся абыходзіцца з імі міралюбна.
13 Таму прыяцелямі быў абвінавачаны перад Эўпатарам, паколькі часта чуў, што ён здраднік, таму што ён пакінуў даручаны яму Філамэтарам Кіпр, а перайшоў да Антыёха Эпіфана, і калі ён не мог дастойна далей спраўляць пачэсную ўладу, скончыў жыццё, ужыўшы атруту.
14 А калі Горгія быў кіраўніком тых земляў, ён трымаў наёмнае войска і бесперапынна правакаваў вайну супраць юдэяў.
15 Разам з ім і ідумейцы, маючы ў прыдатных мясцовасцях умацаванні, непакоілі юдэяў, і, прымаючы ўцекачоў з Ерузаліма, стараліся дакучаць вайной.
16 Тыя ж, што былі з Макабэем, адправіўшы маленні і папрасіўшы Бога, каб дапамагаў ім, учынілі нашэсце на ідумейскія ўмацаванні;
17 напаўшы на іх мужна, апанавалі гэтыя месцы ды выгналі ўсіх, што ваявалі на мурах; тых жа, што трапілі ў іх рукі, забілі, і знішчылі яны не менш дваццаці тысяч чалавек.
18 А некаторыя — не менш дзевяці тысяч — уцяклі ў дзве добра ўмацаваныя вежы, якія мелі ўсё, патрэбнае для абароны.
19 Дык Макабэй пакінуў Сімона і Язэпа ды яшчэ Захэя, і з ім даволі вялікую колькасць ваяроў да аблогі іх, сам жа накіраваўся ў тыя мясцовасці, якія яны больш цяснілі.
20 Тыя ж, што з Сімонам былі, сквапныя былі на грошы, ды некаторыя, што ў вежах былі, далі перакупіць іх грашыма, і, узяўшы семдзесят тысяч драхм, дазволілі некаторым уцячы.
21 Калі ж сталася, што аб гэтым паведамілі Макабэю, ён, сабраўшы кіраўнікоў народа, абвінаваціў тых, што за грошы прадалі братоў, адпусціўшы праціўнікаў іх.
22 Такім чынам, гэтых людзей, што сталі здраднікамі, загадаў забіць і зараз жа здабыў абедзве вежы.
23 Дзейнічаючы са зброяй у руках, паспяхова ў дзвюх вежах забіў болей дваццаці тысяч.
24 Ціматэй, пераможаны раней юдэямі, сабраўшы надта вялікую колькасць наёмнага войска і арганізаваўшы конніцу з азійцаў, прыбыў у Юдэю, як быццам меў намер заваяваць яе сілаю.
25 Калі ён набліжаўся, тыя, што былі з Макабэем, каб упрасіць Бога, пасыпалі зямлёю галовы і падперазалі сцёгны зрэбніцамі,
26 упалі перад падножжам ахвярніка і прасілі Бога, каб быў Ён да іх спагадны, а для ворагаў каб быў Ён ворагам, ды каб маглі процістаяць тым, якія ішлі супраць іх, як абвяшчае закон.
27 Пасля малення схапіўшыся за зброю, выйшлі далей за горад і, калі ўжо былі блізка да ворага, воддаль стрымаліся.
28 А ледзь пачало днець, рынуліся адны на адных: адны ж ішлі з мужнасцю, маючы як залог поспеху і перамогі прытулак у Госпадзе, другія ж — пакладаючыся на кіраўніка бою.
29 Але калі разгарэўся люты бой, праціўнікам на небе паказалася пяць коннікаў, упрыгожаных залатою збруяю, якія спыніліся наперадзе кіраўнікоў юдэяў;
30 іх два чалавекі ўзялі яго між сабой, засланілі яго сваёй зброяй ды сцераглі яго ад раненняў, а на праціўнікаў кідалі стрэлы і перуны, з-за чаго яны, паражоныя слепатой, разбегліся ў вялікім страху.
31 Забітых жа было дваццаць тысяч пяцьсот, а коннікаў — шэсцьсот.
32 Сам Ціматэй уцёк да найлепш умацаванай крэпасці, што завецца Газарай, дзе кіраўніком быў Харэя.
33 А людзі Макабэяў з радасці асадзілі крэпасць на чатыры дні.
34 Тыя ж, што былі ўнутры, спадзеючыся на тое, што месца ўмацавана надзвычайна, блюзнілі і гаварылі бязбожныя словы;
35 але на досвітку пятага дня дваццаць юнакоў з акружэння Макабэя, узгарэўшыся гневам дзеля блюзнерства, дзёрзка ўзабраліся на мур ды са звярынай лютасцю забівалі кожнага, хто пападаўся ім.
36 Але падобна іншыя з другога боку кінуліся на тых, што былі ўнутры, падпальвалі вежы і, падклаўшы агонь, іх, блюзнерцаў, жывых спальвалі; іншыя ж праломлівалі брамы і, упусціўшы рэшту дружыны, здабылі горад;
37 і Ціматэя, які схаваўся ў нейкай яме, забілі, як і брата яго Харэю, і Апалафана.
38 Пасля здзяйснення гэтага, з гімнамі і песнямі падзякі дабраслаўлялі Госпада, Які велікадушна спагадаў Ізраэлю ды даваў ім перамогу.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Другая Кніга Макабэяў, 10 разьдзел

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь

Публікуецца з дазволу Міжканфесіянальнага хрысціянскага рэлігійнага брацтва
«Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь».
© 2017