2 Ісус няпрызнаны на бацькаўшчыне. 6 Нявер'е назарэяў. 7 Пасылаюцца вучні па двух. 13 Выганяюць злыдухаў, і хворых памазваюць алеем. 14 Думка Ірадава пра Ісуса. 17 Ян Хрысціцель у цямніцы. 22 Ірадыяда танцуе. 27 Сьняцьце галавы Яну Хрысціцелю. 29 І пахаваньне. 30 Апосталы, вярнуўшыся, расказалі Ісусу, што ўчынілі. 34 Ісус навучае ў пустыні. 38 Пяць хлебаў і дзьве рыбы. 48 Ісус ідзе па моры. 56 Хто дакранаўся да адзеньня Ісуса, ацадяўся.
1 I выйшаў адтуль і прыйшоў на сваю радзіму; за Ім ішлі і вучні Ягоныя.
2 Калі прыйшла сыбота, Ён пачаў навучаць у сынагозе; і многія, якія слухалі Яго навуку, з падзіўленьнем, гаварылі: — адкуль Ён бярэ ўсё гэта? і што за мудрасьць дадзена Яму, што і цуды гэткія ўчыняюцца рукамі Ягонымі?
3 Ці-ж ня цесьля гэта, сын Марыі, брат Якуба, Йосіі, Юды і Сымона, і ці-ж ня сёстры Ягоныя тут пасярод нас? і блазнавалі над Ім.
4 Ісус-жа казаў ім: — ня бывае прарока без павагі, хіба толькі на радзіме сваёй, ці між радні, ці ў доме сваім.
5 I не стварыў там ніякага цуду, толькі аздаравіў некаторых нядужых, усклаўшы на іх рукі.
6 I дзівіўся з недаверства іхнага; і хадзіў па навакольных паселішчах, навучаючы.
7 Паклікаўшы-ж дванаццацёх, пачаў пасылаць іх па двух, і даў ім уладу над духамі нячыстымі.
8 I даў настаўленьні — у дарогу нічога ня браць, апрача падарожнага кія: ані торбы, ані хлеба, ані медзякоў у поясе.
9 На абутак сандалі, а на адзеньне — адна адзежына.
10 I гаварыў ім: — калі дзе ўвойдзеце ў дом, аставайцеся ў ім, пакуль ня выйдзеце з таго места.
11 Калі-ж хто ня прыйме вас і ня будзе слухаць вас, адыходзячы адтуль, абтрасеце пыл з ног вашых, на сьвядоцтва супраць іх; папраўдзе кажу вам: лягчэй будзе Садому і Гаморы ў дзень Судны, ніж месту таму.
12 Яны пайшлі, і абвяшчалі і клікалі да пакаяньня.
13 І выганялі шмат злыдухаў, і ацалялі многіх нядужых, памазваючы іх алеем.
14 Кароль Ірад, пачуўшы пра Ісуса, — бо Імя Яго было разгалошана, — гаварыў: — гэта Ян Хрысьціцель уваскрос з мёртвых, дзеля гэтага цуды праз яго дзеюцца.
15 Іншыя-ж гаварылі: — гэта Ільля, — а іншыя, што гэта прарок, ці адзін з прарокаў.
16 Ірад, пачуўшы, сказаў: — гэта Ян, якому я сьцяў галаву, ён паўстаў з мёртвых.
17 Бо той самы Ірад паслаў узяць Яна і, зьвязаўшы, ўкінуць яго ў цямніцу за Ірадыяду — жонку брата свайго Піліпа, — якую ўзяў сабе за жонку.
18 Бо Ян казаў Іраду: — ня можна табе мець жонку брата твайго.
19 Ірадыяда-ж, узлаваўшыся на яго, шукала спосабу забіць яго, але не магла.
20 Бо Ірад баяўся Яна, ведаючы яго, як чалавека справядлівага і сьвятога, і сьцярог яго, і часта рабіў, слухаючы яго, і слухаў яго з павагай.
21 І надыйшоў адпаведны дзень, калі Ірад у дзень сваіх народзін спраўляў банкет для вяльможаў сваіх, тысячнікаў і старшыняў Галілейскіх.
22 I дачка тэй Ірадыяды, увайшоўшы, танцавала і ўзьвесяліла Ірада і гасьцей яго; тады сказаў кароль дзяўчыне: — прасі ў мяне, чаго хочаш, і дам табе.
23 І кляўся ёй: — чаго-б ні папросіла, дам табе, хоць бы палову каралеўства майго.
24 Яна-ж выйшла і папыталася ў маці свае, чаго прасіць, тая-ж адказала: — галаву Яна Хрысьціцеля.
25 І ўраз-жа, вярнуўшыся борзда да караля, папрасіла, кажучы: — хачу, каб ты даў мне цяпер-жа на падносе галаву Яна Хрысьціцеля.
26 Кароль засмуціўся, але з увагі на кляцьбу і на гасьцей сваіх, не захацеў адмовіць ёй.
27 І у той-жа час, паслаўшы ката, кароль загадаў прынесьці галаву яго; той пайшоў і сьцяў галаву яму ў цямніцы.
28 I прынёс галаву на падносе і аддаў яе дзяўчыне, а дзяўчына аддала яе маці сваёй.
29 Вучні-ж ягоныя, дачуўшыся, прыйшлі і узялі цела яго і палажылі яго ў гробе.
30 Апосталы-ж, вярнуўшыся, зыйшліся ўсе да Ісуса, і расказалі Яму ўсё, што яны стварылі і чаго навучылі.
31 I Ён сказаў ім: — пайдзеце вы самі адны ў месца зацішное і супачыньце крыху; бо так шмат да іх прыходзіла і адыходзіла, што і есьці ім было некалі.
32 І, увайшоўшы ў лодку, адплылі ў месца безьлюднае адны.
33 Але многія бачылі, як адыходзілі і пазналі іх, і беглі туды пешша з усіх местаў і, апярэдзіўшы іх, зьбегліся да Яго.
34 Ісус, выйшаўшы, убачыў шмат людзей, і зьлітаваўся над імі, бо былі, як авечкі, без пастуха; і пачаў шмат чаго навучаць іх.
35 І калі прайшло шмат часу, ужо на зыходзе дня падыйшлі да Яго вучні Ягоныя, кажучы: — месца тут пустыннае, а час ужо позьні.
36 Адпусьці іх, каб маглі пайсьці ў акалічныя вёскі купіць сабе хлеба, бо ня маюць чаго есьці.
37 Ён-жа ў адказ сказаў: ім: — вы дайце ім есьці, — яны-ж кажуць Яму: — можам пайсьці купіць за дзьвесьце дынараў хлеба і даць ім есьці.
38 Але Ён сказаў ім: — колькі хлябін вы маеце, пайдзеце паглядзеце; яны, даведаўшыся, сказалі — пяць хлябін і дзьве рыбы.
39 Тады загадаў ім рассадзіць усіх гурткамі на зялёнай траве.
40 I паселі радамі па сто і па пяцьдзесят.
41 I узяўшы пяць хлябін і дзьве рыбы, узглянуў у неба і, дабраславіўшы, разламаў хлябы і даў вучням сваім, каб разлажылі прад людзьмі; і дзьве рыбы разьдзяліў на ўсіх.
42 I елі ўсе і задаволіліся.
43 I набралі кускоў хлеба і астаткаў ад рыб дванаццаць поўных карабоў.
44 Было-ж усіх, хто спажываў яду, пяць тысяч мужоў.
45 I зараз-жа загадаў вучням Сваім увайсьці ў лодку ды плысьці перад Ім на другі бок да Віфсаіды, пакуль Ён адпусьціць народ.
46 Адпусьціўшы-ж народ, пайшоу на гару памаліцца.
47 Позным вечарам лодка была пасярод мора, а Ён адзін на зямлі.
48 I ўбачыў іх у трывозе і турбоце, бо вецер быў супраціўны, а каля чацьвёртай старожы ночнай падыйшоў да іх, ідучы па моры, і хацеў мінаць іх.
49 Яны-ж, убачыўшы Яго ідучы па моры, падумалі, што гэта здань, і закрычалі.
50 Бо ўсе бачылі Яго, і перапужаліся; тады ўраз-жа загаварыў да іх, прамовіўшы: — сьмелыя будзьце, гэта Я, ня бойцеся.
51 I ўвайшоў да іх у лодку, і вецер улёгся, яны-ж моцна сумеліся ў сабе і дзівіліся.
52 Бо яны ня ўсьведамілі цуда з хлебамі, бо сэрцы іхныя былі зацемленыя.
53 I пераплыўшы прыбылі ў зямлю Гэнісарэцкую і прысталі да берагу.
54 Калі яны выйшлі з лодкі, людзі зараз-жа пазналі Яго.
55 I, абегшы ўсю тую аколіцу, пачалі прыносіць хворых на ложах іхных, туды, дзе думалі Ён быў.
56 I куды-б ні прыходзіў Ён — ці ў пасёлкі, ці ў вёскі, ці ў месты, — клалі хворых на плошчах, і прасілі Яго, каб ім дакрануцца хоць да краю адзеньня Ягонай; і хто дакранаўся да Яго, быў ацалены.
Каментары ці зноскі:
20 слухаючы яго — ці — і любіў слухаць яго.
20 з павагай — ці — з задаволеньнем.
35 І калі прайшло шмат часу, — ці — Прайшло нямала часу і.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце:
Ctrl + Enter
Сьвятое Евангельле Марка, 6 разьдзел
Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.