Біблія » Пераклады » Пераклад Чарняўскага 2017

Яна 10 Паводле Яна 10 разьдзел

1 Сапраўды, сапраўды кажу вам: хто не ўваходзіць у аўчарню праз дзверы, але пранікае інакш, той злодзей і разбойнік;
2 а хто ўваходзіць праз дзверы, той пастыр над авечкамі.
3 Яму прыдзвернік адчыняе, і авечкі слухаюцца яго голасу, і сваіх авечак кліча ён па імю ды выпускае іх.
4 А калі выпусціць сваіх авечак, ідзе перад імі наперадзе, а авечкі ідуць за ім, бо ведаюць яго голас;
5 а за чужым яны не пойдуць, але ўцякаюць ад яго, бо голасу чужых не ведаюць».
6 Такую прыпавесць сказаў ім Ісус; але яны не зразумелі, што значыць тое, што ім гаварыў.
7 Дык сказаў ім Ісус ізноў: «Сапраўды, сапраўды кажу вам: Я — дзверы для авечак.
8 Усе, колькі іх не прыйшло перада Мною, — злодзеі яны і разбойнікі, але авечкі не паслухалі іх.
9 Я — дзверы: калі хто праз Мяне ўвойдзе, будзе збаўлены; і ўвойдзе, і выйдзе, ды знойдзе пашу.
10 Злодзей не прыходзіць інакш, каб толькі красці, забіваць і губіць; Я ж прыйшоў, каб мелі жыццё і мелі ўдосталь.
11 Я — Пастыр добры. Добры Пастыр аддае за авечак жыццё Сваё.
12 Але найміт ды той, хто не пастыр, у каго авечкі не свае, бачыць, што набягае воўк, кідае авечак ды ўцякае, — а воўк хапае іх і разганяе авечак, —
13 А найміт уцякае, бо ён — найміт і не рупіцца пра авечак.
14 Я — добры Пастыр і ведаю Маіх, і яны Мяне ведаюць,
15 як ведае Мяне Айцец, а Я ведаю Айца; і жыццё Маё аддаю за авечак.
16 Ды і іншых авечак маю, якія не з гэтай аўчарні, і тых належыць Мне прывесці, і будуць яны слухаць голасу Майго, і станецца адзін статак і адзін Пастыр.
17 Таму любіць Мяне Айцец, што Я жыццё Маё аддаю, каб зноў яго атрымаць.
18 Ніхто ў Мяне яго не адбірае, але Я па Сваёй волі аддаю яго. Маю ўладу аддаваць яго і маю ўладу яго атрымаць. Такі загад атрымаў Я ад Айца Майго».
19 Дзеля таго ўзнікла зноў спрэчка між юдэямі з-за гэтых слоў.
20 Затым многія з іх гаварылі: «Дэмана мае і шалее! Нашто Яго слухаць?»
21 Іншыя ж казалі: «Гэта не словы апанаванага дэманам. Ці ж дэман можа сляпым вяртаць зрок?»
22 Сталася тады ў Ерузаліме ўрачыстасць пасвячэння святыні; была зіма,
23 і хадзіў Ісус па святыні ў прысенках Саламона.
24 Тады абступілі Яго юдэі і казалі Яму: «Дакуль будзеш бянтэжыць душу нашу? Калі Ты — Хрыстос, скажы нам яўна».
25 Адказаў ім Ісус: «Сказаў Я вам, а вы не верыце; справы, якія Я выконваю ў імя Айца Майго, яны сведчаць пра Мяне.
26 Але вы не верыце, бо вы не з Маіх авечак, як Я сказаў вам.
27 Авечкі Мае слухаюцца голасу Майго, і Я ведаю іх, і яны ідуць за Мной,
28 і Я даю ім жыццё вечнае, і не прападуць вечна, і ніхто не вырве іх з Маёй рукі.
29 Айцец Мой, Які даў Мне іх, большы за ўсіх, і ніхто не можа вырваць іх з рукі Айца Майго.
30 Я і Айцец — адно».
31 Дык зноў юдэі схапілі камяні, каб Яго ўкаменаваць.
32 Адказаў ім Ісус: «Многа добрых учынкаў паказаў Я вам ад Айца Майго, дык за які з гэтых учынкаў кідаеце ў Мяне камяні?»
33 Адказалі Яму юдэі, кажучы: «Не камянуем Цябе за добрую справу, але за блюзненне, за тое, што Ты, хоць Ты чалавек, робіш Сябе Богам».
34 Адказаў ім Ісус: «Ці ж у законе вашым не напісана: “Я сказаў: вы — багі”?
35 Калі назваў багамі тых, для якіх было прызначана слова Божае, — а Пісанне памыліцца не можа, —
36 аб Тым, Каго Айцец усвяціў і паслаў у свет, вы кажаце: “Ты блюзніш!”, бо Я сказаў: “Я — Сын Божы”?
37 Калі Я не раблю спраў Айца Майго, не верце Мне.
38 Але калі раблю, дык, калі вы Мне верыць не хочаце, верце справам, каб спазналі і паверылі, што Айцец — ува Мне, а Я — у Ім».
39 Імкнуліся затым Яго ўзяць, але Ён ухіліўся ад іх рук.
40 І пайшоў зноў за Ярдан, у месца, дзе раней хрысціў Ян, ды там застаўся.
41 І многія прыходзілі да Яго і казалі: «Ян, што праўда, ніводнага знака не ўчыніў; але ўсё, што Ян аб Ім сказаў, было праўдай».
42 І многія там паверылі ў Яго.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Евангелле паводле Яна, 10 разьдзел

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь

Публікуецца з дазволу Міжканфесіянальнага хрысціянскага рэлігійнага брацтва
«Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь».
© 2017