Біблія » Пераклады » Пераклад Чарняўскага 2017

Яна 18 Паводле Яна 18 разьдзел

1 Калі Ісус сказаў гэта, з вучнямі Сваімі пайшоў за ручай Цэдрон, дзе быў сад, у які ўвайшоў Сам і вучні Яго.
2 Але і Юда, які Яго выдаў, ведаў гэтае месца, бо Ісус часта там збіраўся са Сваімі вучнямі.
3 Затым Юда, узяўшы кагорту і паслугачоў ад першасвятароў і фарысеяў, прыйшоў туды з ліхтарамі, светачамі і зброяй.
4 А Ісус, ведаючы ўсё, што Яго чакае, выйшаў наперад і кажа ім: «Каго шукаеце?»
5 Адказалі Яму: «Ісуса Назарэя». Кажа ім Ісус: «Гэта Я». А з імі стаяў і Юда, які Яго выдаў.
6 Калі сказаў ім: «Гэта Я», яны адступіліся назад ды палі на зямлю.
7 Спытаўся іх тады зноў: «Каго шукаеце?» А яны сказалі: «Ісуса Назарэя».
8 Адказаў Ісус: «Дык жа сказаў Я вам: “Гэта Я!” Калі Мяне шукаеце, дазвольце ім пайсці»,
9 каб споўнілася слова, якое Ён сказаў: «Не загубіў ніводнага з тых, якіх Ты Мне даў».
10 Сімон жа Пётра, які меў меч, дастаў яго, і ўдарыў паслугача першасвятара, і адсёк яму правае вуха. Імя таму слузе было Малх.
11 Сказаў тады Ісус Пётры: «Схавай меч свой у похвы; келіх, які даў Мне Айцец, ці ж не Мне яго піць?»
12 Тады кагорта, і трыбун, ды паслугачы юдэйскія ўзялі Ісуса і звязалі Яго,
13 і прывялі Яго перш да Анны: бо быў ён цесцем Каяфы, які быў у той год першасвятаром.
14 Гэта быў Каяфа, які даў параду юдэям: «Лепш, каб адзін чалавек памёр за народ».
15 А за Ісусам ішоў Сімон Пётра і другі вучань. А вучань той знаёмы быў з першасвятаром і ўвайшоў з Ісусам у двор першасвятара.
16 Пётра ж застаўся вонкі пры дзвярах. Выйшаў тады другі вучань, які быў знаёмы з першасвятаром, пагаварыў з прыдзверніцай ды ўвёў Пётру.
17 Кажа тады Пётры служка прыдзверніца: «Ці і ты не з вучняў Таго Чалавека?» А ён кажа: «Не».
18 Там стаялі нявольнікі і паслугачы пры гарачым вуголлі, бо было зябка, і грэліся; а разам з імі быў і Пётра, стоячы і грэючыся.
19 Першасвятар жа пытаўся ў Ісуса пра вучняў Яго і навуку Яго.
20 Адказаў яму Ісус: «Я адкрыта гаварыў свету: Я вучыў заўсёды ў сінагозе і ў святыні, дзе заўсёды збіраюцца юдэі, і нічога не гаварыў употай.
21 Чаму Мяне пытаеш? Спытай тых, якія чулі, што Я ім гаварыў; вось, яны ведаюць, што Я сказаў».
22 Калі гэта сказаў, дык адзін з паслугачоў, што блізка стаяў, даў Ісусу поўху, кажучы: «Так адказваеш першасвятару?»
23 Адказаў яму Ісус: «Калі блага сказаў, дакажы, што блага, а калі добра, дык чаму Мяне б’еш?»
24 Тады адаслаў Яго Анна, звязанага, да першасвятара Каяфы.
25 А Сімон Пётра стаяў і грэўся. Дык сказалі яму: «Ці і ты не з вучняў Яго?» А ён адрокся і сказаў: «Не!»
26 Дык адзін з паслугачоў першасвятара, сваяк таго, якому Пётра адсёк вуха, кажа яму: «Ці ж я цябе не бачыў з Ім у садзе?»
27 Ды Пётра зноў запярэчыў; і зараз запяяў певень.
28 Затым павялі Ісуса ад Каяфы ў прэторыю. А было гэта нараніцы. І самі не ўвайшлі ў прэторыю, каб не спаганіцца, але каб маглі есці Пасху.
29 Выйшаў да іх Пілат і кажа: «Якую віну ўскладаеце на Гэтага Чалавека?»
30 Адказалі і сказалі яму: «Калі б Ён не быў злачынцам, не выдалі б Яго табе».
31 Дык сказаў ім Пілат: «Вазьміце Яго вы і асудзіце Яго па вашым законе». Сказалі яму юдэі: «Нам нельга нікога забіваць»,
32 каб споўнілася слова Ісуса, што сказаў Ён, вызначаючы, якою смерцю меў памерці.
33 Дык увайшоў зноў у прэторыю Пілат і, паклікаўшы Ісуса, сказаў Яму: «Ты — Цар Юдэйскі?»
34 Адказаў Ісус: «Ці гэта сам ад сябе кажаш, ці табе іншыя сказалі пра Мяне?»
35 Адказаў Пілат: «Ці ж я юдэй? Народ Твой і першасвятары выдалі мне Цябе; што Ты зрабіў?»
36 Адказаў Ісус: «Маё Валадарства не з гэтага свету; каб Маё Валадарства было з гэтага свету, паслугачы Мае ваявалі б, каб не быў Я выдадзены юдэям; але Валадарства Маё цяпер не адгэтуль».
37 Сказаў Яму тады Пілат: «Дык Ты — Цар?» Адказаў Ісус: «Ты кажаш, што Я — Цар. Я на тое нарадзіўся ды на тое прыйшоў на свет, каб сведчыць аб праўдзе; кожны, хто з праўды, слухае голас Мой».
38 Кажа Яму Пілат: «Што ёсць праўда?» І, калі ён гэта сказаў, зноў выйшаў да юдэяў і кажа: «Я не знаходжу ў Ім ніякай віны.
39 У вас жа ёсць традыцыя, каб на Пасху выпусціць вам аднаго вязня; дык хочаце, пушчу вам Цара Юдэйскага?»
40 Але яны ўсе закрычалі, кажучы: «Не Яго, але Барабу!» А Бараба быў разбойнікам.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Евангелле паводле Яна, 18 разьдзел

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь

Публікуецца з дазволу Міжканфесіянальнага хрысціянскага рэлігійнага брацтва
«Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь».
© 2017