Біблія » Пераклады » Пераклад Л. Дзекуць-Малея

Іоана 8 Эвангельле Іоана 8 разьдзел

1 Ісус жа пайшоў на гару Аліўную.
2 Нара́ніцы-ж ізноў прыйшоў у царкву, і ўве́сь народ ішоў да Яго. Ён се́ў і навучаў іх.
3 Тут кніжнікі і фарысэі прывялі да Яго жанчыну, злоўленую на чужало́жстве, і, паставіўшы яе́ пасярэдзіне,
4 сказалі Яму: Настаўнік, гэта жанчына злоўлена на чужаложстве,
5 а Майсе́й у законе загада́ў нам пабіваць гэткіх каме́ньнем. Ты-ж што скажаш?
6 Гаварылі-ж гэта спакушаючы Яго, каб знайсьці што-не́будзь дзеля абвінава́чаньня Яго. Але Ісус, нагнуўшыся, пісаў пальцам на зямлі.
7 Калі-ж яны не пераставалі пытацца ў Яго, то, падняўшыся, сказаў ім: хто з вас бязгрэшны, пе́ршы кінь ка́мень у яе́.
8 І, зноў нагнуўшыся, пісаў на зямлі.
9 Яны-ж, пачуўшы гэтае і дакара́ныя сумле́ньнем, павыходзілі адзін за адным, пачынаючы ад старшых аж да апошніх; застаўся адзін Ісус і жанчына, што стаяла пасярэдзіне.
10 Ісус, падняўшыся і ня бачучы нікога апрача жанчыны, сказаў ёй: жанчына! дзе́ тваі абвініцелі? Ніхто не асудзіў цябе́?
11 Яна адказала: ніхто, Госпадзе! Ісус жа сказаў ёй: і Я не асуджаю цябе́: ідзі і больш не грашы́.
12 Зноў кажа Ісус да народу: Я сьвятло́ сьве́ту; хто пойдзе за Мною, той ня будзе хадзіць у це́мры, але ме́ціме сьвятло́ жыцьця.
13 Тады фарысэі сказалі Яму: Ты Сам аб Сабе́ сьве́дчыш, ды непраўдзівае сьвядоцтва Тваё.
14 Адказаў ім Ісус і сказаў: калі Я і Сам аб Сабе́ сьве́дчу, то сьвядоцтва Маё справядлівае, бо Я ве́даю, адкуль прыйшоў і куды іду; а вы ня ве́даеце, адкуль Я і куды іду.
15 Вы судзіце па це́лу; Я ня суджу нікога.
16 А калі і суджу Я, то суд Мой справядлівы, бо Я не адзін, але Я і Аце́ц, што паслаў Мяне́.
17 І ў законе-ж вашым напісана, што сьве́дчаньне двох чалаве́к справядлівае (Другазаконьне 19:15).
18 Я Сам сьве́дчу аб Сабе́ і сьве́дчыць аба Мне́ Аце́ц, Які паслаў Мяне́.
19 Тады сказалі Яму: дзе́ Аце́ц Твой? Ісус адказаў ім: вы ня ве́даеце ні Мяне́, ні Айца Майго. Калі-б вы ве́далі Мяне́, ве́далі б і Айца Майго.
20 Гэтыя словы гаварыў Ісус ля скарбніцы, калі вучыў у царкве́; і ніхто ня ўзяў Яго, бо яшчэ ня прыйшоў час яго.
21 І ізноў сказаў ім Ісус: Я адыходжу, і будзеце шукаць Мяне́; і паўміраеце ў грэху сваім. Куды іду Я, вы прыйсьці ня мо́жаце.
22 Жыды-ж гаварылі: ці не заб’е́ Ён Сябе́ Сам, што кажа: куды Я іду, вы ня мо́жаце прыйсьці?
23 І сказаў ім: вы ад нізу, Я-ж з вышыні; вы з гэтага сьве́ту, Я ня з гэтага сьве́ту;
24 сказаў жа Я вам, што паўміраеце ў грахох вашых; бо калі не паве́рыце, што гэта Я, то памрэцё ў грахох вашых.
25 Яны-ж сказалі Яму: хто-ж Ты? І сказаў ім Ісус: Адпача́тны, як і кажу вам;
26 многа ма́ю гаварыць аб вас і судзіць; але Той, што паслаў Мяне́, справядлівы, што Я чуў ад Яго, тое й кажу сьве́ту.
27 Не зразуме́лі, што Ён гаварыў ім аб Айцу.
28 І сказаў ім Ісус: як падыймеце Сына Чалаве́чага, тады даве́даецеся, што гэта Я і што нічога ня ро́блю ад Сябе́, але як наўчыў Мяне́ Аце́ц Мой, так і гавару.
29 І са Мною Той, што паслаў Мяне́: Аце́ц не пакінуў Мяне́ аднаго, бо Я заўсёды ро́блю тое, што падабаецца Яму.
30 Калі Ён гаварыў гэтае, многія ўве́равалі ў Яго.
31 Тады сказаў Ісус уве́раваўшым у Яго Жыдом: калі астанецёся ў слове Маім, дык запраўды́ вы вучні Маі.
32 І пазна́еце праўду, і праўда зробіць вас вольнымі.
33 Яму адказалі: мы се́мя Аўраама і нікому ніколі ня былі рабамі; як жа Ты кажаш: ста́нецеся вольнымі.
34 Ісус адказаў ім: запраўды́, запраўды́ кажу вам: усякі, хто грашы́ць, ёсьць нявольнік грэху.
35 Але раб ня жыве́ ў доме ве́чна: сын астае́цца ве́чна.
36 Дык вось, калі Сын вы́зваліць вас, то запраўды́ вольнымі будзеце.
37 Ве́даю, што вы се́мя Аўраама, аднак жа шука́еце, каб забіць Мяне́, бо слова Маё не ўмяшча́ецца ў вас.
38 Я кажу тое, што бачыў у Айца Майго, а вы робіце тое, што бачылі ў айца вашага.
39 Яны адказалі Яму і сказалі: аце́ц наш — Аўраам. Ісус сказаў ім: калі-б вы былі дзе́ці Аўраама, то рабілі бы ўчынкі Аўраамавы.
40 А цяпе́р шука́еце, як забіць Мяне́, чалаве́ка, што сказаў вам праўду, якую чуў ад Бога; Аўраам гэтага не рабіў.
41 Вы робіце ўчынкі айца вашага. На гэтае сказалі Яму: мы не з распусты роджаны; аднаго Айца ма́ем, Бога.
42 Ісус сказаў ім: калі-б Бог быў ваш Аце́ц, то вы любілі-б Мяне́, бо Я з Бога выйшаў і прыходжу; бо Я ня Сам ад Сябе́ прыйшоў, але Ён паслаў Мяне́.
43 Чаму вы не разуме́еце гутаркі Мае́? Бо ня можаце слышаць слова Майго.
44 Ваш аце́ц д’ябал, і вы хочаце выпаўняць жаданьні айца вашага. Ён быў душагуб ад пачатку і ня ўстоіў у праўдзе; бо яе́ няма ў ім. Калі ён гаворыць брахню, гаворыць сваё, бо ён брахун і бацька ілжы.
45 А як Я праўду гавару, то ня ве́рыце Мне́.
46 Хто з вас дака́жа Мой грэх? Калі-ж Я гавару праўду, чаму вы ня ве́рыце Мне́?
47 Хто ад Бога, той слухае словы Божыя; вы затым ня слухаеце, што вы не ад Бога.
48 На гэтае адказалі Яму Жыды і сказалі: ці-ж няпраўду мы кажам, што Ты Самаранін, і што злы дух у Табе́?
49 Ісус адказаў: у ва Мне́ чарта́ няма; але Я паважаю Айца Свайго, а вы зьняважа́еце Мяне́.
50 Дый Я-ж ня шукаю сла́вы для Мяне́; ёсьць Той, што шукае і судзіць.
51 Запраўды́, запраўды́ кажу вам: хто выпаўняе слова Маё, ня ўгле́дзіць сьме́рці даве́ку.
52 Жыды сказалі Яму: цяпе́р даве́даліся мы, што ў Табе́ чорт. І Аўраам памёр, і прарокі, а Ты кажаш: хто вы́паўніць слова Маё, той не спазнае сьме́рці даве́ку.
53 Няўжо-ж Ты большы за айца нашага Аўраама, які ўмёр? і прарокі ўмярлі: за каго Ты Сябе́ выдае́ш?
54 Ісус адказаў: калі Я Сам Сябе́ выслаўля́ю, то сла́ва Мая нішто. Мяне́ выслаўля́е Аце́ц Мой, аб каторым вы гаворыце, што Ён Бог ваш.
55 І вы не пазналі Яго, а Я знаю Яго, і калі скажу, што ня знаю Яго, то буду падобны да вас брахун. Але Я знаю Яго і выпаўняю слова Яго.
56 Аўраам, аце́ц ваш, рад быў бачыць дзе́нь Мой; і ўгле́дзіў і ўце́шыўся.
57 На гэтае сказалі Яму Жыды: Табе́ няма яшчэ пяцідзесяцёх гадоў, і Ты бачыў Аўраама?
58 Ісус адказаў ім: запраўды́, запраўды́ кажу вам: пе́рш, чымся нарадзіўся Аўраам, быў Я.
59 Тады ўзялі каме́ньні, каб кінуць у Яго, але Ісус укрыўся і выйшаў з царквы, прайшоўшы між імі; і пайшоў дале́й.

Каментары ці зноскі:

2 + вершы 20, 59 — царква = храм.
49 Пачыная з выдання 1985 года у тэксте змена: «чарта́» на → «дэмана».
52 Пачыная з выдання 1985 года у тэксте змена: «чорт» на → «дэман».

Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Паводле Іоана Сьвятое Эвангельле, 8 разьдзел

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Public Domain

Public Domain — народны здабытак.
Лукаш Дзекуць-Малей, Антон Луцкевіч.
© 1931, 1948; у 1985, 1991 унесены праўкі.