1 За два дні была Пасха і сьвята праснакоў; і шукалі архірэі і кніжнікі, як узяць Яго хітрасьцяй ды забіць.
2 Але казалі: толькі ня ў сьвята, каб ня было разрухі ў народзе.
3 І як быў Ён у Віфаніі, у доме Сымона пракажо́нага, ды спачываў за сталом, прыйшла жанчына з аляба́стравым збанко́м міра нардо́вага, чы́стага й дарагога, ды, разьбіўшы судзіну, паліла Яму галаву.
4 І былі некаторыя, што гне́валіся ў сабе́ і гаварылі: на што гэты глум міра?
5 Бо-ж можна было-б прадаць яго больш, як за трыста дынараў, ды раздаць бе́дным. І наракалі на яе́.
6 Але Ісус сказаў: пакіньце яе́: на што́ ёй робіце пры́красьць? Яна добрае дзе́ла зрабіла для Мяне́.
7 Бо ўбогіх заўседы ма́еце з сабою і можаце ім рабіць дабро, калі захо́чаце, а Мяне́ ма́еце не заўсёды.
8 Яна, што магла, зрабіла: наўпе́рад пама́зала це́ла Маё для пахава́ньня.
9 Запраўды́ кажу́ вам: дзе́ толькі будзе абве́шчана Эвангельле гэтае па ўсім сьве́це, дык і аб тым, што зрабіла яна, ска́зана будзе ў памяць аб ёй.
10 А Юда Іскарыёт, адзін з дванаццацёх, пайшоў да архірэяў, каб прада́ць Яго ім.
11 Яны-ж, пачуўшы, узрадаваліся і абяцалі даць яму грошы. І ён шукаў, як у адпаве́дную часíну прада́ць Яго.
12 І ў пе́ршы дзе́нь праснакоў, калі рэзалі ягнё на Пасху, кажуць Яму вучні Ягоныя: дзе́ хочаш, каб мы пайшлі прыгатавалі Табе́ е́сьці пасху?
13 І пасылае двух з вучняў Сваіх і кажа ім: Ідзе́це да ме́ста; і сустрэнецца вам чалаве́к, нясучы́ гляк з вадою; ідзе́це за ім.
14 І куды ён увойдзе, скажэце гаспадару́ тае́ хаты: Вучыцель пыта́ецца: дзе́ сьвятліца, у якой спажыва́ціму пасху з вучнямі Маімі?
15 І ён пакажа вам пакой вялікі, засланы, гатовы; там прыгатуйце нам.
16 І пайшлі вучні Ягоныя, і прыйшлі да ме́ста, і знайшлі, як сказаў ім; і прыгатавалі пасху.
17 І, калі настаў ве́чар, Ён прыходзіць з дванаццацьма.
18 І, як сядзе́лі яны за сталом ды е́лі, Ісус сказаў: запраўды́ кажу́ вам: адзін з вас, што е́сьць са Мною, прада́сьць Мяне́.
19 Яны-ж пачалі сумава́ць ды адзін праз аднаго казаці да Яго: ці ня я? І другі: ці ня я?
20 Ён жа, адка́зваючы, сказаў ім: адзін з дванаццацёх, што мача́е са Мною ў місе.
21 Бо Сын Чалаве́чы йдзе́, як напісана аб Ім; але го́ра таму чалаве́ку, праз якога прада́дзены будзе Сын Чалаве́чы. Ляпе́й было-б яму, калі-б чалаве́к гэны не радзіўся.
22 І, калі яны е́лі, Ісус, узяўшы хле́б, багаславіў яго ды, паламаўшы, даў ім і сказаў: вазьме́це, е́шце; гэта ёсьць це́ла Маё.
23 І, узяўшы ча́ру й аддаўшы хвалу, падаў ім: і пілі яе́ ўсе́.
24 І сказаў ім: гэта ёсьць кроў Мая новага запаве́ту, што за многіх праліваецца.
25 Запраўды́ кажу́ вам: ніколі ўжо ня буду піць ад пло́ду вінаграднага ажно до таго дня, калі піць буду новае віно ў царстве Божым.
26 І, запяяўшы, пайшлі на гару Аліўную.
27 І кажа ім Ісус: усе́ вы спаку́шаны будзеце ў гэту ноч за Мяне́; бо напісана: ўда́ру пастуха, і рассыплюцца аве́чкі (Захарія 13:7).
28 Але, як уваскросну, апярэджу вас у Галіле́і.
29 Пётр жа сказаў Яму: хай усе́ спаку́сяцца, але ня я.
30 І кажа яму Ісус: запраўды́ кажу́ табе́, што ты сяньня, у гэтую самую ноч, пе́рш, чым пе́вень двойчы прапяе́, тры разы адрачэшся ад Мяне́.
31 Але той яшчэ больш казаў: хаця-б мне́ трэба было паме́рці разам з Табою, не адракуся ад Цябе́. Гэтак сама гаварылі і ўсе́.
32 І прыйшлі ў сяло, званае Гефсіманія, і сказаў вучням Сваім: пасядзеце тут, пакуль памалюся.
33 І бярэ з сабою Пятра, Якава ды Іоана; і найшоў жах дый туга́ на Яго.
34 І кажа ім: су́мная душа́ мая ажно да сьме́рці; пабудзьце гэтта і ня сьпіце.
35 І, адыйшоўшыся трохі, упаў на зямлю і маліўся, каб, калі магчыма, абмінула Яго гэтая гадзіна;
36 і гаварыў: Авва, Ойча! усё магчыма для Цябе́, пранясí ча́ру гэтую міма Мяне́; ды ня тое, чаго Я хачу, а чаго Ты.
37 І варо́чаецца і знаходзіць іх сплючы́, дый кажа Пятру: Сымоне! Ты сьпіш? Ня мог ты аднае́ гадзіны ня спаць?
38 Ня сьпіце й маліцеся, каб не папа́сьці ў спакусу: бо-ж дух крэпкі, а це́ла слабое.
39 І ізноў, адыйшоўшыся, маліўся, гаворачы тое-ж слова.
40 І, вярнуўшыся, знайшоў іх ізноў сплючы́; бо во́чы ў іх абцяжэлі, і ня ве́далі, што адказваць Яму.
41 І прыходзіць трэці раз і кажа ім: вы ўсё яшчэ сьпіцё і спачываеце? Годзе! Настаў час! Вось прадае́цца Сын Чалаве́чы ў рукі грэшнікаў.
42 Уставайце! Хадзем! Вось падыходзіць той, што прадае́ Мяне́.
43 І ўраз жа, як Ён яшчэ гаварыў, прыходзіць Юда, адзін з дванаццацёх, а з ім вялікая грамада з мяча́мі ды кала́мі ад архірэяў і кніжнікаў і старшых.
44 І той, што прадаваў Яго, даў ім знак, сказаўшы: каго я пацалую, Той і ёсьць; бярэце Яго й вядзе́це асьцярожна.
45 І, прыйшоўшы, за́раз жа падыйшоў да Яго ды кажа: Равві! Равві! і пацалаваў Яго.
46 А яны ўзлажылі рукі свае́ на Яго і ўзялі Яго.
47 Адзін жа із стаяўшых ля Яго, выхапіўшы ме́ч, удэрыў слугу архірэявага ды адсе́к яму вуха.
48 І, азваўшыся, Ісус сказаў ім: быццам на разбойніка выйшлі вы з мяча́мі й кала́мі, каб схапіць Мяне́.
49 Што-дзе́нь быў Я з вамі ў царкве́, навуча́ючы, і вы ня бралі Мяне́; але няхай збудзецца, што напісана.
50 І ўсе́, пакінуўшы Яго, паўцякалі.
51 І пайшоў за Ім адзін дзяцюк, што быў накінуўшы на сябе́ лёгкую тканіну на голае це́ла; і жаўне́ры схапілі Яго.
52 Але ён, пакінуўшы тканіну, голы ўцёк ад іх.
53 І прывялі Ісуса да архірэя; і сабраліся да яго ўсе́ архірэі і старшы́ны і кніжнікі.
54 Пётр жа здалёк ішоў за Ім ажно ў сярэдзіну на падворак архірэяў; і сядзе́ў з слугамі і грэўся ля вагня.
55 Архірэі-ж і ўве́сь сынэдрыон шукалі сьвядоцтва проці Ісуса, каб аддаць Яго на сьме́рць: і не знаходзілі.
56 Бо шмат хто сьве́дчыў ілжыва проці Яго, але нязгодныя былі між сабою сьвядоцтвы іхнія.
57 І некаторыя, падняўшыся, сьве́дчылі проці Яго ілжыва, кажучы:
58 Мы чулі, як Ён казаў: Я зруйную гэтую царкву́, збудаваную рукамі, і цераз тры дні збудую другую, нерукатворную.
59 Але і іхнія сьвядоцтвы ня зыходзіліся.
60 Тады ўстаў архірэй пасярэдзіне ды спытаўся ў Ісуса: Нічога не адказваеш? Што́ яны проці Цябе́ сьве́дчаць?
61 Але Ён маўчаў і не адказваў нічога. Ізноў архірэй спытаўся ў Яго, кажучы Яму: Ці Ты — Хрыстос, Сын Бога Багасла́ўленага?
62 Ісус адказаў: гэта Я; і вы ўбачыце Сына Чалаве́чага, сядзючы́ направа ад сілы й ідучы́ на хмарах нябе́сных.
63 Тады архірэй, разьдзёршы вопраткі свае́, сказаў: на што нам яшчэ сьве́дкі?
64 Вы чулі хулу́? Як вам здае́цца? Тыя-ж усе́ прысудзілі, што варт сьме́рці.
65 І пачалі іншыя плява́ць на Яго і, закрываючы Яму аблічча, біць Яго ды гаварыць Яму: прароч! І слугі білі Яго па шчо́ках.
66 І, калі Пётр быў на дварэ, унізе, прыйшла адна з дяўчатак архірэйскіх
67 і, убачыўшы Пятра, што ён грэецца, прыгле́дзіўшыся да яго, сказала: і ты быў з Ісусам Назаранінам.
68 Але ён адрокся, кажучы: ня ве́даю і не разуме́ю, што гаворыш. І выйшаў на пярэдні падворак; і прапяяў пе́вень.
69 Дзяўчынка-ж, ізноў убачыўшы яго, пачала казаць стаяўшым навакол: гэты із іх.
70 Ён жа ізноў адрокся. І, крыху счакаўшы, стаяўшыя наўкола ізноў пачалі гаварыць Пятру: праўда, што ты із іх: бо ты і галіле́янін, і гутарка твая падобная.
71 А ён пачаў кля́сьціся ды прысяга́цца: ня ве́даю чалаве́ка гэнага, аб якім гаворыце.
72 Тады другі раз прапяяў пе́вень. І прыпомніў Пётр слова, што сказаў яму Ісус: пе́рш, чым пе́вень двойчы прапяе́, тры разы адрачэшся ад Мяне́. І пачаў плакаць.
Каментары ці зноскі:
49, 58 царква = храм.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце:
Ctrl + Enter
Паводле Марка Сьвятое Эвангельле, 14 разьдзел
Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.
Public Domain — народны здабытак.
Лукаш Дзекуць-Малей, Антон Луцкевіч.
© 1931, 1948; у 1985, 1991 унесены праўкі.