1 Сказаўшы гэтае, Ісус выйшаў з вучнямі Сваімі за ручай Кедрон, дзе быў сад, у які ўвайшоў Ён і вучні Ягоныя.
2 Ведаў жа гэтае мейсца і Юда, які прадаў Яго, бо Ісус часта зьбіраўся там з вучнямі Ягонымі.
3 Вось Юда, узяўшы аддзел войска ды слуг ад архірэяў і хварысэяў, прыходзіць туды зь ліхтарнямі і сьветачамі, і (са) зброяю.
4 Ісус жа, ведаючы ўсё, што прыходзе на Яго, выйшаўшы, сказаў ім: каго шукаеце?
5 Яму адказалі: Ісуса Назарэя! Ісус кажа ім: Я ёсьць (Ён)! Стаяў жа зь імі і Юда, які прадаў Яго.
6 Як жа Ён сказаў ім: Я ёсьць (Ён), яны адступіліся назад і ўпалі на зямлю.
7 Тады Ён ізноў спытаўся ў іх: каго шукаеце? Яны ж сказалі: Ісуса Назарэя.
8 Ісус адказаў: Я сказаў вам: Я ёсьць (Ён); дык вось, калі Мяне шукаеце, дазвольце ім адыйсьці,
9 каб споўнілася Слова, якое Ён сказаў: тых, якіх Ты даў Мне, Я ня згубíў зь іх нікога.
10 Сымон жа Пётра, маючы меч, выцягнуў яго і ўдарыў слугу архірэявага, і адсек яму правае вуха; было ж імя слугі таго Малх.
11 Ісус жа сказаў Пётру: укладзі меч твой у похву. Чару, што даў Мне Бацька, няўжо Я ня вып’ю яе?
12 Тады аддзел войска і тысячнік, і слугі юдэйскія ўзялі Ісуса і зьвяза́лі Яго.
13 І завялí Яго сьпярша́ да Ганны, бо (ён) быў цесьцем Каяхвы, які быў таго году архірэем.
14 Быў жа Каяхва той, які парадзіў жыдам, што лепш аднаму чалавеку загінуць за гэты народ.
15 Ішоў жа за Ісусам Сымон Пётра і другі вучань; вучань жа гэны быў знаёмы архірэю і ўвайшоў з Ісусам на архірэйскі падворак,
16 а Пётра стаяў ля дзьвярэй знадворку. І вось другі вучань, той, які быў знаёмы архірэю, выйшаў і сказаў прыдзьверніцы, і ўвёў Пётру.
17 Тады служанка прыдзьверніца кажа Пётру: ці і ты ня з ву́чняў Гэтага Чалавека? Ён кажа: я — не.
18 Стаялі ж рабы і слугі, распаліўшы агонь з вугольля, бо было зябка, і грэліся. Быў жа зь імі Пётра, стоючы і грэючыся.
19 Тады архірэй спытаўся ў Ісуса пра вучняў Ягоных і пра навуку Ягоную.
20 Ісус адказаў яму: Я яўна гаварыў сьвету; Я заўсёды навучаў у сынагозе і ў Сьвятыні, дзе заўсёды зьбіраюцца жыды, і то́йма ня гаварыў нічога.
21 Чаму (ты) пытаешся ў Мяне? Спытайся ў тых, хто чуў, што Я гаварыў ім. Вось яны ведаюць, што Я (ім) казаў.
22 Як жа Ён сказаў гэтае, адзін із слугаў, што стаяў блізка, ударыў Ісуса па Абліччу, сказаўшы: так Ты адказваеш архірэю?
23 Ісус адказаў яму: калі Я сказаў блага, дакажы, што (Я сказаў) блага, а калі (Я сказаў) добра, за што (ты) б’еш Мяне?
24 Ганна паслаў Яго зьвяза́нага да архірэя Каяхвы.
25 Быў жа Сымон Пётра, стаяў і грэўся. Сказалі тады яму: ці і ты ня з ву́чняў Ягоных? Ён адрокся і сказаў: я? не!
26 Кажа адзін із слугаў архірэявых, будучы сваяком таго, якому Пётра адсек вуха: ці (ж) я ня цябе́ бачыў зь Ім у садзе?
27 Тады ізноў Пётра адрокся; і зараз (жа) прапяяў певень.
28 Вяду́ць тады Ісуса ад Каяхвы да прэторыі. А была раніца, і яны ня ўвайшлí ў прэторыю, каб ня занячысьціцца, але каб (можна было) есьці пасху.
29 Тады Пілат выйшаў да іх і сказаў: якое абвінавачаньне выстаўляеце (вы) супраць Чалавека Гэтага?
30 Адказалі (яны) і сказалі яму: калі б Ён ня быў злачынца, (мы) ня выдалі б Яго табе.
31 Тады сказаў ім Пілат: вазьміце Яго вы і па Закону вашаму судзіце Яго. Тады сказалі яму жыды: нам ня дазво́лена нікога асудзіць на сьмерць.
32 Каб споўнілася Слова Ісусавае, якое Ён сказаў, даючы зразумець, якою сьмерцяй Ён мае памерці.
33 Тады Пілат ізноў увайшоў у прэторыю і паклікаў Ісуса, і сказаў Яму: ці Ты Кароль жыдоў?
34 Ісус адказаў яму: ад сябе ты гэтае гаворыш, ці другія сказалі табе пра Мяне?
35 Пілат адказаў: ці (ж) я — жыд? Твой народ і архірэі выдалі Цябе мне; што Ты зрабіў?
36 Ісус адказаў: Гаспадарства Маё ня з гэтага сьвету; калі б з гэтага сьвету было Гаспадарства Маё, (то) слугі Мае змагаліся бы, каб Я ня быў выданы жыдам. Але цяпер Гаспадарства Маё — ня згэтуль.
37 Тады сказаў Яму Пілат: дык Ты — Кароль? Адказаў Ісус: ты кажаш, што Я Кароль. Я на тое нарадзіўся і на тое прыйшоў на сьвет, каб сьведчыць аб Праўдзе. Кожны, хто ёсьць ад Праўды, слухае Голасу Майго.
38 Кажа Яму Пілат: што ёсьць праўда? І, сказаўшы гэтае, ізноў выйшаў да жыдоў і кажа ім: я ніякае віны ў Ім ня знахо́джу.
39 Ёсьць жа ў вас звычай, каб (я) аднаго звальняў вам на Пасху. Дык хочаце, звольню вам Караля жыдоў?
40 Тады закрычалі ўсе ізноў, кажучы: ня Яго, але Бараўву! А быў Бараўва — разбойнік.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце:
Ctrl + Enter
Паводля Яана Сьвятое Эвангельле, 18 разьдзел
Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.
Публікуецца з дазволу аўтара.
© 2020