Біблія » Пераклады » Пераклад Міхася Міцкевіча

Марка 12 Паводле Марка 12 разьдзел

1 Прыпавесць пра вінаграднік. 10 Камень вуглавы. 14 Падатак кесару. 18 Садукеі — нявернікі уваскрасеньня. 28 першы запавет. 30 Любоў Бога і бліжняга. 35 Хрыстос, Сын Давыдаў. 38 Асьцярога прад кніжнікамі. 42 Бедная ўдавіца.
1 I пачаў гаварыць ім прыпавесьцямі. Чалавек некі насадзіў вінаграднік; абгарадзіў яго навокал, выкапаў вінацёл і збудаваў вежу і здаўшы яго вінаградарам, ад'ехаў.
2 У свой час ён паслаў слугу свайго узяць ад вінаградараў частку з плёну вінаграднага.
3 Яны-ж, схапіўшы яго, білі і адправілі ні з чым.
4 Зноў ён паслаў да іх другога слугу, і таму каменьнямі разьбілі галаву, і зьдекліва выгналі.
5 I яшчэ паслаў іншага, таго-ж забілі; ды шмат іншых, — адных пабівалі, іншых забівалі.
6 Яшчэ меў аднаго любага яму сына; паслаў нарэшце і таго да іх, кажучы: — пасаромеюцца сына майго.
7 Яны-ж, вінаградары, сказалі адзін аднаму: — гэта спадкаемца, пойдзем заб'ем яго, і спадчына будзе нашая.
8 I схапіўшы яго, забілі і выкінулі з вінаградніку.
9 Што-ж зробіць гаспадар вінаградніку? прыйдзе і аддасьць на сьмерць вінаградараў, а вінаграднік аддасьць іншым.
10 Няўжо вы ня чыталі гэтага ў Пісаньні: «Камень, збракаваны будаўнічымі, той лёг у аснову вугла».
11 Гэта ад Госпада, і дзіўным становіцца ў вачох нашых.
12 І яны памыкаліся налажыць на Яго рукі, ды баяліся народу; а яны-ж зразумелі, што пра іх сказаў прыпавесьць гэтую; і, пакінуўшы Яго, адыйшлі.
13 I падсылаюць да Яго некаторых з фарысеяў ды ірадыянаў, каб падлавіць Яго ў мове.
14 Тыя-ж, прыйшоўшы, кажуць Яму: — Вучыцель! мы ведаем, што Ты справядлівы, і не стараешся дагадзіць каму-небудзь, бо ня ўзіраешся на асобы, а папраўдзе на шлях Божы настаўляеш; ці абавязкова даваць падатак кесару ці не; мусім даваць, ці не?
15 Ён-жа, ведаючы іхны подступ, сказаў ім: — што вы Мяне выпрабоўваеце? прынясеце Мне дынар, каб пабачыць яго.
16 Яны прынясьлі; тады кажа ім: — чыё гэта аблічча адбіта тут, і чый напіс? яны сказалі — кесаравы.
17 Тады Ісус у адказ сказаў ім: — дык аддайце кесарава кесару, а Божае Богу; і дзівіліся з Яго.
18 Потым прыйшлі да Яго садукеі, якія кажуць, што няма уваскрасеньня мёртвых, і пыталіся ў Яго, кажучы:
19 — Вучыцель! Майсей напісаў нам: калі ў каго памрэ брат і пакіне жану, але не пакіне дзяцей, то брат ягоны няхай возьме жану яго, і адродзіць патомства брату свайму.
20 І вось было сем братоў, першы ўзяў жану, і памершы, не пакінуў патомства.
21 I другі ўзяў яе і памёр, не пакінуўшы патомства, таксама і трэйці.
22 Гэтак бралі яе сямёх, і не пакінулі патомства; пасьля ўсіх памерла і жана.
23 Дык пры уваскрасеньні, калі ўваскроснуць, катораму з іх будзе жаною, бо сем мелі яе за жану.
24 І сказаў Ісус у адказ ім: — ці ня ў гэтым вы вы ўпадаеце ў блуд, што ня ведаеце Пісаньня, ані сілы Божае.
25 Бо калі з мёртвых уваскроснуць, тады ня будуць ні жанщца, ні замуж выходзіць, але будуць як анёлы ў небе.
26 А пра памёршых, што яны ўстануць хіба ня чыталі вы ў кнізе Майсеевай, як Бог пры купіне гаварыў яму, кажучы: Я Бог Абрагама, і Бог Ісака, і Бог Якуба.
27 Бог ня ёсьць мёртвых, але Бог жывых.
28 I падыйшоў адзін з кніжнікаў, які чуў іхныя спрэчкі, ды пабачыўшы, як Ісус добра адказаў ім, папытаў у Яго: — які запавет найважнейшы?
29 Ісус адказаў яму: — першы з усіх запаветаў — «Слухай Ізраэль! Госпад Бог наш — Госпад Адзіны.
30 I ўзьлюбі Госпада Бога твайго ўсім сэрцам тваім, і ўсёю душою тваёю, і ўсім помыслам тваім, і ўсёю моцаю тваёю» — вось першы запавет.
31 І другі падобны да яго: — любі бліжняга твайго, як самога сябе; іншага, большага за гэты, няма.
32 I сказаў Яму кніжнік: — добра, Вучыцель! праўду Ты сказаў, што адзін ёсьць Бог, і няма іншага, апрача Яго.
33 I любіць Яго ўсім сэрцам, і ўсім помыслам, і ўсёю душою, і ўсёю моцаю, і любіць бліжняга, як самога сябе, — гэта ёсьць большае за ўсе ахвяры і усеспаленьні.
34 Ісус, бачачы, што той разумна адказваў, сказаў яму: — недалёка ты ад Уладарства Божага; і ніхто больш не адважыўся пытацца Яго.
35 Ісус-жа, працягваючы навучаньне ў храме, гаварыў: — як гэта кніжнікі гавораць, што Хрыстос — Сын Давыдаў?
36 Калі-ж сам Давыд гаварыў у Духу Сьвятым: — «Сказау Госпад Госпаду Майму: сядзі праваруч Мяне, дакуль палажу ворагаў Тваіх у падножжа ног Тваіх».
37 Дык калі сам Давыд называе Яго Госпадам, то як-жа Ён сын яму? і мноства народу рады былі слухаць Яго.
38 І прамаўляў да іх у навучаньні Сваім: — сьцеражэцеся кніжнікаў, якія любяць хадзіць у доўгім адзеньні ды прыймаць вітанькі на рынковых пляцох.
39 I сядзяць наперадзе ў сынагогах, і займаць першыя месцы на банкетах.
40 Гэтыя, якія аб'ядаюць домы ўдовіц пад пакрывай доўгага маленьня, дастануць цяжэйшы прысуд.
41 І сеўшы насупраць скарбонкі, Ісус назіраў, як народ кладзе грошы ў скарбонку; і многія багатыя клалі пашмат.
42 Адна-ж бедная ўдава, прыйшоўшы, палажыла дзьве лепты, што складае грош.
43 І паклікаўшы вучняў Сваіх, Ісус сказаў ім: — папраўдзе кажу вам, што гэтая бедная ўдавіца палажыла больш за ўсіх, якія клалі ў скарбонку.
44 Бо ўсе клалі з лішкаў сваіх, а яна ў беднасьці сваей палажыла ўсё, што мела увесь пражытак свой.

Каментары ці зноскі:

7 спадкаемца — ці — насьледнік.
10 той лёг у аснову вугла — ці — той стаў галавою вугла.

Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Сьвятое Евангельле Марка, 12 разьдзел

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.