1 Слова, якое было ў пачатку, і было ў Бога, і Слова было Бог. 3 Усё праз Яго сталася. 14 І Слова целам сталася. 6 Ян прыйходзіць у сьветчаньне пра Сьвятло. 15 Сьветчаньне яго пра Слова выяўленае ўва ўсім. 19 Да юдэяў. 25 Каго Ян хрысьціць. 29, 36 Ангец Божы. 40 Пазваньне Андрэя. 42 Пятра. 45 Нафанаіла. 47 Праўдзівы Ізраільцянін.
1 У пачатку было Слова, і Слова было ў Богу, і Слова было — Бог.
2 Яно было ў Богу спрадвеку.
3 Усё праз Яго сталася, і без Яго нічога не паўстала з таго, што сталася.
4 У Ім жыцьцё было, і жыцьцё было сьвятлом чалавекам.
5 І сьвятло ў цемры сьвеціць, і цемра не пахлынула яго.
6 Быў чалавек, пасланы ад Бога, імя яму — Ян.
7 Ён прыйшоў дзеля сьветчаньня, каб сьветчыць за Сьвятло.
8 Ня быў ён Сьвятлом, але пасланы сьветчыць за Сьвятло.
9 Было-ж Сьвятло праўдзівае, Яко асьвятляе кажнага чалавека, хто прыйходзіць на сьвет.
10 Яно было на сьвеце, і сьвет праз Яго стаўся, і сьвет Яго не пазнаў.
11 Да сваіх прыйшоў, і свае не прынялі Яго.
12 А тым, каторыя прынялі Яго, вернікам у імя Ягонае, даў годнасьць дзецьмі Божымі стацца.
13 Каторыя не ад крыві, ані ад жаданьня цела, ані ад жаданьня мужа, але ад Бога нарадзіліся.
14 І Слова целам сталася, і бытавала між намі, і бачылі мы славу Ягоную, славу як Адзінароднага ад Айца, поўнага Ласкі і Праўды.
15 Ян сьветчыць за Яго і, усклікаючы, прамаўляе: — Вось Той пра Каго я сказаў: Ён за мною йдзе, але наперадзе мяне стаў, бо раней за мяне быў.
16 І з паўніні Ягонае мы ўсе прынялі і ласку на ласку.
17 Бо закон быў дадзены праз Майсея, ласка-ж і праўда праз Ісуса Хрыста сталіся.
18 Бога ніхто ніколі ня бачыў; Адзінародны Сын, Хто ў лоне Айца, Той аб'явіў.
19 І вось сьветчаньне Янава: калі юдэі паслалі з Ерусаліму сьвятароў і лявітаў спытацца ў яго — хто ты?
20 І ён асьветчыў, ня зрокся, і абвесьціў: — я ня Хрыстос.
21 І спыталі ў яго: — дык хто-ж ты? Ільля? — і ён сказаў — не; ці ты прарок? — ён адказаў — не.
22 Тады сказалі яму: — дык хто-ж ты? каб нам даць адказ тым, якія паслалі нас; што ты скажаш пра самога сябе?
23 І сказаў: — я — голас, у пустыні галосячы: «прастуйце шлях Госпаду» як сказаў прарок Ісайя.
24 А пасланцы былі ад фарысеяў.
25 І пыталі ў яго, кажучы яму: — дык чаму-ж ты хрысьціш, калі ты ня Хрыстос, ні Ільля, ані прарок?
26 І сказаў ім Ян у адказ: — я хрышчу вас вадою, але стаў між вамі Адзін, Каго вы ня ведаеце.
27 Ён Той, Хто йдзе за мною, але і перада мною быў: Яму я недастойны разьвязаць рамень абутку Ягонага.
28 Гэта дзеялася у Віфавары пры Йардане, дзе хрысьціў Ян.
29 На другі дзень бачыць Ян, ідзе да яго Ісус; і ён сказаў: — вось Ангец Божы, Ён бярэ на Сябе грахі сьвету.
30 Ён Той, пра Каго я сказаў; за мною йдзе Муж, Які стаў наперадзе мяне, бо Ён быў перада мною.
31 І я ня ведаў Яго, але дзеля таго я прыйшоў хрысьціць вадою, каб Ён быў яулены Ізраілю.
32 І Ян сьветчыў, кажучы: — я бачыў Духа, які зыйходзіў з неба, як голуб, і застаўся на Ім.
33 І я ня ведаў Яго, але Той, Хто паслаў мяне хрысьціць вадою, сказаў мне: — калі ўбачыш, на каго зыйдзе Дух і застаецца на Ім, гэта Той, Хто хрысьціць Духам Сьвятым.
34 І я бачыў і засьветчыў, што Гэты ёсьць Сын Божы.
35 Наступнага дня зноў стаяў там Ян, і двое з вучняў ягоных.
36 І як падыйходзіў Ісус, убачыўшы, сказаў: — вось Агнец Божы.
37 Пачуўшы гэтые яго слова, абодва вучні пайшлі за Ісусам.
38 Ісус-жа, абярнуўшыся і ўбачыўшы іх, ідучы сьледам за Ім, сказаў: — чаго шукаеце? — яны-ж адказалі Яму: — Раўві, — што значыць, вучыцель, — дзе жывеш?
39 І сказаў ім: — хадзеце, паглядзеце; яны пайшлі, і пабачылі, дзе Ён жыве, і прабылі ў Яго дзень той; было каля дзясятае гадзіны.
40 Адзін з двух, якія пачулі ад Яна пра Ісуса і пайшлі за Ім, быў Андрэй, брат Сымана Пятра.
41 Ён першы знайходзіць брата свайго Сымана і кажа яму: — мы знайшлі Мэссію — гэта значыць — Хрыста.
42 І прывёў яго да Ісуса; Ісус, глянуўшы на яго, сказаў: — ты Сыман, сын Іонін, ты назавешся Кіфа, гэта значыць Пётра — камень.
43 Назаўтра Ісус хацеў ісьці ў Галілею, і знайходзіць Піліпа і кажа яму: — ідзі за Мною.
44 Піліп-жа быў з Віфсаіды, з места Андрэя і Пятра.
45 Піліп знайходзіць Нафанаіла і кажа яму: — мы знайшлі Таго, пра Каго напісана ў законе Майсеевым і ў прарокаў: Ісуса, сына Язэпавага з Назарэту.
46 Нафанаіл-жа сказаў яму: — ці можа быць што добрае з Назарэту? Піліп кажа яму: — пайдзі і паглядзі.
47 Ісус-жа, убачыўшы Нафанаіла, які падыходзіў да Яго, сказаў пра Нафанаіла: — вось, праўдзівы ізраільцянін, у якім няма хітраваньня.
48 Нафанаіл гаворыць да Яго: — як Ты ведаеш мяне? Ісус у адказ сказаў яму: — перш чым Піліп паклікаў цябе, як ты быў пад смакоўніцай, Я бачыў цябе.
49 І прамовіў да Яго Нафанаіл: — Раўві! Ты Сын Божы, Ты Кароль Юдэйскі.
50 Ісус-жа ў адказ сказаў яму: — ты верыш, бо Я сказаў, што бачыў цябе пад смакоўніцай, пабачыш большае за гэта.
51 І кажа яму: — запраўды, запраўды, кажу вам: ад сёньня вы будзеце бачыць неба разчыненае і Ангелаў Божых, узыйходзячы і зыйходзячы над Сынам Чалавечым.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце:
Ctrl + Enter
Сьвятое Евангельле Яна, 1 разьдзел
Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.