Біблія » Пераклады » Пераклад Міхася Міцкевіча

Марка 4 Паводле Марка 4 разьдзел

3 Прыпавесьць пра сяўбіта. 14 І тлумаченьне яе. 21 Сьвяцільнік. 26 Насеньне кінутае на зямлю. 31 Зерне гарчычнае. 37 Бура ветраная вялікая. 38 Ісус, сплючы ў лодцы.
1 І зноў пачаў навучаць над морам; сабралася-ж вялікая грамада народу вакол Яго, і Ён увайшоў у лодку і сядзеў у лодцы на моры, а ўвесь народ быў на зямлі пры моры.
2 І доўга навучаў іх прыпавесьцямі, і ў навучаньні Сваім гаварыў ім:
3 слухайце: вось выйшаў сейбіт сеяць.
4 I калі ён сеяў, некаторае насеньне ўпала пры дарозе, і наляцелі птушкі, і падзяўблі яго.
5 Іншае ўпала на грунт камяністы, дзе было мала зямлі, і хутка ўзыйшло, бо зямля была няглыбокая.
6 Калі-ж прыгрэла сонца, яно завяла і, ня маючы караня, ссохла.
7 Іншае ўпала ў цярніну; і вырасла цярніна, і заглушыла яго, і плёну ня выдала.
8 Іншае ўпала ў добрую зямлю, і добра ўзыйшло і вырасла, і дало плён: адно трыццаць, іншае шэсьцьдзесят, а іншае стакроць.
9 I сказаў ім: — хто мае вушы слухаць, няхай пачуе.
10 Калі-ж астаўся без народу, тыя, якія былі з Ім разам з дванаццацьма, папыталіся ў Яго пра прыпавесьць.
11 І сказаў ім: — дадзена вам пазнаваць тайніцы Уладарства Божага, а тым пабочным усё падаецца ў прыпавесьцях.
12 Што гледзячы вачыма сваімі — ня бачаць, слухаюць вушамі сваімі — не разумеюць, каб не навярнуцца, ды каб ня былі дараваныя ім грахі іхныя.
13 I кажа ім: — не разумееце гэтае прыпавесьці? як-жа вам зразумець усе прыпавесьці?
14 Сейбіт слова сее.
15 Пасеянае пры дарозе азначае тых, між якіх слова сеецца, але як толькі пачуюць, зараз-жа прыходзіць шатан і вырывае слова, пасеянае ў сэрцах іхных.
16 Таксама пасеянае на камяністым груньце — гэта тыя, якія, пачуўшы слова, адразу прыймаюць яго з радасьцяй.
17 Але ня маюць у сабе карэньня, і трымаюцца да часу; калі-ж прыйходзіць трывога, уціск і гнабленьне за слова, хутка адпадаюць.
18 У цярні пасеянае — гэта тыя, якія чуюць слова.
19 Але жыцьцёвыя клопаты, зманлівасьць багацьця, і розныя іншыя жаданьні, уваходзячы ў іх, заглушаюць слова, і яно стаецца бясплодным.
20 А што пасеянае на добрай глебе — гэта тыя, якія слухаюць слова, прыймаюць яго, і даюць плён: адзін у трыццаць, іншы ў шэсьцьдзесят, іншы ў стакроць.
21 І сказаў ім: — ці-ж на тое прыносяць лямпу, каб паставіць яе пад пасудзіну, або пад ложак, ане на тое, каб паставіць яе на падстаўцы?
22 Няма-ж нічога тайнага, каб ня сталася яўным, і нічога сукрытага, каб ня выйшла на сьвятло.
23 Калі хто мае вушы слухаць, няхай слухае.
24 I сказаў ім: — заўважайце, што чуеце: — якою мераю мераеце, такою і вам адмерана будзе, і дададзена будзе вам паслушным.
25 Бо хто мае, таму будзе дадзена, а хто ня мае, у таго адыймецца і тое, што мог-бы мець.
26 I сказаў: Уладарства Божае падобнае да таго, як чалавек робіць засеў на зямлі.
27 І сьпіць, і устае; і ноч і дзень, і насеньне прарастае і расьце без яго веданьня пра гэта.
28 Бо зямля сама сабою родзіць, — сьпярша сьцябло, потым колас, потым поўнае зерне ў коласе.
29 Калі-ж дасьпее плён, зараз-жа пасылае серп, бо настала жніва.
30 І Ён сказаў: — да чаго прыпадобнім Уладарства Божае? ці якою прыпавесьцяй выкажам Яго?
31 Яно, як зерне гарчычнае: калі сеецца ў зямлю, яно меншае за ўсякае насеньне зямное.
32 Калі-ж пасеянае ўзрастае, становіцца большае за ўсе травы, і выпускае вялікія веткі, і ў цені іх могуць хавацца птушкі нябесныя.
33 I гэткімі шматлікімі прыпавесьцямі прамаўляў да іх слова, наколькі яны маглі ўспрыняць.
34 Без прыпавесьці не гаварыў ім; а вучням асобна разьясьняў усё.
35 Таго-ж дня ўвечары Ён сказаў ім: — пераплывем на той бок.
36 І яны, адправіўшы народ, узялі Яго, так як быў у лодцы, і былі з Ім іншыя лодкі.
37 Усхадзілася-ж вялікая бура, хвалі так білі ў лодку і залівалі вадой.
38 Ён-жа Сам спаў ля стырна на ўзгалоўі; і пабудзілі Яго ды кажуць Яму: — Вучыцель, няўжо Ты ня дбаеш, што мы загібаем?
39 Тады ўстаў, забараніў ветру і азваўся да мора: — сьціхні, перастань! i заціх вецер, і стала вялікая ціша.
40 I сказаў ім: — чаму вы такія палахлівыя? як-жа ў вас няма веры?
41 Яны-ж у страху вялікім гаварылі адзін аднаму: — хто-ж гэта, што і вецер і мора паслушныя Яму?
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Сьвятое Евангельле Марка, 4 разьдзел

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.