Біблія » Пераклады » Пераклад Чарняўскага 2017

Марка 4 Паводле Марка 4 разьдзел

1 І зноў пачаў навучаць каля мора. І, вось, сабраўся вакол Яго велізарны натоўп, так што Ён, увайшоўшы ў лодку, сядзеў на моры, а ўвесь натоўп стаяў на беразе каля мора.
2 І навучаў іх многаму ў прыпавесцях, і казаў ім у Сваёй навуцы:
3 «Слухайце. Вось, выйшаў сейбіт на сяўбу.
4 І сталася, калі сеяў, адно ўпала пры дарозе, і наляцелі птушкі, і падзяўблі яго.
5 Другое ўпала на камяністае месца, дзе не было шмат зямлі, і хутка ўзышло, бо глеба была неглыбокая;
6 і, калі паднялося сонца, звяла, бо не мела карэнняў, і высахла.
7 А іншае ўпала ў церні, і выраслі церні ды заглушылі яго, і не дало яно плода.
8 Яшчэ іншае ўпала на добрую зямлю і дало плод: узышло, і вырасла, і ўрадзіла: адно трыццаць, другое шэсцьдзясят, трэцяе сто».
9 І казаў ім: «Хто мае вушы, каб слухаць, хай слухае».
10 І, калі Ён застаўся адзін, тыя, што разам з дванаццаццю з Ім былі, пыталіся ў Яго адносна прыпавесцей.
11 І казаў Ён ім: «Вам дадзена ведаць таямніцу Валадарства Божага; а тым, якія звонку, усё стаецца ў прыпавесцях,
12 хаця тыя, што глядзяць, глядзяць і не бачаць, і тыя, што слухаюць, слухаюць і не разумеюць, і не навяртаюцца, і не атрымліваюць выбачэнне грахоў».
13 І гаворыць ім: «Не разумееце гэтай прыпавесці? А як жа ўсе прыпавесці зразумееце?
14 Сейбіт — хто слова сее.
15 А тыя, што пры дарозе, дзе сеецца слова, калі пачуюць, зараз прыходзіць шатан і вырывае пасеянае ў сэрцах іх слова.
16 А тыя, што на камяністым месцы пасеяны, калі пачуюць слова, прымаюць яго адразу з радасцю,
17 але не маюць у сабе кораня, таму нетрывалыя; калі надыдзе прыгнёт або пераслед дзеля слова, зараз жа горшацца.
18 А тыя, што ў цернях пасеяны, слухаюць слова,
19 але клопаты веку гэтага і чары багацця ды прагавітасць да ўсяго іншага навокал, пранікаючы ў іх, заглушаюць слова, і яно не прыносіць плода.
20 А што на добрай зямлі пасеяны, гэта тыя, што слухаюць слова і прымаюць ды прыносяць плод: адзін — трыццаць, другі — шэсцьдзясят, а трэці — сто».
21 І казаў ім: «Ці на тое прыносіцца свечка, каб паставіць яе пад пасудзіну або пад ложак? Няўжо не на тое, каб была пастаўлена на падсвечніку?
22 Бо няма нічога таемнага, каб не было аб’яўлена, ды нічога таемнага, каб не стала вядомым.
23 Хто мае вушы, каб слухаць, хай слухае».
24 Далей казаў ім: «Зважайце на тое, што слухаеце! Якою меркай вы будзеце мераць, такою вам адмераюць ды дададуць вам, якія слухаеце.
25 Бо хто мае, таму будзе дададзена, а хто не мае, дык і тое, што мае, адымуць у яго».
26 І казаў: «Божае Валадарства такое, як быццам чалавек пасеяў насенне ў зямлю.
27 І ці ён спіць, ці ўстае ўночы і днём, а насенне ўзыходзіць і расце, і ён не ведае, калі.
28 Бо зямля сама з сябе родзіць, перш ладыгу, пасля колас, нарэшце поўнае зерне ў коласе.
29 І, калі ўжо паспее плод, зараз гаспадар запускае серп, бо надышло жніво».
30 І казаў: «Да чаго падобна Валадарства Божае? Або якою прыпавесцю выявім гэта?
31 Як гарчычнае зерне, калі пасеяна ў зямлю, ёсць найменшым з усіх зерняў на зямлі;
32 а калі пасеянае ўзыходзіць, становіцца большым ад усіх гароднін і выпускае галіны вялікія, так што нябесныя птушкі могуць хавацца ў яго засені».
33 І ў многіх падобных прыпавесцях Ён прамаўляў ім слова, наколькі маглі яны пачуць,
34 ды без прыпавесцей не прамаўляў ім. А вучням Сваім асобна выясняў усё.
35 Таго ж дня, калі настаў вечар, гаворыць ім: «Пераплывём на другі бераг».
36 Адправіўшы людзей, як Ён быў у лодцы, так і ўзялі Яго; і іншыя лодкі былі з Ім.
37 І ўзняўся вялікі вятруга, ды хвалі пачалі біць у лодку, так што лодку залівала.
38 А Ён спаў на карме на падушцы. І будзяць тады Яго, і кажуць Яму: «Настаўнік! Ці ж Цябе не рупіць, што мы гінем?»
39 І, падняўшыся, прыгразіў ветру ды сказаў мору: «Замоўкні, суцішся!» Дык спыніўся віхор, і стала вялікая ціша.
40 І адазваўся да іх: «Чаму вы такія палахлівыя, што не маеце яшчэ веры?»
41 А яны састрашыліся вялікім страхам ды казалі адзін аднаму: «Хто ж гэта Такі, што вецер і мора Яго слухаюць?»
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Евангелле паводле Марка, 4 разьдзел

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь

Публікуецца з дазволу Міжканфесіянальнага хрысціянскага рэлігійнага брацтва
«Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь».
© 2017