Біблія » Пераклады » Пераклад Чарняўскага 2017

Марка 11 Паводле Марка 11 разьдзел

1 І калі наблізіліся яны да Ерузаліма, да Бэтфагэ і Бэтаніі на гары Аліўнай, Ісус пасылае двух з вучняў Сваіх
2 і гаворыць ім: «Ідзіце ў вёску, што перад вамі, і пры ўваходзе ў яе зараз знойдзеце асляня прывязанае, на якім яшчэ ніхто з людзей не ездзіў. Адвяжыце яго і прывядзіце.
3 І калі б вас хто спытаўся: “Што вы робіце?”, скажыце: “Госпад яго патрабуе”, і адразу ж адашле яго сюды».
4 Пайшлі тады і знайшлі асляня пры варотах звонку, на скрыжаванні, і адвязалі яго.
5 Некаторыя з там стаяўшых казалі ім: «Што робіце? Чаму адвязваеце асляня?»
6 А яны адказалі ім, як сказаў Ісус; і адпусцілі іх.
7 І прывялі асляня да Ісуса, і ўсклалі на яго адзенне сваё; і Ён сеў на яго.
8 І многія клалі на дарозе сваё адзенне, а іншыя вецце, якое рэзалі з дрэваў, кідалі на дарогу.
9 І тыя, што ішлі наперадзе і што ішлі за Ім, крычалі: «Гасана! Дабраславёны, Хто прыходзіць у імя Госпада!
10 Дабраславёна Валадарства айца нашага Давіда, якое надыходзіць у імя Госпада! Гасана на вышынях!»
11 І ўвайшоў Ісус у Ерузалім і у святыню; і, агледзеўшы ўсё, бо ўжо была вячэрняя пара, з дванаццаццю выйшаў у Бэтанію.
12 І назаўтра, калі выходзіў з Бэтаніі, адчуў голад.
13 І, калі здалёк убачыў дрэва фігавае, пакрытае лістотаю, падышоў, ці не знойдзе што на ім. І, калі падышоў да дрэва, нічога, акрамя лістоты, не знайшоў, бо не была пара на фігі.
14 І, звяртаючыся да дрэва, сказаў: «Няхай ужо ніколі не есць з цябе ніхто пладоў». І чулі гэта вучні Яго.
15 І прыходзіць у Ерузалім. Ісус, калі ўвайшоў у святыню, пачаў выганяць прадаючых і купляючых у святыні, і сталы мянялаў і лаўкі прадаўцоў галубоў перакуліў.
16 Ды не дазволіў, каб якую рэч пераносілі праз святыню.
17 І навучаў іх, кажучы: «Няўжо не напісана: “Дом Мой домам малітвы будзе названы для ўсіх народаў”? А вы зрабілі яго пячорай разбойнікаў».
18 Пачуўшы гэта, першасвятары і кніжнікі шукалі, як Яго загубіць, бо баяліся Яго, паколькі ўсе людзі захапляліся Яго навукаю.
19 А калі звечарэла, выйшлі з горада.
20 І, калі праходзілі раніцай, убачылі дрэва фігавае ссохлым ад карэнняў.
21 Ды, прыпомніўшы, Пётра кажа Яму: «Рабі, вось, фігавае дрэва, што Ты пракляў, ссохла».
22 І, адказваючы, Ісус гаворыць ім: «Майце веру Божую!
23 Сапраўды кажу вам: каб хто сказаў гэтай гары: “Падыміся і кінься ў мора”, і не сумняваўся ў сэрцы сваім, але верыў, што станецца, як скажа, станецца яму.
24 Таму кажу вам: усё, пра што ў малітве просіце, верце, што атрымаеце, і будзе вам.
25 І калі становіцеся маліцца, даруйце, калі што маеце супраць каго, каб і Айцец ваш, Які ў небе, дараваў вам грахі вашы.
26 Калі ж вы не даруеце, то і Айцец ваш, Які ў небе, не даруе вам грахоў вашых
27 І зноў прыходзяць у Ерузалім. І калі Ісус хадзіў па святыні, падышлі да Яго першасвятары, кніжнікі і старэйшыны
28 і казалі Яму: «Якою ўладаю Ты гэта робіш? Ды хто Табе даў такую ўладу, каб Ты гэта рабіў?»
29 А Ісус гаворыць ім: «І Я ў вас запытаюся адно слова, адкажыце Мне, тады і Я вам скажу, якою ўладай Я гэта раблю.
30 Хрост Яна з неба быў ці ад людзей? Адкажыце Мне».
31 Яны разважалі між сабой, кажучы: «Калі скажам: “З неба”, Ён скажа нам: “Дык чаму тады не паверылі яму?”»
32 А калі сказаць: “Ад людзей”, баяліся народа, бо ўсе лічылі Яна за праўдзівага прарока.
33 І, адказваючы, сказалі Ісусу: «Не ведаем». А Ісус гаворыць ім: «І Я вам не скажу, якою ўладаю гэта раблю».
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Евангелле паводле Марка, 11 разьдзел

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь

Публікуецца з дазволу Міжканфесіянальнага хрысціянскага рэлігійнага брацтва
«Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь».
© 2017