Біблія » Пераклады » Пераклад Чарняўскага 2017

Яна 5 Паводле Яна 5 разьдзел

1 Пасля гэтага быў дзень святочны ў юдэяў, і Ісус прыйшоў у Ерузалім.
2 А ў Ерузаліме ёсць ля Авечай брамы купальня, якая па-гебрайску завецца Бэтсата, якая мае пяць прысенкаў.
3 У іх ляжала шмат хворых, сляпых, кульгавых, ссохлых, чакаючых руху вады.
4 Бо Анёл Госпадаў час ад часу сыходзіў у купальню і ўзрушваў ваду, і той, хто першы ўваходзіў па ўзрушэнні вады, аздараўляўся, якой бы ні быў апанаваны немаччу.
5 І быў там адзін чалавек, што хварэў трыццаць восем гадоў.
6 Калі Ісус убачыў, што той ляжаў, ды даведаўся, што ён ужо доўгі час хварэе, спытаўся ў яго: «Ці хочаш быць здаровы?»
7 Хворы адказаў Яму: «Госпадзе, не маю чалавека, каб мяне ўкінуў у купальню, калі ўзварухнецца вада; бо калі я сам прыходжу, хто іншы перада мной уваходзіць».
8 Кажа яму Ісус: «Падыміся, вазьмі ложак свой і хадзі».
9 І адразу стаў здаровым чалавек той, і ўзяў ложак свой, і хадзіў. А была субота ў гэты дзень.
10 Дык казалі юдэі таму, хто аздаравіўся: «Сёння субота, нельга табе насіць ложак твой».
11 А ён адказаў ім: «Той, Хто аздаравіў мяне, сказаў мне: “Вазьмі ложак свой ды хадзі”».
12 Дык пыталі ў яго: “Што гэта за Чалавек, Які табе сказаў: “Вазьмі ложак і хадзі”»?
13 А той, хто быў аздароўлены, не ведаў, Хто гэта быў; бо Ісус адышоўся ад людзей, што сабраліся ў тым месцы.
14 Потым знайшоў яго Ісус у святыні і сказаў яму: «Вось, ты паздаравеў; ужо болей не грашы, каб не здарылася табе што горшае».
15 Пайшоў той чалавек і паведаміў юдэям, што Ісус — Той, Хто зрабіў яго здаровым.
16 Таму пераследавалі юдэі Ісуса, каб забіць Яго, бо Ён рабіў такое ў суботу.
17 Але Ісус адказаў ім: «Айцец Мой дагэтуль робіць так, і Я раблю».
18 Дзеля таго тым больш шукалі юдэі, як забіць Яго, бо Ён не толькі парушаў суботу, але і Бога называў Айцом Сваім, раўняючы сябе з Богам.
19 І вось, адказаў ім Ісус і сказаў: «Сапраўды, сапраўды кажу вам: Сын не можа нічога зрабіць Сам ад Сябе, але толькі тое, што бачыць, як Айцец робіць; бо што Ён робіць, тое таксама Сын робіць.
20 Бо Айцец любіць Сына і паказвае Яму ўсё, што Сам робіць, і яшчэ большыя за гэтыя пакажа Яму справы, каб вы дзівіліся.
21 Бо як Айцец уваскрашае памерлых і ажыўляе, так і Сын, каго хоча, ажыўляе.
22 Бо Айцец нікога не судзіць, але ўвесь суд перадаў Сыну,
23 каб усе шанавалі Сына, як шануюць Айца. Хто не шануе Сына, не шануе таксама Айца, Які паслаў Яго.
24 Сапраўды, сапраўды кажу вам: хто слухае Маё слова ды верыць Таму, Хто Мяне паслаў, мае жыццё вечнае, ды не ідзе на суд, але ад смерці перайшоў да жыцця.
25 Сапраўды, сапраўды кажу вам: надыходзіць час, ды нават ужо надышоў, калі мёртвыя пачуюць голас Сына Божага, і тыя, што пачуюць, ажывуць.
26 Бо як Айцец мае жыццё Сам у Сабе, так і Сыну даў мець жыццё ў Сабе Самім;
27 ды даў Яму ўладу судзіць, бо Ён — Сын Чалавечы.
28 Не дзівіцеся таму, бо надыходзіць гадзіна, у якую ўсе, што ў магілах, пачуюць голас Яго,
29 і тыя, што добра рабілі, пойдуць да ўваскрашэння жыцця, а тыя, што блага рабілі, — да ўваскрашэння суда.
30 Сам ад Сябе Я нічога не магу рабіць; суджу так, як чую, ды суд Мой справядлівы, бо не шукаю Маёй волі, але волі паслаўшага Мяне Айца.
31 Калі Я Сам сведчу аб Сабе, сведчанне Маё ня ёсць праўдзівае;
32 бо ёсць Іншы, Хто сведчыць пра Мяне, і ведаю, што сведчанне пра Мяне, якое Ён прадстаўляе, праўдзівае.
33 Вы пасылалі да Яна, і ён сведчыў праўду;
34 але Я не ад чалавека прымаю сведчанне, а кажу гэта, каб вы былі збаўлены.
35 Ён быў свяцільняй, якая гарыць і свеціць, але вы толькі хвілінку захацелі пацешыцца святлом яго.
36 Але Я маю сведчанне большае за Яна; вось, справы, якія Мне Айцец даручыў, каб Я выканаў іх, і самі справы, якія Я раблю, сведчаць пра Мяне, што Айцец Мяне паслаў.
37 Ды і Айцец, Які Мяне паслаў, Сам засведчыў пра Мяне. Але вы голасу Яго ніколі не чулі і аблічча Яго не бачылі,
38 і слова Яго не маеце ў сабе трывала, бо вы не верыце Таму, Каго Ён паслаў.
39 Разгледзьце Пісанні, бо вы думаеце, што маеце ў іх жыццё вечнае; а яны — гэта тое, што сведчыць пра Мяне.
40 Але да Мяне не хочаце ісці, каб мець жыццё.
41 Славы ад людзей не прымаю,
42 але вас Я спазнаў, што любові да Бога ў сабе не маеце.
43 Я прыйшоў у імя Айца Майго, і вы не прымаеце Мяне; а, калі б хто іншы прыйшоў у сваё імя, таго прымеце.
44 Як жа можаце верыць вы, што хвалу прымаеце адзін ад аднаго, а хвалы, што ад адзінага Бога, не шукаеце?
45 Не думайце, што Я вас буду вінаваціць перад Айцом; ёсць той, хто будзе вінаваціць вас: Майсей, на якога вы спадзеяцеся.
46 Бо каб вы верылі Майсею, дык паверылі б вы і Мне; бо ён пра Мяне пісаў.
47 Але калі вы пісанням яго не верыце, дык як жа паверыце словам Маім?»
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Евангелле паводле Яна, 5 разьдзел

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь

Публікуецца з дазволу Міжканфесіянальнага хрысціянскага рэлігійнага брацтва
«Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь».
© 2017