Біблія » Пераклады » Пераклад Сабілы і Малахава

Яана 7 Паводля Яана 7 разьдзел

1 І хадзіў Ісус пасьля гэтага па Галілеі, бо ня хаце́ў па Юдэі хадзіць, бо юдэі шукалі забіць Яго.
2 Было ж блізка жыдоўскае сьвята — Кучкі.
3 Тады браты Ягоныя сказалі Яму: ідзі адгэтуль і пайдзі ў Юдэю, каб і вучні Твае бачылі дзеяньні Твае, якія Ты робіш.
4 Бо ніхто ня ро́біць нічога ўкрадкам, але сам стараецца быць вядомым. Калі Ты робіш гэткае, зьяві Сябе сьвету;
5 бо і браты Ягоныя ня ве́рылі ў Яго.
6 Тады кажа ім Ісус: Мой час яшчэ ня прыйшо́ў, ваш жа час заўсёды ёсьць гатовы;
7 сьвет ня мо́жа вас нянавíдзіць, а Мяне нянавíдзіць, бо Я сьведчу аб ім, што ўчынкі ягоныя — благія.
8 Вы ўзыходзьце на гэтае сьвята, Я яшчэ ня ўзыхо́джу на гэтае сьвята, бо час Мой яшчэ ня спо́ўніўся.
9 І, сказаўшы гэтае ім, Ён заставаўся ў Галілеі.
10 Але як узыйшлі браты Ягоныя, тады і Ён узыйшоў на сьвята, ня яўна, але як быццам патаемна.
11 Жыды ж шукалі Яго на сьвяце і казалі: дзе Ён ёсьць?
12 І шмат спрэчак было дзеля Яго сярод людзей: адны казалі, што Ён добры, а другія казалі: не, але зводзіць народ.
13 Аднак ніхто ня гаварыў аб Ім яўна з-за страху перад жыдамі.
14 Але ўжо ў палове сьвята ўзыйшоў Ісус у Сьвятыню і навучаў.
15 І дзівіліся жыды, кажучы: як Ён ведае Пісаньні, ня вучыўшыся?
16 Адказаў ім Ісус і сказаў: Маё Вучэньне ёсьць ня Маё, але Таго, Хто паслаў Мяне;
17 калі хто хоча Волю Ягоную рабіць, (той) даведаецца аб Гэтым Вучэньні, ці ад Бога Яно, ці Я Сам ад Сябе кажу.
18 Той, хто сам ад сябе гаворыць, шукае славы сваёй, а Той, Хто шукае Славы Таго, Хто паслаў Яго, Той ёсьць Праўдзівы і няма ў Ім няпраўды.
19 Ці ня даў вам Масей Закону? і ніхто з вас ня жыве́ па Закону. Чаму шукаеце забіць Мяне?
20 Адказалі людзі і сказалі: Ты дэмана маеш; хто шукае забіць Цябе?
21 Адказаў Ісус і сказаў ім: адну Дзею зрабіў Я, і ўсе (вы) дзівуецеся;
22 дзеля гэтага Масей даў вам абразаньне; ня таму́, што яно ад Масея ёсьць, але ад ба́цькаў, і ў суботу (вы) абразаеце чалавека;
23 калі чалавек прымае абразаньне ў суботу, каб ня быў парушаны Закон Масеяў, (чаму на) Мяне злуецеся, што Я ўсяго чалавека аздаравіў у суботу?
24 Ня судзíце паводля выгляду, але судзіце судом справядлівым.
25 Тады нікаторыя зь ярузалімцаў казалі: ці ня Ён ёсьць Той, Якога шукаюць забіць?
26 І вось Ён кажа яўна, і нічога ня ка́жуць Яму: можа быць запраўды прызналі начальнікі, што Ён запраўды ёсьць Хрыстос?
27 Але Яго (мы) ведаем, адкуль Ён ёсьць; Хрыстос жа, калі прыйдзе, ніхто ня бу́дзе ведаць, адкуль Ён ёсьць.
28 Тады крычаў Ісус у Сьвятыні, навучаючы і кажучы: і Мяне ведаеце, і ведаеце адкуль Я ёсьць, і Я прыйшоў ня Са́м ад Сябе, але Праўдзівы ёсьць Той, Хто паслаў Мяне, Якога вы ня ве́даеце;
29 а Я ведаю Яго, бо ад Яго Я ёсьць, і Ён паслаў Мяне.
30 І вось шукалі схапіць Яго, але ніхто ня пакла́ў на Яго рукí, бо яшчэ ня прыйшо́ў час Ягоны.
31 Многія ж зь людзей уверылі ў Яго і казалі: калі прыйдзе Хрыстос, няўжо зробіць больш цудаў (чым) тыя, каторыя Ён зрабіў?
32 Пачулі хварысэі людзей, (якія) гавораць пра Яго гэта цішком, і паслалі хварысэі й архірэі слуг, каб схапілі Яго.
33 Тады Ісус сказаў ім: яшчэ малы час Я ёсьць з вамі, і Я йду да Таго, Хто паслаў Мяне.
34 Будзеце шукаць Мяне, і ня знахо́дзіць, і дзе Я ёсьць, (туды) вы ня мо́жаце прыйсьці.
35 Тады сказалі жыды паміж сабою: куды Ён зьбіраецца йсьці, што мы ня зно́йдзем Яго? Ці ня да грэцкага расьцярушэньня Ён зьбіраецца йсьці і вучыць грэкаў?
36 Што ёсьць гэтае Слова, якое Ён сказаў: будзеце шукаць Мяне і ня знахо́дзіць, і дзе Я ёсьць, (туды) вы ня мо́жаце прыйсьці.
37 У апошні ж вялікі дзень сьвята стаяў Ісус і крычаў, кажучы: калі хто сьмягне, ідзі да Мяне і пі.
38 Хто верыць у Мяне, (у таго) як сказала Пісаньне, з нутра ягонага пацякуць рэкі Вады Жывой.
39 А гэтае сказаў Ён аб Духу, Якога меліся прыняць тыя, што верылі ў Яго; бо яшчэ ня быў Дух Сьвяты (на іх), бо Ісус яшчэ ня быў услаўлены.
40 Тады многія зь людзей, пачуўшы гэтае слова, казалі: Ён ёсьць запраўды Прарок.
41 Другія казалі: Ён ёсьць Хрыстос. А іншыя казалі: ці запраўды з Галілеі прыходзе Хрыстос?
42 Ці ня сказала Пісаньне, што ад насеньня Давідавага і з Бэтлеему, сяла, дзе быў Давід, Хрыстос прыходзе?
43 Тады з-за Яго ў людзей стаўся падзел.
44 Нікаторыя ж зь іх хацелі ўхапіць Яго, але ніхто ня ўскла́ў на Яго ру́кі.
45 Тады вярнуліся слугі да архірэяў і хварысэяў, і тыя сказалі ім: чаму (вы) ня прывялí Яго?
46 Слугі адказалі: ніколі чалавек ня гаварыў так, як Гэты Чалавек.
47 Тады хварысэі адказалі ім: няўжо і вы зьведзены?
48 Ці паверыў у Яго хто з начальнікаў альбо з хварысэяў?
49 Але людзі гэтыя, што ня ве́даюць Закону, праклятыя яны.
50 Кажа ім Мікадым, што прыходзіў да Яго ўначы, будучы адзін ізь іх:
51 ці судзіць Закон наш чалавека, калі перш ня выслухае яго і ня даве́даецца, што (ён) робіць?
52 Адказалі і сказалі яму: ці і ты ня з Галіле́і? Пашукай і пабач, што прарок із Галілеі ня паўстава́ў.
53 І пайшоў кожны ў дом свой.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Паводля Яана Сьвятое Эвангельле, 7 разьдзел

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Публікуецца з дазволу аўтара.
© 2020