1 Пасьля гэтага было сьвята жыдоўскае, і прыйшоў Ісус у Ерузалім.
2 Ёсьць-жа ў Ерузаліме ля аве́чых варотаў купальня, што заве́цца па жыдоўску Вітэзда, з пяцьма стаўбамі.
3 Каля іх ляжала множства няду́жых, сьляпы́х, кульгавых, ссохшых, што чакалі руху вады;
4 бо Ангел Гасподні час ад часу зыходзіў у купальню і каламуціў ваду; і хто пе́ршы ўваходзіў у яе́ пасьля ўскаламу́чаньня вады, той здараве́ў, на што-б ні хварэў.
5 І быў тут не́йкі чалаве́к, што хварэў трыццаць восем ле́т.
6 Ісус, угле́дзіўшы яго ляжучы́ і даве́даўшыся, што ён ляжыць ужо даўгі час, кажа яму: ці хочаш паздараве́ць?
7 Хворы адказаў Яму: так, Госпадзе, але ня ма́ю чалаве́ка, які спусьціў бы мяне́ ў купальню, калі ўскаламу́ціцца вада; калі-ж сам прыходжу, другі ўжо зыходзіць прада мною.
8 І кажа яму Ісус: устань, вазьмі ложак твой і хадзі.
9 І ён у тую-ж часіну стаўся здаровым і ўзяў ложак свой і пайшоў. Было-ж гэта ў суботу.
10 Дзеля гэтага Жыды казалі аздаро́ўленаму: сёньня субота, ня гожа табе́ браць ложак.
11 Ён адказаў ім: хто мяне́ аздаравіў, той мне сказаў: вазьмі ложак твой і хадзі.
12 Яго спыталіся: хто гэны чалаве́к, што сказаў табе́: вазьмі ложак твой і хадзі?
13 Аздароўлены-ж ня ве́даў, хто Ён, бо Ісус адыйшоўся ад народу, што быў у тым ме́сцы.
14 Пасьля гэтага Ісус спаткаў яго ў царкве́ і сказаў яму: вось, ты цяпе́р здаровы, не грашы́-ж больш, каб ня ста́лася табе́ не́шта горшае.
15 Чалаве́к гэны пайшоў і расказаў Жыдо́м, што гэта Ісус аздаравіў яго.
16 І пачалі за гэта Жыды гнаць Ісуса і шукалі, як бы забіць Яго, што Ён рабіў гэткае ў суботу .
17 Ісус жа кажа ім: Аце́ц мой дагэтуль робіць, і Я ро́блю.
18 За гэта яшчэ больш шукалі Жыды, якбы забіць Яго, што Ён ня толькі ломіць суботу, але і Айцо́м Сваім заве́ Бога, раўняючы Сябе́ да Бога.
19 На гэта Ісус сказаў: запраўды, запраўды кажу вам: Сын нічога ня можа рабіць Сам ад Сябе́, калі ня будзе бачыць робячы Айца, бо што робіць Ён, тое й Сын робіць таксама.
20 Бо Аце́ц любіць Сына і паказвае Яму ўсё, што Сам робіць, дый пакажа Яму бо́льшыя дзе́яньні, чым гэтыя, ажно дзівавацца будзеце.
21 Бо як Аце́ц уваскрашае ўме́ршых і ажыўляе, — так і Сын ажыўляе, каго хоча.
22 Бо Аце́ц і ня судзіць нікога, але ўве́сь суд аддаў Сыну,
23 каб усе́ паважалі Сына, як паважаюць Айца. І хто не паважае Сына, не паважае і Айца, паслаўшага Яго.
24 Запраўды, запраўды кажу вам: хто слухае слова Маё і ве́рыць Паслаўшаму Мяне́, ма́е ве́чнае жыцьцё і на суд ня йдзе́, але перайшоў ад сьме́рці ў жыцьцё.
25 Запраўды, запраўды кажу вам: пры́йдзе час, дый ужо прыйшоў, калі ўме́ршыя пачуюць голас Сына Божага і, пачуўшы, ажывуць.
26 Бо як Аце́ц ма́е жыцьцё ў Сабе́, так і Сыну даў жыцьцё ме́ць у Сабе́;
27 і даў Яму ўладу й суд чыніць, бо Ён ёсьць Сын Чалаве́чы.
28 Ня дзівуйцеся гэтаму: бо пры́йдзе час, калі ўсе́, што ў магілах, пачуюць голас Сына Божага,
29 і выйдуць, што добрае чынілі, на ўваскрашэньне жыцьця, а што благое чынілі — на ўваскрашэньне суда.
30 Я нічога не магу рабіць Сам ад Сябе́; як чую, так і суджу, і суд Мой праўдзівы, бо ня шукаю Маёй волі, але волі паслаўшага Мяне́ Айца.
31 Калі сьве́дчу Сам аб Сабе́, то сьве́дчаньне Маё непраўдзівае.
32 Ёсьць другі, што сьве́дчыць аба Мне́, і Я ве́даю, праўдзівае тое сьве́дчаньне, якім Ён сьве́дчыць аба Мне.
33 Вы пасылалі да Іоана, і ён засьве́дчыў аб праўдзе.
34 Я-ж не ад чалаве́ка прыймаю сьве́дчаньне, але кажу гэта, каб вы спасьліся.
35 Той быў сьве́тач, які гарэў і сьвяціў, а вы хаце́лі часіну паце́шыцца пры сьвятле́ яго.
36 Я-ж ма́ю сьве́дчаньне большае за Іоанава: бо дзе́яньні, што Аце́ц даў Мне́ закончыць, самыя гэтыя дзе́яньні, што Я чыню, сьве́дчаць аба Мне́, што Аце́ц паслаў Мяне́.
37 І Аце́ц, Які паслаў Мяне́, Сам засьве́дчыў аба Мне́. А вы ані голасу Яго ніколі ня чулі, ані аблічча Яго ня бачылі,
38 і ня маеце слова Яго, што ў вас было-б, бо ня ве́рыце Таму, Каго Ён паслаў.
39 Перагле́дзьце Пісаньні: бо вы думаеце праз іх жыцьцё ве́чнае ме́ць, і яны сьве́дчаць аба Мне́.
40 Але вы ня хочаце прыйсьці да Мяне́, каб ме́ць жыцьцё.
41 Сла́вы ад людзе́й не бяру,
42 але пазнаў вас: любві да Бога ня ма́еце ў сабе́.
43 Я прыйшоў у імя Айца Майго, і ня прыймаеце Мяне́, а калі-б другі прыйшоў у сваё імя, таго прыймеце.
44 Як вы мо́жаце ве́рыць, калі бярэцё славу адзін ад аднаго, а славы, што ад Аднаго Бога, ня шукаеце.
45 Ня думайце, што Я буду вінаваціць вас перад Айцом: ёсьць на вас абвінавальнік Майсе́й, на якога спадзяецёся.
46 Бо, каб вы ве́рылі Майсе́ю, то ве́рылі-б і Мне́, бо ён пісаў аба Мне́.
47 Калі-ж яго пісаньням мя ве́рыце, як Маім сло́вам паве́рыце?
Каментары ці зноскі:
14 царква = храм.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце:
Ctrl + Enter
Паводле Іоана Сьвятое Эвангельле, 5 разьдзел
Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.
Public Domain — народны здабытак.
Лукаш Дзекуць-Малей, Антон Луцкевіч.
© 1931, 1948; у 1985, 1991 унесены праўкі.