1 Праз колькі дзён ізноў прыйшоў Ён у Капэрнаум, і разыйшлося, што Ён у доме.
2 Зараз сабралося гэтулькі народу, што ўжо і ля дзьве́раў ня было ме́сца; і Ён гаварыў ім слова.
3 І прыйшлі да Яго з спараліжава́ным, якога не́сьлі чацьвёра;
4 і, ня маючы магчымасьці прыйсьці да Яго цераз народ, раскрылі страху́ дому, дзе́ Ён быў, і, зро́біўшы дзіру, спусьцілі пасьце́ль, на якой ляжаў спараліжава́ны.
5 Ісус, ба́чучы ве́ру іх, кажа паралітыку: дзіця, даруюцца табе́ грахí тваі.
6 Тут жа сядзе́лі некаторыя з кніжнікаў і разважалі ў сэрцах сваіх:
7 што гэта Ён гэтак блюзьніць? Хто можа дараваць грахі, апрача аднаго Бога?
8 Ісус, ураз жа даве́даўшыся духам Сваім, што яны гэтак думаюць сабе́, сказаў Ім: на што гэтак думаеце ў сэрцах вашых?
9 Што лягчэй? ці сказаць паралітыку: даруюцца табе́ грахí? ці сказаць: устань, вазьмі ложак свой і хадзі?
10 Але, каб вы ве́далі, што Сын Чалаве́чы ма́е ўладу на зямлі дараваць грахі, — кажа паралітыку:
11 Табе кажу: уста́нь, вазьмі ложак твой ды йдзі ў дом твой.
12 Той ураз жа ўстаў і, узяўшы ложак, выйшаў перад усімі, так што ўсе́ дзівіліся і славілі Бога, кажучы: ніколі нічога такога мы ня бачылі.
13 І выйшаў Ісус ізноў да мора; і ўве́сь народ пайшоў да Яго, і Ён навучаў іх.
14 Праходзячы, угле́дзіў Ён Ле́вія Алфе́явага, сядзючы́ на мы́тніцы, і кажа яму: ідзі за Мною. І той, устаўшы, пайшоў за Ім.
15 І ста́лася, калі Ісус сядзе́ў за сталом у доме ягоным, пасяда́лі з Ім і вучнямі Яго шмат мы́тнікаў ды грэшнікаў, бо было іх многа, і яны йшлі за Ім.
16 Кніжнікі й фарысэі, угле́дзіўшы, што Ён е́сьць з мытнікамі ды грэшнікамі, кажуць вучням Яго: як гэта Ён е́сьць і п’е́ць з мытнікамі ды грэшнікамі?
17 Пачуўшы гэтае, Ісус кажа ім: не́ здаро́вым трэба ле́кара, але хворым. Я прыйшоў клікаць не́ сьвятых, але грэшнікаў да пакуты.
18 А вучні Іоанавы і фарысэйскія пасьцілі, і прыходзяць да Яго ды кажуць: чаму вучні Іоанавы ды фарысэйскія посьцяць, а Тваі вучні ня посьцяць?
19 І сказаў ім Ісус: ці могуць пасьцíць сыны вясе́льля, калі з імі жаніх? Пакуль маюць сярод сябе́ жаніха́, ня могуць пасьцíць.
20 Але пры́йдуць дні, калі во́зьмуць ад іх жаніха́, і тады будуць пасьцíць у тыя дні.
21 І ніхто не прышывае ла́пінкі з новай тканіны да старое адзе́жыны, бо новая ла́пінка адарве́цца ад старо́га, і дзіра́ будзе яшчэ бо́льшая.
22 І ніхто не налівае новага віна ў стары́я мяхí, бо новае віно прарве́ мяхí, і віно вы́цяча, ды мяхí прападуць; але віно новае трэба ўліваць у новыя мяхí.
23 І давяло́ся перахо́дзіць Яму ў суботу це́раз засе́вы; і пачалі вучні Ягоныя дарогаю рваць кало́сьсе.
24 Фарысэі сказалі Яму: глядзі, чаму яны робяць у суботу тое, чаго ня сьле́д рабіць?
25 Ён сказаў ім: няўжо-ж вы ніколі ня чыталі, што зрабіў Давід, калі ме́ў патрэбу й галада́ў сам ды быўшыя з ім?
26 Як увайшоў ён у дом Божы за архірэя Авіафа́ра ды е́ў хлябы́ ахвя́рныя, якіх ня можна было е́сьці нікому, апрача сьвяшчэньнікаў, і даў і тым, што былі з ім.
27 І сказаў ім: субота для чалаве́ка, але не́ чалаве́к для суботы;
28 вось чаму Сын Чалаве́чы ёсьць гаспадар і над суботай.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце:
Ctrl + Enter
Паводле Марка Сьвятое Эвангельле, 2 разьдзел
Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.
Public Domain — народны здабытак.
Лукаш Дзекуць-Малей, Антон Луцкевіч.
© 1931, 1948; у 1985, 1991 унесены праўкі.