2 Сьвята Кушчаў. 3 Ісус, па адыйходзе братоў Яго ў Юдэю, і Сам адыйшоў тайком. 14 Ісус навучае ў сьвятыні. 12−15 Розныя мовы пра Яго. 32 Фарысеі і архісвятары пасылаюць слугаў, каб схапіць Яго. 43 Спрэчкі ў народзе з-за Яго. 47 Таксама спрэчкі між фарысеямі, слугамі і Нікадымам.
1 Пасьля гэтага хадзіў Ісус па Галілеі; па Юдэі не хацеў хадзіць, бо юдэі намераліся забіць Яго.
2 Надыйходзіла юдэйскае сьвята — пастаўленьне Кушчаў.
3 Тады браты Яго сказалі Яму: — адыйдзі адгэтуль ды пайдзі ў Юдэю, каб і вучні Твае бачылі ўчынкі Твае, якія творыш.
4 Ніхто-ж нічога ня творыць патаемна, але хоча сам сябе выявіць; калі Ты творыш гэткія чыны, то пакажы Сябе сьвету.
5 Бо і браты Яго ня ўверылі ў Яго.
6 І сказаў ім Ісус: — не настаў яшчэ час Мой, а для вас заўсёды час.
7 Вас сьвет ня можа ненавідзець, Мяне-ж ненавідзіць, бо Я сьветчу пра яго, што ўчынкі яго паганыя.
8 Ідзеце вы на гэтае сьвята, а Я яшчэ не пайду на гэтае сьвята, бо час Мой яшчэ ня прыйшоў.
9 Гэтае сказаўшы ім, Сам астаўся ў Галілеі.
10 Але, як адыйшлі браты Яго, тады і Ён прыйшоў на сьвята, не адкрыта, але нібы патаемна.
11 Юдэі-ж шукалі Яго на сьвяце, дапытваючыся, дзе Ён.
12 І шмат перасудаў было пра Яго ў народзе: адны гаварылі, што Ён добры, іншыя запярэчвалі: — не, бо зводзіць народ.
13 Але ніхто не гаварыў пра Яго адкрыта, бо баяліся юдэяў.
14 А ўжо ў палове сьвята ўвайшоў Ісус у храм і навучаў.
15 І дзівіліся юдэі, кажучы: — як Ён ведае Пісаньні, ня вучыўшыся?
16 Ісус-жа, ў адказ гаварыў ім: — Маё вучэньне не ад Меня, але ад Таго, Хто паслаў Мяне.
17 Калі хто хоча выконваць волю Ягоную, даведаецца пра навуку: ці яна ад Бога, ці я Сам ад Сябе гавару.
18 Хто Сам ад Сябе гаворыць, Той славы Сабе шукае, а Хто шукае славы Таго, Хто паслаў Яго, Той справядлівы, і няма няпраўды ў Ім.
19 Ці-ж ня даў вам Майсей закону? а ніхто з вас ня трымаецца закону; за што шукаеце забіць Мяне?
20 З грамады ў адказ сказалі: — ці ня злыдух у Табе? хто шукае забіць Цябе?
21 Ісус гаварыў далей: — адзін учынак Я выканаў, і вы ўсе дзівіцеся.
22 Майсей даў вам абразаньне, хоць яно і не ад Майсея, але ад бацькоў, і вы ў сыботу абразаеце чалавека.
23 Калі-ж ў сыботу чалавек прыймае абразаньне, каб не парушаць закону Майсеевага, чаму-ж зьненавідзелі Мяне за тое, што Я ўсяго чалавека ацаліў у сыботу?
24 Ня судзеце з пазору, але судзеце судом справядлівым.
25 Тады некаторыя з жыхароў Ерусаліму гаварылі: — ці ня Той гэта, Каго шукаюць забіць?
26 І вось адкрыта гаворыць, і нічога Яму ня кажуць, ці не праканаліся начальнікі, што Ён запраўды Хрыстос?
27 Але мы ведаем Яго, адкуль Ён, калі-ж прыйдзе Хрыстос, ніхто ня будзе ведаць, адкуль Ён.
28 Тады Ісус усклікнуў у храме і, павучаючы гаварыў: — і Мяне ведаеце, і ведаеце адкуль Я, і Я прыйшоў ня Сам ад Сябе, але праўдзівы Той, Хто паслаў Мяне, Каго вы ня знаеце.
29 Я ведаю Яго, бо Я ад Яго, і Ён паслаў Мяне.
30 Тады памкнуліся схапіць Яго, але ніхто не налажыў на Яго рукі, бо ня прыйшоў яшчэ час Яго.
31 Многія-ж з народу ўверылі ў Яго і гаварылі: — ці-ж можа Хрыстос, прыйшоўшы, тварыць большыя чуды, як Ён творыць?
32 Дачуліся фарысеі пра гэткія разважаньня і толкі ў народзе; і фарысеі і архісьвятары паслалі слугаў сваіх, каб схапіць Яго.
33 Ісус-жа тады сказаў: — яшчэ нядоўга быць Мне з вамі, і пайду да Яго, Хто паслаў Мяне.
34 Будзеце шукаць Мяне і ня знойдзеце, і дзе буду Я, туды вы ня можаце прыйсьці.
35 Юдэі-ж разважалі між сабою: — куды Ён хоча ісьці, што мы ня знойдзем Яго? ці ня хоча Ён ісьці ў Эльлінскае рассяленьне і навучаць Эльлінаў?
36 І што азначаюць словы гэтыя, як Ён сказаў: — будзеце шукаць Мяне і ня знойдзеце — і — дзе Я ёсьць, туды вы ня можаце прыйсьці?
37 У апошні-ж вялікі дзень сьвята стаяў Ісус і заклікнуў, прамаўляючы: — хто мае смагу, няхай прыходзіць да Мяне і п'е.
38 Хто верыць у Мяне, у таго, як гаворыцца ў Пісаньні, з нутра пацякуць рэкі вады жывое.
39 Гэтае сказаў Ён пра Духа, Якога мелі прыняць тыя, хто ўверыў у Яго; ня было-ж яшчэ на іх Духа Сьвятога, бо Ісус яшчэ ня быў услаўлены.
40 Многія з народу, пачуўшы гэтыя словы, гаварылі: — Ён запраўды прарок.
41 Іншыя гаварылі: — гэта Хрыстос; а некаторыя сказалі: — ці-ж з Галілеі прыйдзе Хрыстос?
42 Ці-ж не сказана ў Пісаньні, што Хрыстос прыйдзе з се́ньня Давыдава, і з места Бэтлеэму, адкуль быў Давыд.
43 І пачаліся з-за Яго спрэчкі ў народзе.
44 Некаторыя-ж парываліся схапіць Яго, але ніхто не налажыў на Яго рук.
45 Тымчасам вярнуліся слугі архісьвятароў і фарысеяў, і тыя сказалі ім: — чаму вы не прывялі Яго?
46 Слугі адказалі: — ніколі не гаварыў так чалавек, як гэты Чалавек.
47 Фарысеі-ж сказалі ім: — няўжо і вы ўпалі ў блуд?
48 Ці-ж уверыў у Яго хтось з начальнікаў ці фарысеяў?
49 І што за народ гэты пракляты, што ня ведае законаў?
50 І сказаў ім Нікадым, адзін з іх, які прыйходзіў да Яго ўначы: —
51 Ці-ж судзіць наш закон чалавека, ня выслухаўшы перш яго, і не даведаўшыся, што ён робіць?
52 На гэта адказалі яму: — ці не з Галілеі і ты? разгледзься, і ўбачыш, што з Галілеі прарок ня прыходзіць.
53 І разыйшліся кажны ў дом свой.
Каментары ці зноскі:
47 выўпалі ў блуд — ці — зьехалі з глузду.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце:
Ctrl + Enter
Сьвятое Евангельле Яна, 7 разьдзел
Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.