5 Сем хлябоў. 11 Фарысеі пытаюць знаменьня з неба. 15 Кісьля фарысейская і Ірадава. 22 Сьляпыя празраюць. 27 Думкі людзей пра Ісуса. 29 Выказваньне апосталоў. 31 Ісус прадракае Сваю сьмерць. 33 І забаранье Пятру. 35 Душу выбавіць і загубіць. 38 Устыдацца Хрыста.
1 І было ў дні тыя: зыйшлося зноў мноства народу, і ня мелі пры сабе ежы; тады Ісус падклікаў вучняў Сваіх і сказаў ім:
2 — шкада Мне народу, што ўжо тры дні пры Мне, і ня маюць чаго есьці.
3 Калі-ж адпушчу іх дамоў галоднымі, прыстануць у дарозе, бо шмат хто з іх папрыйходзілі здалёк.
4 Вучні-ж Ягоныя сказалі Яму: — скуль-жа мог-бы хто ў гэтай пустыні ўзяць хлеба, каб накарміць іх?
5 I спытаўся ў іх: — колькі маеце хлябоў? яны-ж адказалі: — сем.
6 Тады сказаў народу супачыць на зямлі; і ўзяушы сем хлябін, узьнёс хвалу і, паламаўшы, даваў вучням Сваім, каб яны раздавалі; і яны раздалі народу.
7 Мелі яны і некалькі рыбак; і іх дабраславіўшы, сказаў раздаць.
8 I елі ўсе да здаваленьня, і назьбіралі нязьедзеных кускоў сем карабоў.
9 Усіх-жа, хто елі, было пад чатыры тысячы; тады адпусьціў іх.
10 I зараз-жа увайшоу ў лодку з вучнямі Сваімі, і прыбыў у ваколіцы Далмануфскія.
11 І выйшлі фарысеі і пачалі з Ім спрачацца, патрабуючы знаменьня з неба, і спакушаючы Яго.
12 Ён-жа уздыхнуўшы ў душы Сваёй, сказаў: — нашто род гэты дамагаецца знаменьня? папраўдзе кажу вам: ня будзе дадзена знаменьне роду гэтаму.
13 I, пакінуўшы іх, зноў увайшоў у лодку, ды адплыў на другі бок.
14 Вучні-ж Ягоныя забыліся ўзяць хлебаі, апрача аднае баханкі хлеба, нічога з сабою ня мелі
15 Ён-жа перасьцерагаў іх, кажучы: — глядзеце, сьцеражэцеся закісі фарысейскай і закісі Ірадавае.
16 I яны, разважалі між сабою, кажучы: — гэта пра тое, што ў нас хлеба няма.
17 Ісус, зразумеўшы гэта, кажа ім: — што разважаеце пра тое, што хлеба ня маеце? ці яшчэ ня цяміце і не разумееце, ці яшчэ заслоненыя сэрцы вашыя?
18 Маючы вочы, ня бачыце, і маючы вушы, ня чуеце і не памятаеце?
19 Калі Я разламаў пяць хлябін на пяць тысячаў, колькі поўных карабоў назьбіралі кавалкаў? — кажуць Яму — дванаццаць.
20 А калі сем на чатыры тысячы, колькі кашоў астачы кавалкаў набралі вы? і яны кажуць — сем.
21 I сказаў ім: — дык як-жа вы яшчэ не разумееце?
22 I прыходзіць у Віфсаіду; і прыводзяць да Яго сьляпога, ды просяць, каб дакрануцца да Яго.
23 І ўзяўшы сьляпога за руку, вывеў яго за сялібу і плюнуўшы яму на вочы, паклаў на яго рукі і спытаўся ў яго, ці што бачыць.
24 Той-жа, узіраючыся, сказаў: — бачу людзей, нібы дрэвы хадзячыя.
25 Тады зноў палажыў рукі на вочы яго і адкрыў зрок, і ён стаў бачыць усё ясна.
26 I адаслаў яго дадому, сказаўшы: — ідзі ў яго дом, а прайходзячы праз сялібу, нікому ня расказвай.
27 I пайшоў Ісус з вучнямі Сваімі у сялібы Касарыі Піліпавай; у дарозе Ён пытаў у вучняў Сваіх, гаворачы да іх: — за каго лічаць Мяне людзі?
28 Яны ў адказ сказалі Яму: — за Яна Хрысьціцеля; іншыя — за Ільлю, іншыя-ж — за аднаго з прарокаў.
29 Ён-жа кажа ім: — а вы за каго Мяне ўважаеце? у адказ сказаў Яму Пётра прамовіў: Ты — Хрыстос.
30 I забараніў ім, каб нікому не гаварылі пра Яго.
31 I пачаў навучаць Іх, што прызначана Сыну Чалавечаму цяжка адпакутаваць і быць адкіненаму праз старшыняў, архісьвятароў і кніжнікаў, і быць забітаму, і па трох днёх уваскроснуць.
32 І гаварыў гэта выразна для ўсіх; Пётра-ж, адклікаўшы, пачаў пярэчыць Яму.
33 Ён-жа, абярнуўшыся і глянуўшы на вучняў, забараніў Пятру, сказаўшы: — адыйдзі ад Мяне, шатане, бо думаеш не пра Божае, але пра чалавечае.
34 І, падклікаўшы народ з вучнямі Сваімі, сказаў ім: — калі хто хоча іці за Мною, адрачыся самога сябе, і вазьмі крыж свой ды йдзі сьледам за Мною.
35 Бо хто хоча душу сваю зьберагчы, загубіць яе, а хто загубіць душу сваю дзеля Мяне і Евангельля, той ухавае яе.
36 Бо якая карысьць чалавеку, калі-б ён здабыў увесь сьвет, а душы сваей учыніў шкоду.
37 Або, што дасьць чалавек узамен за душу сваю.
38 Бо хто пастыдаецца Мяне і слоў Маіх у родзе гэтым блудным і грэшным, таго пастыдаецца і Сын Чалавечы, калі прыйдзе ў славе Айца Свайго з ангеламі сьвятымі.
Каментары ці зноскі:
10 Далмануфскія — ці — Далмануўскія.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце:
Ctrl + Enter
Сьвятое Евангельле Марка, 8 разьдзел
Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.