Біблія » Пераклады » Пераклад Сабілы і Малахава

Яана 21 Паводля Яана 21 разьдзел

1 Пасьля гэтага ізноў зьявіў Сябе Ісус вучням (Сваім) ля мора Тыбэрыядзкага. Зьявіў (Сябе) вось як:
2 былі разам Сымон Пётра і Хама, што завецца Блізьнюк, і Натанайла з Каны Галілейскай, і (сыны) Завядзея, і двое другіх з вучняў Ягоных.
3 Сымон Пётра кажа ім: іду лавіць рыбу. Кажуць яму: ідзем і мы з табою. Выйшлі і зараз увайшлі ў човен, і ня злавілі ў тую ноч нічога.
4 Калі ж ужо настала раніца, Ісус стаяў на беразе, але вучні ня пазна́лі, што гэта Ісус.
5 Тады Ісус кажа ім: дзеці! (ці) ня ма́еце якой-небудзь ядо́міны? Яны адказалі Яму: не.
6 Ён жа сказаў ім: закіньце сетку па правы бок чаўна, і зловіце. Пагэтаму яны закінулі, ды ўжо ад мноства рыбы ня маглí яе выцягнуць.
7 Тады той вучань, якога любіў Ісус, кажа Пётру: Ён — Госпад. Сымон жа Пётра, пачуўшы, што Ён — Госпад, падпераза́ўся верхнім адзеньнем, бо быў у споднім, і кінуўся ў мора;
8 а другія вучні прыплылі ў невялíкай лодцы, — бо ня далёка былі ад зямлí, але локцяў каля дзьвесьце, — цягнучы сетку з рыбай.
9 Калі ж выйшлі на зямлю, бачаць распаленае вугольле і рыбу, (што) ляжыць (на ім) і хлеб.
10 Ісус кажа ім: прынясіце з тае рыбы, што вы цяпер злавілі.
11 Сымон Пётра пайшоў і выцягнуў на зямлю сетку, поўную вялікіх рыбаў; (іх было) сто пяцьдзесят тры, і (ад) гэткага мноства сетка ня прарва́лася.
12 Ісус кажа ім: ідзіце, сьнедайце. (З) вучняў жа ніхто ня адва́жыўся папытацца (ў) Яго: хто — Ты? ведаючы, што Ён ёсьць Госпад.
13 Ісус жа прыходзіць і бярэ хлеб, і дае ім; таксама й рыбу.
14 Гэта ўжо трэйці раз Ісус зьявіў Сябе Сваім вучням уваскрошаны зь мёртвых.
15 Калі ж яны пасьнедалі, Ісус кажа Сымону Пётру: Сымон Ёнін, (ці) любіш ты Мяне больш, чым яны? (Пётра) кажа Яму: так, Госпадзе! Ты ведаеш, што я люблю Цябе. (Ісус) кажа яму: пасі ягняты Мае.
16 Яшчэ кажа яму другі раз: Сымон Ёнін! (ці) любіш ты Мяне? (Пётра) кажа Яму: так, Госпадзе! Ты ведаеш, што я люблю Цябе. (Ісус) кажа яму: пасі авечкі Мае.
17 Кажа яму трэйці раз: Сымон Ёнін! (ці) любіш ты Мяне? Пётра засмуціўся, што трэйці раз сказаў яму: (ці) любіш ты Мяне? і сказаў Яму: Госпадзе! Ты ўсё ведаеш; Ты ведаеш, што я люблю Цябе! Ісус кажа яму: пасі авечкі Мае!
18 Праўду, Праўду кажу табе: калі ты быў малады, (дык) падпяра́зваўся сам і хадзіў, куды хацеў; а як (ты) састарэеш, (то) выцягнеш рукі твае, і іншы цябе́ падперажэ і павядзе́, куды ня схо́чаш.
19 Гэтае ж Ён сказаў, паказуючы, якой сьмерцяй (Пётра) уславіць Бога. І, сказаўшы гэтае, кажа яму: ідзі за Мною.
20 Пётра ж, аглянуўшыся, бачыць ідучага за (ім) вучня, якога любіў Ісус, ды які на вячэры прыпаў да грудзёў Ягоных і сказаў: Госпадзе! хто ён, што прадае Цябе?
21 Убачыўшы яго, Пётра кажа Ісусу: Госпадзе! а ён што?
22 Ісус кажа яму: калі Я хачу яго пакінуць, пакуль Я прыйду, што табе да гэтага? Ты йдзі за Мною!
23 Дык пране́слася гэтае слова між братоў, што вучань гэны ня памрэ. Але Ісус ня сказа́ў яму, што (ён) ня памрэ, але: калі Я хачу яго пакінуць, пакуль Я прыйду, што табе да гэтага?
24 Гэты ёсьць той вучань, які сьведчыць аб гэтым і напісаў гэтае. І (мы) ведаем, што сьвядо́цтва яго́нае — праўдзівае.
25 Таксама ёсьць і шмат іншага, што ўчыніў Ісус, якое, калі б было напісана пачаргова, (дык) я думаю, нават самому сьвету ня зьмясьцíць бы напісаных кнігаў. Амін.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Паводля Яана Сьвятое Эвангельле, 21 разьдзел

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Публікуецца з дазволу аўтара.
© 2020