1 І па некалькіх днях зноў Ён наведаў Кафарнаўм, і людзі пачулі, што Ён у доме,
2 і адразу сышлося такое мноства, што нават пры дзвярах не маглі памясціцца, і гаварыў ім слова.
3 І прыйшлі да Яго насільшчыкі са спаралізаваным, якога неслі ўчатырох.
4 І калі з-за натоўпу не маглі яго паднесці да Ісуса, дык раскрылі дах там, дзе Ён быў, і, зрабіўшы дзіру, спусцілі пасцель, на якой ляжаў спаралізаваны.
5 А калі Ісус убачыў іх веру, кажа спаралізаванаму: «Дзіця, даруюцца грахі твае».
6 Былі ж там некаторыя кніжнікі, што сядзелі і думалі ў сэрцы сваім:
7 «Што Ён кажа? Блюзніць! Хто можа дараваць грахі, калі не Сам Бог?»
8 А Ісус, адразу пазнаўшы Сваім Духам, што яны так думалі ў сабе, кажа ім: «Што думаеце ў сэрцах вашых?
9 Што лягчэй сказаць спаралізаванаму: “Даруюцца твае грахі”, ці сказаць: “Устань, вазьмі пасцель сваю і хадзі”.
10 Але, каб вы ведалі, што Сын Чалавечы мае ўладу на зямлі адпускаць грахі, — гаворыць спаралізаванаму:
11 “Табе кажу: устань, вазьмі пасцель тваю і вяртайся ў дом твой”».
12 Дык ён адразу ўстаў і, узяўшы пасцель, пайшоў перад усімі, тк што ўсе дзівіліся і славілі Бога, кажучы: «Мы такога ніколі не бачылі».
13 І Ісус зноў адышоў да мора, а ўвесь натоўп людзей ішоў да Яго, і Ён навучаў іх.
14 І, калі праходзіў міма, убачыў Леві Алфеева, што сядзеў на мытні, і гаворыць яму: «Ідзі за Мной!» І ён, падняўшыся, пайшоў за Ім.
15 І здарылася, калі ўзлягаў пры стале ў доме яго, узлягала разам з Ісусам і Яго вучнямі шмат мытнікаў і грэшнікаў. Было бо многа іх, і яны хадзілі за Ім.
16 І кніжнікі, і фарысеі, бачачы, што Ісус есць з мытнікамі і грэшнікамі, казалі вучням Яго: «Чаму Ён есць і п’е з мытнікамі і грэшнікамі?»
17 Пачуўшы гэта, Ісус кажа ім: «Не здаровым патрэбны лекар, але тым, што хварэюць. Я прыйшоў клікаць не справядлівых, але грэшнікаў да пакаяння».
18 Вучні Янавы і фарысеі посцілі. Дык прыходзяць да Яго ды кажуць: «Чаму, вось, вучні Янавы і фарысейскія посцяць, а Твае вучні не посцяць?»
19 Адказаў ім Ісус: «Ці ж могуць посціць вясельнікі, пакуль малады з імі? Дакуль маюць жаніха ў сябе, не могуць посціць.
20 А надыдуць дні, калі жаніха забяруць ад іх, і тады будуць посціць у тыя дні.
21 Ніхто не прышывае латы з новага сукна да старога адзення, бо новая лата раздзярэ старое адзенне, і дзіра зробіцца большая.
22 Ніхто таксама не ўлівае маладога віна ў старыя мяхі, бо віно разарве мяхі — і віно выцячэ, і мяхі прападуць; таму маладое віно ўліваць трэба ў мяхі новыя».
23 Прыйшлося аднойчы Яму ў суботу праходзіць праз палеткі, засеяныя збожжам. Вучні ж Яго пачалі зрываць каласы.
24 Дык фарысеі казалі Яму: «Вось што робяць у суботу, гэта ж не след рабіць!»
25 Ісус жа кажа ім: «Ці вы не чыталі, што зрабіў Давід, калі быў у патрэбе і галодны, ды тыя, што з ім былі?
26 Як увайшоў у дом Божы за Абіятарам першасвятаром ды еў хлябы пакладныя, якіх нельга яму было есці, а толькі святарам, і поруч даў тым, што з ім разам былі?»
27 Ды казаў ім: «Субота ўстаноўлена для чалавека, а не чалавек для суботы.
28 Значыць, Сын Чалавечы ёсць Гаспадар суботы».
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце:
Ctrl + Enter
Евангелле паводле Марка, 2 разьдзел
Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.
Публікуецца з дазволу Міжканфесіянальнага хрысціянскага рэлігійнага брацтва
«Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь».
© 2017