Біблія » Пераклады » Пераклад Анатоля Клышкi

Марка 13 Марка 13 разьдзел

1 І, калі Ён выходзіў са святыні, кажа Яму адзін з Яго вучняў: Настаўніку, паглядзі, якое каменне і якія будынкі!
2 І Ісус сказаў яму: Бачыш гэтыя вялікія будынкі? Ні ў якім разе не астанецца тут каменя на камені, які б не быў зруйнаваны.
3 І калі Ён сядзеў на Аліўнай гары насупроць святыні, пыталіся ў Яго на адзіноце Пётр, Іякаў, Іаан і Андрэй:
4 Скажы нам, калі гэта будзе і які будзе знак, калі ўсё гэта пачне заканчвацца?
5 І Ісус пачаў казаць ім: Глядзіце, каб хто вас не звёў у зман:
6 многія прыйдуць пад Маім імем, кажучы: «Гэта Я», і многіх звядуць у зман.
7 Калі ж пачуеце пра войны і ваенныя пагалоскі, не трывожцеся: гэта павінна адбыцца, але гэта яшчэ не канец.
8 Бо паўстане народ на народ і царства на царства, будуць землятрусы месцамі, будзе голад [і смуты]; гэта пачатак родавых боляў.
9 Глядзіце ж вы за сабою; будуць аддаваць вас у сінедрыёны і будуць біць у сінагогах і перад намеснікамі і царамі будуць вас ставіць з-за Мяне на сведчанне ім.
10 Але ва ўсіх народах спярша павінна быць абвешчана Евангелле.
11 І калі вас павядуць, выдаючы, не турбуйцеся загадзя, што вам сказаць, а што вам будзе дадзена ў тую гадзіну, тое кажыце: бо не вы будзеце казаць, а Святы Дух.
12 І выдасць брат брата на смерць і бацька дзіця, і паўстануць дзеці на бацькоў і заб’юць іх;
13 і будуць усе вас ненавідзець з-за Майго імя. Але хто выстаіць да канца, будзе ўратаваны.
14 Калі ж убачыце брыдоту спусташэння, [пра якую сказана Даніілам прарокам і] якая стаіць там, дзе не павінна быць, — хто чытае, няхай разумее, — тады тыя, хто ў Іудзеі, няхай уцякаюць у горы,
15 хто [ж] на даху, няхай не спускаецца і не ўваходзіць узяць што са свайго дому,
16 і хто ў полі, няхай не вяртаецца назад узяць сваё адзенне.
17 Бяда ж тым, хто мае ва ўлонні, і тым, што кормяць грудзьмі ў гэтыя дні!
18 Маліцеся ж, каб не здарылася гэта34 зімою:
19 бо тыя дні будуць такім горам, якога не было ад пачатку свету, што стварыў Бог, аж дагэтуль, і не будзе ніколі.
20 І калі б не скараціў Госпад гэтых дзён, не ўратавалася б нішто жывое; але дзеля выбраных, якіх Ён выбраў, Ён скараціў гэтыя дні.
21 І тады, калі хто вам скажа: «Вось, тут Хрыстос», «Вось, там», — не верце;
22 бо паўстануць ілжэхрысты і лжэпрарокі і будуць рабіць знакі і цуды, каб звесці ў зман, калі можна, [і] выбраных.
23 Вы ж глядзіце: Я наперад сказаў вам усё.
24 Але ў тыя дні пасля гора таго, сонца зацьміцца і месяц не дасць свайго святла,
25 і зоркі будуць падаць з неба і сілы, што ў нябёсах, захістаюцца.
26 І тады ўбачаць Сына Чалавечага, што будзе ісці ў воблаках з вялікаю сілаю і славаю.
27 І тады пашле Ён Анёлаў і збярэ [Сваіх] выбраных ад чатырох вятроў, ад краю зямлі да краю неба.
28 Ад фігавага ж дрэва вучыцеся праз прыпадабненне: калі яго галіна ўжо мякчэе і выпускае лісце, вы ведаеце, што блізка лета;
29 так і вы, калі ўбачыце, што гэта збываецца, ведайце, што блізка, пры дзвярах.
30 Сапраўды кажу вам, што ні ў якім разе не праміне гэтае пакаленне, як усё гэта спраўдзіцца.
31 Неба і зямля мінуць, а Мае словы не мінуць.
32 Але пра той дзень ці гадзіну не ведае ніхто, ні Анёлы ў небе, ні Сын, а толькі Бацька.
33 Глядзіце, будзьце пільныя, [і маліцеся]: бо не ведаеце, калі надыдзе часіна.
34 Гэта як чалавек, што выехаў з краю і пакінуў свой дом і даў сваім слугам уладу [і] кожнаму — сваю працу, а брамніку загадаў, каб быў чуйны.
35 Дык будзьце чуйныя: бо не ведаеце, калі прыходзіць гаспадар дома: увечары, ці апоўначы, ці ў пеўневыя галасы, ці раніцаю,
36 каб, прыйшоўшы неспадзявана, не заспеў вас у сне.
37 А што вам кажу, тое ўсім кажу: Будзьце чуйныя!

Каментары ці зноскі:

18 34: У некат. рукап.: вашы ўцёкі.

Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Евангелле паводле Марка, 13 разьдзел

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Публікуецца з дазволу праваўладальніка.
© 2014