3 Расслаблены. 5 Адпушчэньне грахоў. 14 Мацьвеева пазваньне. 18 Здымаецца пост пры жаніху. 23 Вучні зрываюць каласы ў сыботу. 26 Хлебы прынясеньня.
1 Праз колькі дзён Ён зноў прыйшоў у Капэрнаум, і стала ведама, што Ён у доме.
2 Хутка зыйшлося народу столькі, што ўжо ня было месца і каля дзьвярэй, і Ён прамаўляў ім слова.
3 I прыйшлі да Яго, нясучы спараліжаванага ўчатырох.
4 Калі-ж не маглі данясьці яго да Ісуса з-за народу, яны разабралі страху над месцам, дзе Ён быў і, зрабіўшы атворыну, спусьцілі пасьцель, на якой ляжаў спараліжаваны.
5 Ісус, бачачы веру іхную, кажа спараліжаванаму: — сыне, адпускаюцца табе грахі твае.
6 Былі-ж там некаторыя з кніжнікаў і, седзячы, разважалі ў сэрцах сваіх.
7 Што гэты чалавек гаворыць? Ён блюзьнерыць прад Богам: хто можа адпускаць грахі, апрача самога Бога?
8 Ісус, адразу спасьцярогшы Духам Сваім, што яны гэтак думаюць, сказаў ім: — нашто гэтак думаеце ў сэрцах вашых?
9 Што лягчэй сказаць спараліжаванаму: — адпускаюцца табе грахі твае, ці сказаць: — устань, вазьмі пасьцель сваю і хадзі?
10 Але каб вы ведалі, што Сын Чалавечы мае ўладу на зямлі дараваць грахі, — і гаворыць спараліжаванаму:
11 — кажу табе, устань, вазьмі пасьцель тваю ды йдзі ў дом твой.
12 I той ураз-жа ўстаў, узяў пасьцель сваю і выйшаў прад усімі; і ўсе дзівіліся, славячы Бога, і гаварылі: — ніколі нічога такога мы ня бачылі.
13 І выйшаў зноў да мора, і грамада народу пайшла да Яго, і Ён навучаў іх.
14 І, праходзячы, убачыў Левія, сына Алфеева, які сядзеў пры зборніцы падатковай, і кажа яму: — ідзі за Мною, і той, устаўшы, пайшоў сьледам за Ім.
15 І было-ж, калі Ісус сядзеў за сталом у доме яго, разам з Ім сядзелі і вучні Ягоныя, і мытнікі, і грэшнікі, бо многа іх было, і яны хадзілі за Ісусам.
16 А кніжнікі і фарысеі, убачыўшы, што Ён спажывае яду разам з мытнікамі і грэшнікамі, кажуць вучням Ягоным: — як гэта Ён есьць і п’е разам з мытнікамі і грэшнікамі?
17 Пачуўшы гэтае, Ісус сказаў ім: — не здаровыя патрабуюць лекара, але хворыя; і Я прыйшоў паклікаць ня праведнікаў, але грэшнікаў да пакаяньня.
18 А было-ж тады, што вучні Янавы, а і фарысейскія, трымаліся посту, і вось падыходзяць да Яго і кажуць: — чаму вучні Янавы і фарысейскія посьцяць, а Твае вучні ня посьцяць?
19 I сказаў ім Ісус: — ці-ж могуць пасьціць сыны бяседы вясельнае, пакуль з імі жаніх? у часе калі жаніх з імі, ня могуць пасьціь.
20 Але прыйдуць дні, калі адыймецца ад іх жаніх, і тады будуць пасьціць у дні тыя.
21 I ніхто ня прыстаўляе латкі з суравога палатна да старое адзежыны, бо новая латка адарвецца ад старога, і дзіра зробіцца яшчэ большая.
22 I ніхто ня ўлівае маладога віна ў старыя мяхі, бо інакш — маладое віно прарве старыя мяхі, і віно выцеча, і мяхі зглумяцца; але маладое віно трэба наліваць у мяхі новыя.
23 I было-ж зноў, калі выдарылася Яму прайходзіць у сыботу праз поле збажыны, і вучні Яго, прайходзячы, пачалі зрываць каласы.
24 I фарысеі сказалі Яму: — глядзі, што яны робяць у сыботу, чаго не павінны рабіць? Ён-жа сказаў ім:
25 — няўжо вы ніколі ня чыталі, што зрабіў Давыд, калі меў патрэбу, і згаладаў сам і ўсе, хто з ім былі?
26 Калі ўвайшоў ён у дом Божы пры архісьвятару Авіяфару, і еў хлеб ахвярныя, якіх не належала есьці нікому, апрача сьвятароў, і даў тым, хто быў з ім.
27 I сказаў ім: — сыбота для чалавека, а не чалавек для сыботы.
28 Дзля таго Сын Чалавечы ёсьць гаспадаром і сыботы.
Каментары ці зноскі:
19 бяседы вясельнае — ці — бяседы шлюбнае.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце:
Ctrl + Enter
Сьвятое Евангельле Марка, 2 разьдзел
Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.