Біблія » Пераклады » Пераклад Чарняўскага 2017

Марка 1 Паводле Марка 1 разьдзел

1 Пачатак Евангелля Ісуса Хрыста, Сына Божага.
2 Як напісана ў Ісаі прарока: «Вось жа, Я пасылаю Анёла Майго перад абліччам Тваім, які прыгатуе дарогу Тваю перад Табой.
3 Голас таго, хто кліча ў пустыні: “Прыгатуйце дарогу Госпаду, прастуйце сцежкі Яму”».
4 З’явіўся Ян у пустыні, хрысцячы і абвяшчаючы хрост навяртання дзеля адпушчэння грахоў.
5 І прыходзіла да яго ўся краіна Юдэйская і ўсе ерузалімцы, і, вызнаючы грахі свае, былі ім хрышчаны ў рацэ Ярдан.
6 Ян жа быў апрануты ў вярблюджы волас ды падпяразаны скураной дзяжкай па сваіх сцёгнах і еў саранчу і дзікі мёд.
7 І навучаў ён, кажучы: «Ідзе за мной дужэйшы за мяне, Якому я не варты, пакланіўшыся, развязаць рамень пасталоў Яго.
8 Я хрышчу вас вадой, а Ён будзе хрысціць вас Духам Святым».
9 І сталася: у тыя дні прыйшоў Ісус з Назарэта Галілейскага і быў ахрышчаны Янам у Ярдане.
10 І, як толькі выходзіў з вады, убачыў адкрытыя нябёсы ды Духа, як голуба, што сыходзіў на Яго.
11 І азваўся голас з неба: «Ты — Сын Мой улюбёны, упадабаў Я Цябе».
12 І зараз вядзе Яго Дух у пустыню.
13 І Ён прабыў у пустыні сорак дзён, і выпрабоўваўся шатанам; і жыў побач са звярамі, і анёлы паслугавалі Яму.
14 А пасля таго, як Ян быў узяты, прыбыў Ісус у Галілею, прапаведуючы добрую вестку Валадарства Божага
15 і кажучы: «Споўніўся час, і наблізілася Валадарства Божае. Навярніцеся і верце Евангеллю!»
16 І, праходзячы каля мора Галілейскага, убачыў Сімона і брата яго Андрэя, што закідалі сеткі ў мора; бо былі яны рыбаловамі.
17 І сказаў ім Ісус: «Ідзіце за Мной, і Я зраблю вас лаўцамі людзей».
18 І адразу, пакінуўшы сеткі свае, яны пайшлі за Ім следам.
19 І, адышоўшыся адтуль недалёка, убачыў Якуба Зебядзеева і Яна, брата яго, калі яны парадкавалі сеткі свае ў лодцы.
20 І зараз паклікаў іх. І яны, пакінуўшы ў лодцы бацьку свайго Зебядзея з нанятымі работнікамі, пайшлі за Ім.
21 І ўваходзяць у Кафарнаўм. І адразу ў суботу, увайшоўшы ў сінагогу, стаў навучаць.
22 І ўсе дзівіліся з Яго навукі, бо вучыў іх, як Той, Хто мае ўладу, а не як кніжнікі.
23 І акурат у сінагозе быў чалавек, апанаваны духам нячыстым, і крычаў,
24 кажучы: «Што Табе да нас, Ісус з Назарэта? Прыйшоў загубіць нас? Ведаю, Хто Ты: Святы Божы».
25 Але прыгразіў яму Ісус, кажучы: «Замаўчы і выйдзі з яго!»
26 І нячысты дух, скалануўшы яго і крычучы моцным голасам, выйшаў з яго.
27 І задзівіліся ўсе, ды пыталіся адзін аднаго, кажучы: «Што гэта такое? Ды што за навука гэта новая з уладаю, што загадвае нячыстым духам, і яны слухаюцца Яго?»
28 І хутка разышлася чутка пра Яго па ўсёй Галілейскай краіне.
29 І адразу, выйшаўшы з сінагогі, прыбылі з Якубам і Янам ў дом Сімона і Андрэя.
30 Цешча ж Сімона ляжала ў гарачцы, і адразу кажуць Яму пра яе.
31 І, падышоўшы, Ісус падняў яе, узяўшы за руку, і [адразу] пакінула яе гарачка, і яна паслугавала ім.
32 А калі сонца ўжо зайшло і настаў вечар, прыносілі да Яго ўсіх нямоглых і апанаваных дэманамі;
33 і так увесь горад сабраўся перад дзвярамі.
34 І аздаравіў многіх, якіх розныя хваробы мучылі, і многіх дэманаў выгнаў, ды не дазваляў дэманам гаварыць, што яны ведалі Яго.
35 І досвіткам, вельмі рана ўстаўшы, выйшаў і падаўся ў пустыннае месца і там маліўся.
36 Сімон жа ды тыя, што з Ім былі, пайшлі за Ім.
37 І, калі знайшлі Яго, кажуць Яму: «Усе Цябе шукаюць».
38 А Ён кажа ім: «Пойдзем у бліжэйшыя паселішчы, каб і там вясціць; бо Я дзеля таго прыйшоў».
39 Ды навучаў у сінагогах па ўсёй Галілеі і выганяў дэманаў.
40 І прыступіўся да Яго пракажоны, і маліў Яго, упаўшы на калені, кажучы Яму: «Калі хочаш, можаш мяне ачысціць».
41 І Ісус пашкадаваў яго, і, працягнуўшы руку Сваю, дакрануўся да яго, і гаворыць яму: «Хачу, будзь ачышчаны».
42 І, калі Ён сказаў, адразу сышла з яго праказа, і ён ачысціўся.
43 І, пагразіўшы яму, адправіў яго адразу,
44 кажучы: «Глядзі, нікому нічога не кажы, але ідзі, пакажыся святару і за ачышчэнне сваё складзі ахвяру, як загадаў Майсей на сведчанне ім».
45 Але ён, адышоўшы, пачаў шмат распавядаць ды шырыць слаўную чутку так, што ўжо Ён не мог адкрыта пайсці ў горад, але быў звонку ў бязлюдных мясцінах. І адусюль сыходзіліся да Яго.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Евангелле паводле Марка, 1 разьдзел

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь

Публікуецца з дазволу Міжканфесіянальнага хрысціянскага рэлігійнага брацтва
«Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь».
© 2017