Біблія » Пераклады » Пераклад Яна Станкевіча

Маркі 14 Евангеля Маркі 14 разьдзел

1 За два дні ж была Пасха а Праснакі. І шукалі найвышшыя сьвятары а кніжнікі, як бы няць Яго падходам, каб маглі забіць;
2 Бо гукалі: «Ня ў сьвята, каб ня сталася ўзрушэньне люду».
3 І як Ён быў у Віфані, у доме Сымона пракажанага, і ўзьляжаў за сталом, прышла жонка з алябастравай судзіною нардавага алею, чыстага а вельмі дарагога; і, разьбіўшы алябастравую судзіну, выліла на галаву Яму.
4 А Некатрыя абураліся мяжсобку: «Нашто гэтая страта масьці?
5 Бо можна было б прадаць яе балей, чымся за трыста дынароў, і раздаць убогім». І гневаліся на яе.
6 Але Ісус сказаў: «Пакіньце яе; нашто робіце ёй прыкрасьць? Яна добры ўчынак зрабіла Імне.
7 Бо ўбогіх маеце заўсёды із сабою і ў часе, калі захочаце, можаце рабіць ім дабро; а Мяне не заўсёды маеце.
8 Яна зрабіла, што магла: загадзя намасьціла цела Мае да пахову.
9 Запраўды кажу вам: ідзе толькі будзе абяшчана Евангеля гэтая па цэлым сьвеце, таксама, што яна зрабіла, сказана будзе на памятку яе».
10 І Юда Іскарыёт, адзін із двананцацёх, пайшоў да найвышшых сьвятароў, каб выдаць Яго ім.
11 Яны ж, пачуўшы, узрадаваліся і абяцалі даць яму срэбла. І ён шукаў, як бы прыгодна ізрадзіць Яго.
12 І на першы дзень Праснакоў, як абракалі пасхальнага баранчыка, вучанікі Ягоныя сказалі Яму: «Ідзе хочаш, каб мы, пашоўшы, прыгатавалі, каб Ты мог есьці пасху?»
13 І паслаў двух із вучанікаў Сваіх, і сказаў ім: «Ідзіце да места, і стрэне вас чалавек, нясучы жбан вады; ідзіце за ім.
14 І куды ўвыйдзе, скажыце гаспадару дому таго: "Вучыцель кажа: ідзе гасьцінны пакой Мой, у каторым Я змог бы есьці пасху з вучанікамі Сваімі?"
15 І ён пакажа вам вялікі верхні пакой, засланы, прыгатаваны; там прыгатуйце нам».
16 І вучанікі Ягоныя пайшлі, і прышлі да места, і знайшлі, як Ён сказаў ім; і прыгатавалі пасху.
17 І як зьвечарэла, Ён прыходзе з двананцацьма.
18 І, як яны ўзьляжалі а елі, Ісус сказаў: «Запраўды кажу вам, адзін із вас, каторы есьць із Імною, ізрадзе Мяне».
19 І яны пачалі смуціцца й казалі Яму адзін за адным: «Ці ня я» і другі: «Ці ня я?»
20 І Ён, адказуючы, сказаў ім: «Адзін із двананцацёх, што мачае з Імною ў місе.
21 Сын Людзкі запраўды йдзець, як напісана празь Яго; але бяда таму чалавеку, каторым Сын Людзкі ізраджаецца; валей было б не радзіцца таму чалавеку».
22 І як яны елі, Ісус, узяўшы хлеб, дабраславіў, ламіў а даваў ім, кажучы: «Вазьміце, ежча; гэта ё цела Мае».
23 І ўзяўшы чару, і даўшы дзякі, падаў ім; і пілі зь яе ўсі.
24 І сказаў ім: «Гэта ё кроў Мая Новага Закону, за шмат выліваная.
25 Запраўды кажу вам: Я ўжо ня буду піці з плоду віннога аж да таго дня, калі буду піць новае ў гаспадарстве Божым».
26 І, запяяўшы псальму, вышлі на гару Аліўную.
27 І Ісус кажа ім: «Усі вы спакусіцеся з прычыны Мяне гэтае ночы; бо напісана: "Вытну пастыра, і рассыпяцца авечкі".
28 Але, як ускрэсну, выпераджу вас да Ґалілеі».
29 І Пётра сказаў Яму: «Хоць усі спакусяцца, але ня я».
30 І сказаў яму Ісус: «Запраўды кажу табе, што сядні гэтае ночы, уперад чымся пятух запяець двойчы, ты выпрашся Мяне трэйчы».
31 Але ён станаўчэй казаў: «Калі б я меў памерці з Табою, ніколі ня выпруся Цябе». Гэтак і ўсі іншыя казалі.
32 І прышлі на месца, званае Ґефсыманя; і Ён сказаў вучанікам Сваім: «Пасядзіце тут, пакуль Я памалюся».
33 І, узяўшы із Сабою Пётру а Якава а Яана, пачаў жахацца а немарасьціцца.
34 І кажа ім: «Надзвычайна смутная душа Мая аж да сьмерці; пачакайце тут і будзьце чукавыя».
35 І адышоўся крыху, і паў на зямлю, і маліўся, каб, калі б гэта было магчыма, мінула Яго гадзіна гэтая.
36 І казаў: «Аўва, Войча! усе магчыма Табе, аддаль ад Мяне чару гэтую, не чаго Я хачу, адылі, але чаго Ты».
37 І прыходзе, і засьпяець іх сьпячых, і кажа Пётру: «Сымоне, ты сьпіш? ня мог ты аднае гадзіны ня спаць?
38 Будзьце чукавыя й маліцеся, каб не паддацца спакусе. Дух, праўда, імклівы, але цела млявае».
39 І ўзноў адыйшоўся, і маліўся, і казаў тыя самыя словы.
40 І ўзноў прышоўшы, засьпеў іх ізноў сьпячых, бо вочы ў іх ацяжэлі; і яны ня ведалі, што адказаць Яму.
41 І прыходзе трэйці раз, і кажа ім: «Сьпіце ўжо а супачывайце. Годзе! настала гадзіна; вось, Сын Людзкі выдаецца ў рукі грэшнікаў.
42 Устаньце, ідзіма; гля, бліжыцца тый, што ізраджае Мяне».
43 І зараз, як Ён яшчэ гукаў, прыбывае Юда, што быў адзін із двананцацёх, і зь ім груд вялікі зь мячамі а кіямі ад найвышшых сьвятароў а ад кніжнікаў а ад старцоў.
44 І зраднік жа Ягоны даў ім знак, кажучы: «Каго я пацалую, тый ё; імайце Яго і вядзіце асьцярожна».
45 І, прышоўшы, зараз падышоў да Яго, і кажа: «Раббі! Раббі!» і горача пацалаваў Яго.
46 І яны ўзлажылі рукі свае на Яго, і нялі Яго.
47 І адзін із стаячых тут агаліў меч, і выцяў слугу найвышшага сьвятара, і адцяў яму вуха.
48 І Ісус, адказуючы, сказаў ім: «Бы на разбойніка, вы вышлі зь мячамі а кіямі няць Мяне.
49 Што дня я быў з вамі ў сьвятыні, навучаючы, і вы ня бралі Мяне. Але каб выпаўніліся Пісьмы».
50 Тады, пакінуўшы Яго, усі ўцяклі.
51 Адзін жа маладзён, накінуўшы палатніну на голага, ішоў за Ім; і маладзёны нялі яго.
52 Але ён, пакінуўшы палатніну, уцёк ад іх голы.
53 І завялі Ісуса да найвышшага сьвятара; і ў яго былі зьбершыся ўсі найвышшыя сьвятары а старцы а кніжнікі.
54 А Пётра йшоў за Ім воддаль, ажно на панадворак найвышшага сьвятара; і сядзеў із паслугачымі і грэўся ля цяпла.
55 А найвышшыя сьвятары а ўвесь сынэдрыён шукалі сьветчаньня на Ісуса, каб зрабіць Яму сьмерць; і не знаходзілі.
56 Бо шмат было хвальшывых сьветак на Яго, але сьветчаньні іхныя ня былі згодныя.
57 Тады некатрыя, устаўшы, хвальшыва сьветчылі на яго, кажучы:
58 «Мы чулі, што Ён казаў: "Я абуру Дом Божы гэты, рукамі зроблены, і за тры дні іншы, ня рукамі зроблены, пастанаўлю"».
59 Але й гэта сьветчаньне іхнае ня было згоднае.
60 Тады найвышшы сьвятар стаў пасярод і пытаўся ў Ісуса, кажучы: «Не адказуеш Ты нічога, што гэтыя на Цябе сьветчаць?»
61 Але Ён маўчэў і нічога не адказаў. Ізноў найвышшы сьвятар папытаўся ў Яго і сказаў Яму: «Ці Ты Хрыстос, Сын Дабраславёнага?»
62 І Ісус сказаў: «Я; і вы абачыце Сына Людзкога, на правіцы Моцы седзячага і прыходзячага ў булакох нябёсных».
63 Тады найвышшы сьвятар, разьдзершы адзецьце свае, сказаў: «Нашто яшчэ нам сьветкі?
64 Вы чулі блявузґаньне. Як вам здаецца?» Яны ж усі прызналі, што Ён варты сьмерці.
65 І некатрыя пачалі пліваць на Яго, і закрываць яму відзеньне, і поўшыць, і казаць Яму: «Прарачы»; і слугі білі Яго далонямі.
66 І як Пётра быў далавах на панадворку, прышла адна з паслугачых найвышшага сьвятара
67 І, абачыўшы Пётру, каторы грэўся, яна глянула на яго й сказала: «І ты быў зь Ісусам Назарэцкім».
68 Але ён выперся, сказаўшы: «Ня ведаю і не разумею, што ты кажаш». І вышаў вонкі на пярэдні панадворак; і запяяў пятух.
69 І паслугачая, абачыўшы яго, ізноў пачала гукаць тым, што стаялі там: «Гэты зь іх».
70 І ён ізноў выперся. І крыху пасьлей, тыя, што стаялі там, ізноў сказалі Пётру: «Запраўды ты зь іх, бо ты Ґалілеянін, і мова твая падобная».
71 Але ён пачаў клясьціся а бажыцца: «Я ня знаю чалавека, праз каторага вы гукаеце».
72 І якга другі раз пятух запяяў. І Пётра прыпомнеў слова, што Ісус казаў яму: «Уперад чымся пятух двойчы запяець, ты выпрашся Мяне трэйчы».
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Евангеля подле сьвятога Маркі, 14 разьдзел

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.