Біблія » Пераклады » Пераклад Міхася Міцкевіча

Марка 13 Паводле Марка 13 разьдзел

2 Пра зруйнаваньне Ерусаліма. 9 Ганеньні на верных. 10 Абвешчаньне Евангельлі ўсім народам. 26 Суд апошні. 33 Трэба быць чуйнымі і маліцца.
1 I калі Ён выходзіў з храму, адзін з вучняў Ягоных кажа Яму: — Вучыцель! глянь, якія камяніцы і што за будыніны!
2 Ісус у адказ сказаў яму: — заглядзіўся ты на гэтыя велічныя будыніны? не астанецца тут каменя на камені, якія-б ня былі разбураны.
3 I калі Ён сядзеў на гары Аліўнай, насупраць храму, пыталіся ў Яго на самоце Пётра, Якуб, Ян і Андрэй:
4 Скажы нам, калі гэта будзе, і якая азнака таго, калі гэта ўсё павінна стацца?
5 І ў адказ Ісус пачаў гаварыць: — сьцеражэцеся, каб хто не спакусіў вас.
6 Бо многія прыйдуць пад імём Маім, і будуць гаварыць — гэта Я, — і многіх зьвядуць.
7 Калі-ж пачуеце пра войны, ці пагалоскі пра войны, ня бойцеся — належыць гэтаму быць, але гэта яшчэ не канец.
8 Бо паўстане народ на народ і гаспадарства на гаспадарства, і будуць землятрасеньні мясцамі, і будуць галадоўлі і завірухі, гэта будзе пачатак злыбедаў.
9 Трымайцеся-ж вы самі; бо выдаваць будуць вас у судзілішчы, і будзеце пабіваныя ў сынагогах, ды пастаўлены будзеце прад правіцелямі і ўладарамі за Мяне, на сьветчаньне ім.
10 А перад гэтам народам усім мае быць абвешчана Евангельле.
11 Калі-ж павядуць вас навыданьне, ня турбуйцеся наперад, што маеце гаварыць, але, што будзе вам дадзена ў тую часіну, тое гаварэце, бо ня вы будзеце гаварыць, але Дух Сьвяты.
12 І выдасьць брат брата на сьмерць, і бацька дзіцей, і паўстануць дзеці на бацькоў і ўсьмерцяць іх.
13 І будзеце зьненавіджаны ўсімі за Імя Маё; але хто выцерпіць да канца, збавёны будзе.
14 Калі-ж пабачыце агіду спусташэньня, пра што казаў прарок Даніель, якая паўстала ў месцы, дзе не павінна быць — хто чытае, няхай разумее — тады хто ў Юдэі, няхай бягуць у горы.
15 А хто на страсе, няхай ня злазіць і не ўваходзіць у дом узяць чаго-небудзь з дому свайго.
16 А хто на полі, няхай не варачаецца ўзяць адзеньне сваё.
17 Гора цяжарным і карміцелькам грудных немаўлят у дні тыя.
18 Малецеся-ж, каб ня сталася гэтае узімку.
19 Бо ў дні тыя будзе такая скруха, якой ня было ад пачатку стварэньня, якое стварыў Бог, аж дагэтуль, і ня будзе.
20 І калі-б Госпад не скараціў дзён тых, не ўхавалася-б ніводнае цела, але дзеля выбраных, якіх Ён выбраў, скараціў дні тыя.
21 Тады, калі хто вам скажа: — вось тут Хрыстос, ці — вось там, — ня верце.
22 Бо паўстануць ілжывыя Хрысты ды ілжывыя прарокі, ды пакажуць знаменьні і цуды, каб зьвясьці, калі змога, нават і выбраных.
23 Вы-ж сьцеражэцеся, вось Я наперад сказаў вам усё.
24 Але ў тыя дні, пасьля скрухі тэй, сонца зацьміцца, і месяц ня дасьць сьвятла свайго.
25 I зоры будуць падаць з неба, і сілы нябесныя зрушацца.
26 I тады убачаць Сына Чалавечага, які прыйходзіць на воблаках з сілаю вялікаю і славаю.
27 I тады пашле ангелаў Сваіх і зьбярэ выбраных Сваіх, ад чатырох вятроў, ад краю зямлі да краю неба.
28 Ад смакоўніцы вазьмеце прыклад: калі галінкі яе мякчэюць, і распускаецца лісьце, ведайце, што набліжаецца лета.
29 Гэтак і вы: калі ўбачыце, што ўсё гэта збываецца, ведайце, што блізка ўжо, пры дзьвярох.
30 Запраўды, кажу вам: не праміне род гэты, калі ўсё гэта станецца.
31 Неба і зямля прамінуць, але словы Мае не прамінуць.
32 Дня-ж таго, ані часу, ніхто ня ведае: ані ангелы ў небе, ані Сын, а толькі Айцец.
33 Глядзеце-ж, чувайце і малецеся, бо ня ведаеце, калі настане час.
34 Падобна, як чалавек, адыйходзячы ў падарож, пакідаючы дом свой, даверыў слугам сваім, што кажны павінен рабіць, і загадаў вартаўніку пры варотах быць чуйным.
35 Дык чувайце і вы, бо ня ведаеце, калі прыйдзе гаспадар дому: ці ўвечары, ці апоўначы, ці пры сьпеве пеўняў, ці нараніцы.
36 Каб, прыйшоўшы нечакана, не застаў вас заспанымі.
37 А што кажу вам — усім кажу: чувайце!
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Сьвятое Евангельле Марка, 13 разьдзел

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.