Біблія » Пераклады » Пераклад Чарняўскага 2017

Марка 13 Паводле Марка 13 разьдзел

1 І, калі Ён выходзіў са святыні, гаворыць Яму адзін з вучняў Яго: «Настаўнік, глянь, што за камяні ды якія пабудовы!»
2 А Ісус гаворыць яму: «Бачыш усе гэтыя велізарныя будоўлі? Не застанецца з іх каменя на камені, які б не быў развалены».
3 І, калі Ён сядзеў на гары Аліўнай насупраць святыні, пыталіся Яго асобна Пётра, і Якуб, і Ян, і Андрэй:
4 «Скажы нам, калі гэта станецца, і што за знак будзе, калі ўсё гэта пачне збывацца?»
5 І Ісус пачаў ім казаць: «Глядзіце, каб вас хто не звёў.
6 Бо многія прыйдуць у імя Маё, кажучы: “Гэта Я”, і яны многіх звядуць.
7 А калі пачуеце вы пра войны і чуткі пра войны, не трывожцеся, бо так павінна быць, але гэта яшчэ не канец.
8 Бо падымецца народ на народ ды царства на царства, ды будуць месцамі землятрусы і голад, і смуты. Гэта пачатак пакут.
9 Глядзіце самі сябе. Будуць вас аддаваць у суды і біць у сінагогах, і будзеце стаяць перад намеснікамі і царамі на сведчанне ім дзеля Мяне.
10 І трэба, каб перш было абвешчана Евангелле ўсім народам.
11 І, калі павядуць вас выдаваць, не турбуйцеся загадзя, што вам казаць, але што дадзена вам будзе ў гэты час, тое скажаце, бо не вы будзеце гаварыць, але Дух Святы.
12 І будзе выдаваць на смерць брат брата і бацька дзіця; і паўстануць дзеці супраць бацькоў ды будуць забіваць іх.
13 І будзеце вы ў нянавісці ад усіх за імя Маё; але хто вытрывае да канца, будзе збаўлены.
14 Дык калі ўбачыце агіду спусташэння, пра што казаў прарок Даніэль, якая паўстала там, дзе не мела быць, — хто чытае, хай разумее, — тады тыя, якія ў Юдэі, хай уцякаюць у горы,
15 а хто на даху, хай не сыходзіць у дом ды хай не ідзе, каб што ўзяць з дома свайго,
16 і хто на полі, хай не вяртаецца назад, каб узяць вопратку сваю.
17 Гора будзе цяжарным ды тым, што кормяць грудзьмі ў тыя дні.
18 Дзеля таго маліцеся, каб не сталіся ваші ўцёкі зімою.
19 Бо ў тыя дні будзе такі прыгнёт, якога не было ад заснавання свету, які Бог стварыў, аж дасюль, і не будзе.
20 І, калі б Госпад не скараціў тых дзён, не ўратавалася б аніякае цела; але скараціў гэтыя дні дзеля абраных, якіх Ён абраў.
21 І, калі б хто вам тады сказаў: “Вось, тут Хрыстос або, вось, там”, — не верце.
22 Бо з’явяцца фальшывыя хрысты і фальшывыя прарокі і будуць даваць знакі ды цуды, каб звесці, калі гэта магчыма, нават абраных.
23 Дык вы сцеражыцеся: на тое Я вам усё прадказаў.
24 А ў тыя дні, па тузе той зацемрыцца сонца, ды месяц не дасць святла свайго,
25 і зоркі нябесныя падаць будуць, ды сілы, што на небе, пахіснуцца.
26 І тады ўбачаць Сына Чалавечага, што прыходзіць на аблоках з вялікай магутнасцю і славаю.
27 І тады пашле анёлаў Сваіх, і збярэ з чатырох вятроў; ад краю зямлі да краю неба абраных Сваіх.
28 З фігавага дрэва бярыце прыклад. Калі яго галінка лагаднее і пускае лісты, вы ведаеце, што ўжо блізка лета.
29 Так і вы, калі ўбачыце, што гэта збываецца, ведайце, што і гэта блізка, пры дзвярах.
30 Сапраўды кажу вам: не праміне пакаленне гэтае, аж гэта ўсё станецца.
31 Неба і зямля прамінуць, але словы Мае не прамінуць.
32 А дня таго і хвіліны ніхто не ведае; ані анёлы ў небе, ані Сын, толькі Айцец.
33 Глядзіце, чувайце і маліцеся, бо не ведаеце, калі гэты час надыдзе.
34 Будзе, як з чалавекам, які выехаў у дарогу і пакінуў свой дом, і даў уладу сваім паслугачам, кожнаму свой абавязак, а прыдзвернаму, каб той чуваў.
35 Дык чувайце, бо не ведаеце, калі гаспадар дома вернецца: вечарам, ці апоўначы, ці калі певень запяе, ці раніцай,
36 каб, калі вернецца неспадзявана, не застаў вас спячымі.
37 А што вам кажу, усім кажу: чувайце!»
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Евангелле паводле Марка, 13 разьдзел

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь

Публікуецца з дазволу Міжканфесіянальнага хрысціянскага рэлігійнага брацтва
«Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь».
© 2017