2 Яда з нямытымі рукамі. 3 Умываньні фарысейскія розныя. 7 Запаветы, і пераданьні чалавечыя. 10 Належыць шанаваць і не зьневажаць бацькоў. 15 Ганьбіць чалавека тое, што з вуснаў выходзіць. 24 Жанчына сірафінікійка. 32 Глухі і вугнівы.
1 I зыйшліся да Яго фарысеі і некаторыя з кніжнікаў, прыйшоўшы з Ерусаліму.
2 І ўгледзеўшы, што некаторыя з вучняў Ягоных бралі хлеб нячыстымі — гэта значыць, непамытымі перад ядой рукамі, зганілі гэта.
3 Бо фарысеі і ўсе юдэі, трымаючыся старых укладаў, не ядуць не памыўшы добра рук.
4 I калі прыходзяць з рынку, не ядуць, не памыўшыся перш, і шмат чаго іншага, перанятага з даўнасьці, трымаюцца: абмываньне кубкаў, чараў, катлоў, услонаў.
5 І вось пытаюць у Яго фарысеі і кніжнікі: — чаму вучні Твае ня трымаюцца укладаў старэйшых, але бяруць хлеб непамытымі рукамі.
6 Ён-жа ў адказ сказаў ім: — добра прарочыў Ісайя пра вас крывадушных, як гэта напісана: — «Людзі гэтыя паважаюць Мяне вуснамі, сэрца-ж іх далёка ад Мяне.
7 Але дарма пакланяюцца Мне, падаючы навукі і прыказаньні людзкія».
8 I вось вы, пакідаючы запаветы Божыя, трымаецеся ўкладаў чалавечых: абмываньня збанкоў ды кубкаў, ды шмат чаго падобнага да гэтаму творыце.
9 I сказаў ім: — ці добра, што вы адкідаеце прыказаньне Божае, каб выконваць уклад ваш?
10 Бо Майсей сказаў: — «паважай айца твайго і маці тваю», і «хто зьневажае айца ці маці, няхай сьмерцяй памрэ».
11 А вы кажаце: — хто скажа айцу ці маці — «корван» — гэта значыць дар Богу ўсё тое, што ад мяне належала-б.
12 — Тады ўжо дазваляецца нічым не ўспамагаць ні айцу свайму, ні маці сваёй.
13 Уневажняеце запавет Божы дзеля ўкладу вашага, ды робіце шмат што да гэтага падобнае.
14 I паклікаўшы увесь народ да Сябе, гаварыў ім: — слухайце Мяне і разумейце:
15 усё тое, што ўвайходзіць у чалавека звонку, ня можа апаганіць яго, але тое, што выходзіць з яго, тое апаганьвае чалавека.
16 Хто мае вушы слухаць, няхай пачуе.
17 І калі увайшоў ад народу ў дом, вучні Ягоныя пыталі ў Яго пра прыпавесьць.
18 I сказаў ім: — няўжо і вы гэткія недагадлівыя? ці-ж не разумееце, што ўсё, прынятае чалавекам звонку, ня можа яго спаганіць.
19 Бо ня ў сэрца яму ўваходзіць, але ў жывот, і выходзіць вон, гэтым ачышчаецца ўсё спажытае.
20 I сказаў яшчэ: — тое, што выходзіць з чалавека, тое апаганьвае чалавека.
21 Бо з нутра, з сэрца чалавека злыя памыслы: чужаманства, блуд, душагубства;
22 зладзейства, прагавітасьць, злаба, ашуканства, бессаромнасьць, зайздрасьць, блюзьнерства, пагарда, дурасьць.
23 Усё тое злое з нутры выходзщь і апаганьвае чалавека.
24 I, выйшаўшы адтуль, адыйшоў у землі Тырскія і Сыдонскія. А, увайшоўшы ў дом, не хацеў, каб хто даведаўся, але ня ўтрымаўся ў тайніцы.
25 Бо зараз-жа прачула пра Яго жанчына, у якое дачка была апанавана злыдухам, і прыйшоўшы, прыпала да ног Ягоных.
26 Жанчына-ж тая была эльлінская, сірафінікійка родам; i маліла Яго, каб выгнаў злыдуха з дачкі яе.
27 Ісус-жа сказаў ёй: — дай перш задаволіцца дзецям: бо нядобра ўзяць хлеб ад дзяцей і кінуць шчанятам.
28 Яна-ж у адказ сказала: — так, Госпадзе, але і шчаняты пад сталом ядуць крошкі ад дзяцей.
29 I сказаў ёй: — за гэтае слова — ідзі! — выйшаў злыдух з дачкі твае.
30 I калі яна прыйшла дадому, знайшла дачку на пасьцелі, а дух нечысьці пакінуў яе.
31 І выйшаўшы з межаў Тырскіх, Ісус праз землі Сыдонскія зноў прыйшоў да мора Галілейскага, сярод Дзесяцігродзьдзя.
32 I прывялі да Яго глухога і вугнівага, і малілі Яго каб узлажыў на яго руку.
33 Адвёўшы яго ад народу аднаго, Ісус улажыў пальцы Свае ў вушы яго, і плюнуўшы, дакрануўся да языка ягонага.
34 I, узглянуўшы ў неба, уздыхнуў і прамовіў: — Эффафа — гэта значыць — расчыніся.
35 I ураз расчыніліся вушы ягоныя і разьвязаўся язык яго, і ён стаў гаварыць добра.
36 Тады загадаў ім, каб нікому не гаварылі, але колькі Ён ні забараняў ім, яны яшчэ больш разгалошвалі.
37 I вельмі дзівіліся, кажучы: — добра ўсё робіць — і глухіх чуткімі, і нямых гаваркімі.
Каментары ці зноскі:
2 зганілі — ці — дакаралі.
21 чужаманства, блуд, душагубства — ці — чужаманствы, блуд, душагубствы.
22 зладзейства — ці — зладзействы.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце:
Ctrl + Enter
Сьвятое Евангельле Марка, 7 разьдзел
Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.