Біблія » Пераклады » Пераклад Яна Станкевіча

Маркі 7 Евангеля Маркі 7 разьдзел

1 Тады зьберліся да Яго фарысэі й некатрыя з кніжнікаў, што прышлі зь Ерузаліму,
2 І, бачачы некатрых вучанікаў Ягоных, што нячыстымі рукамі, значыцца непамытымі, елі хлеб, упікалі.
3 Бо фарысэі а ўсі Юдэі, дзержачы паданьне старцоў, не ядуць, не памыўшы ўважліва рук.
4 І, прышоўшы з торгу, не ядуць не памыўшыся. Ё й шмат чаго іншага, што яны прынялі дзяржаць: абмываньне чараў, судзьдзя, мядзяных рэчаў а сталоў.
5 Потым пытаюць у Яго фарысэі а кніжнікі: «Чаму вучанікі Твае ня робяць подле паданьня старцоў, але нячыстымі рукамі ядуць хлеб?»
6 Ён, адказуючы, сказаў ім: «Добра праракаў праз вас двудушнікаў Ісая, як напісана: "Людзі гэтыя сьцяць Мяне вуснамі, сэрца ж іхнае далёка ад Мяне;
7 Але дарма сьцяць Мяне, вучачы навукаў, расказаньняў людзкіх";
8 Бо вы, пакінуўшы расказаньне Божае, дзяржыце паданьне людзкое, абмываньне казаноў а чараў і шмат чаго іншага, падобнага да гэтага, робіце».
9 І сказаў Ён ім: «Ці добра, што адкладаеце расказаньне Божае, каб дзяржаць свае паданьне?
10 Бо Масей сказаў: "Сьці айца свайго й маці сва"; і: "Хто блага кажа праз айца альбо маці, няхай сьмерцю памрэць".
11 Але вы кажаце: "Калі хто скажа айцу свайму альбо маці: «корбан» (значыцца дар), чым бы ты мог карыстацца ад мяне";
12 То балей вы не дазваляеце яму штоколечы рабіць дзеля айца альбо маці,
13 Аддаляючы слова Божае паданьням сваім, каторае вы адзяржалі; і робіце шмат чаго, падобнага да гэтага».
14 І прыгукаўшы йзноў груд, кажа ім: «Слухайце Мяне ўсі й разумейце.
15 Няма нічога звонку людзіны, што, уходзячы ў яе, можа яе брудзяніць; але што зь людзіны выходзе, тое брудзяне людзіну.
16 Калі хто мае вушы слухаць, няхай слухае!»
17 І як Ён ад гурбы ўвыйшоў у дом, вучанікі Ягоныя папыталіся ў Яго праз прыпавесьць.
18 І Ён сказаў ім: «Дык і вы няцямлівыя? нягож ня цяміце, што нішто, што звонку ўходзе ў людзіну, ня можа збрудзяніць яе?
19 Бо ня ў сэрца ягонае ўходзе, але ў жывот, і выходзе вон, ачышчаючы ўсю ежу».
20 І сказаў Ён: «Што выходзе зь людзіны, тое брудзяне людзіну;
21 Бо з нутра, із сэрца людзкога, выходзяць благія падумкі, чужалоствы, бязулства, убіўствы,
22 Зладзейства, прагавітасьць, нягоднасьць, ашука, бессарамяжнасьць, благое вока, блявузґаньне, пыха, дурнота.
23 Усе гэтае ліха з нутра выходзе й брудзяне людзіну».
24 І, устаўшы адгэнуль, адышоў да ўкраінаў Тырскіх а Сыдонскіх, і увыйшоўшы ў дом, не хацеў, каб хто ведаў, але ня мог стаіцца.
25 Бо зараз пачула празь Яго адна жонка, каторае маладая дачка мела нячыстага духа, і, прышоўшы, пала да ног Ягоных.
26 Жонка тая была Грачыца, СыраФінічанка подле нацанальнасьці; і прасіла яго, каб выгнаў нячысьціка з дачкі ейнае.
27 Але Ісус сказаў ёй: «Дазволь уперад насыціцца дзяцём, бо ня гожа ўзяць хлеб у дзяцей і кінуць шчанятам».
28 Але яна, адказуючы, сказала Яму: «Але, Спадару; адылі й шчаняты пад столам ядуць крошкі дзяціныя».
29 І сказаў ёй: «За гэтае слова йдзі; вышаў нячысьцік із дачкі твае».
30 І, прышоўшы да дому свайго, яна засьпела дзяцё на ложку, а нячысьцік вышаў.
31 І ўзноў, вышаўшы з аколіцаў тырскіх а сыдонскіх, прышоў да мора Ґалілейскага пераз граніцы Дзесяцімесьця.
32 І прывялі да Яго глухога загіклівага, і прасілі Яго, каб узлажыў руку сваю на яго.
33 І, адвёўшы яго аднаго на бок ад гурбы, улажыў палцы Свае ў вушы яму і, плюнуўшы, даткнуўся да языка ягонага;
34 І, глянуўшы на неба, уздыхнуў і сказаў яму: «Еффафа», значыцца «адчыніся».
35 І адчыніліся вушы ягоныя, і якга разьвязаўся зьвязак языка ягонага, і ён гукаў добра.
36 І заказаў ім казаць камулень; але чым балей Ён бараніў, тым балей яны надзвычайна разгалашалі.
37 І надзвычайна зумяваліся, кажучы: «Усе добра робе: і глухіх робе чуючымі, і немых — гукаючымі».
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Евангеля подле сьвятога Маркі, 7 разьдзел

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.