1 Тады Пілат узяў Ісуса і бічаваў Яго.
2 І жаўне́ры, сплёўшы вянок з цярніны, узьдзе́лі Яму на галаву і апранулі Яму чырвоны плашч
3 і гаварылі: радуйся, Цар Жыдоўскі! І білі Яго па абліччу.
4 Пілат ізноў выйшаў і сказаў ім: вось я выводжу Яго да вас, каб вы ве́далі, што я не знаходжу ў Ім ніякае віны.
5 Тады выйшаў Ісус у цярновым вянку й чырвоным плашчу. І сказаў ім Пілат: вось чалаве́к!
6 Як убачылі Яго архірэі і слугі іх, дык пачалі крычэць, кажучы: распні, распні Яго! Пілат кажа ім: вазьме́це Яго і ўкрыжуйце вы, бо я не знаходжу ў Ім ніякае віны.
7 Жыды́ адказалі яму: мы маем закон; і па закону нашаму мусіць паме́рці, бо зрабіў Сябе́ Сынам Божым.
8 Пілат, пачуўшы гэтае слова, яшчэ больш спужаўся.
9 І ізноў увайшоў у прэторыю і сказаў Ісусу: адкуль Ты? Але Ісус не адказаў яму нічога.
10 Пілат кажа Яму: Ты мне́ не адказваеш? Ці ня ве́даеш, што магу ўкрыжаваць Цябе́ і магу звольніць Цябе́?
11 Ісус адказаў: ты ня ме́ў бы ніякае ўлады нада Мною, калі-б Табе́ ня было да́дзена з вышыні; дзеля гэтага больш грэху на тым, хто Мяне́ прадаў табе́.
12 З таго мамэнту Пілат стараўся звольніць Яго. Жыды-ж крычэ́лі, кажучы: калі звольніш Яго, ты ня друг Ке́сару; кожны, хто робіць сябе царом, вораг ке́сара.
13 Пілат, пачуўшы гэтае слова, вы́веў вон Ісуса і се́ў на судовым паса́дзе, на ме́сцы, што называлася літо́стратон,* а па жыдоўску Гаввафа.
14 Была-ж тады пятніца перад Пасхай, і гадзіна шостая. І сказаў Пілат Жыдо́м: вось Цар ваш!
15 Але яны закрычэлі: вазьмі, вазьмі, укрыжуй Яго! Пілат кажа ім: як я распну Цара́ вашага? Архірэі-ж адказалі: няма ў нас цара́, апрача Ке́сара.
16 Тады ён аддаў Яго на ўкрыжава́ньне. І ўзялі Ісуса й павялі.
17 І, нясучы крыж Свой, Ён выйшаў на ўрочышча Чарапоў, што па-жыдоўску называецца Галгофа,
18 дзе́ і ўкрыжавалі Яго і з Ім двух другіх наабапал Яго, а ў сярэдзіне Ісуса.
19 Пілат жа і надпіс напісаў і паставіў на крыжу. Напісана было: Ісус Назаранін, Цар Жыдоўскі.
20 Гэты надпіс чыталі многія з жыдоў, бо ме́сца, дзе́ быў укрыжаваны Ісус, было недалёка ад ме́ста, дый напісана было па-жыдоўску, па-грэцку і па-рымску.
21 Архірэі-ж жыдоўскія сказалі Пілату: ня пішы: «Цар Жыдоўскі», але напішы, што Ён Сам казаў: «Я цар жыдоўскі.»
22 Пілат адказаў: што я напісаў, тое напісаў.
23 Жаўне́ры-ж, як расьпялі Ісуса, узялі вопратку Яго і падзялілі на чатыры часткі — ко́жнаму жаўне́ру частка, дый хітон; хітон жа быў ня шыты, але ўве́сь вытканы ад ве́рху;
24 дык сказалі адзін аднаму: ня будзем разьдзіраць яго, а кінем жэрабе: чый будзе; каб збыло́ся сказанае ў Пісаньні: Падзялілі адзе́жу Маю між сабою і аб вопратку Маю жэрабе кідалі. Так і ўчынілі жаўнеры (Псальм 21:19).
25 Стаялі-ж ля крыжа Ісусавага Маці Яго і сястра Маткі Яго, Марыя Кляопава, і Марыя Магдаліна.
26 Ісус жа, угле́дзіўшы Матку і стаяўшага побач вучня, якога любіў, кажа Матцы сваёй: Жанчына, вось сын твой!
27 Пасьля кажа вучню: вось Маці твая! І з таго часу вучань гэты ўзяў яе́ да сябе́.
28 Пасьля таго Ісус, ве́даючы, што ўжо ўсё збылося, каб споўнілася Пісаньне, кажа: піць хачу!
29 Тут стаяла судзіна, поўная воцату. Жаўне́ры, набраўшы воцату губкай і ўзьдзе́ўшы яе́ на трысьціну, паднялі да вуснаў Яго.
30 Ісус жа, як узяў воцату, сказаў: Збылося! і, нахіліўшы галаву, аддаў дух.
31 А як была пятніца, дык жыды, каб не пакінуць це́лаў на крыжу ў суботу, (бо той дзе́нь суботні быў вялікі), прасілі Пілата, каб перабіць у іх гале́ні і зьняць.
32 І вось прыйшлі жаўне́ры і ў пе́ршага перабілі гале́ні, і ў другога ўкрыжаванага з Ім.
33 Прыйшоўшы-ж да Ісуса, як убачылі, што Ён ужо ўмёр, дык не перабівалі ў Яго гале́няў;
34 толькі адзін з жаўне́раў прабіў Яму бок рагаты́наю, і ўраз жа пацякла кроў і вада.
35 Той, хто бачыў, пасьве́дчыў, і сьвядоцтва яго праўдзівае; і ён ве́дае, што кажа праўду, каб вы паве́рылі.
36 Бо ўсё гэтае ста́лася, каб збылося Пісаньне: Косьць Яго няхай не пераломіцца (Выхад 12:46).
37 Дый ізноў жа ў другім ме́сцы гаворыць Пісаньне: Угле́дзяць, каго прабілі (Захарія 12:10).
38 Пасьля гэтага Язэп з Арыматэі (ён быў вучнем Ісуса, але тайным дзеля страху перад жыдамі) папрасіў Пілата зьняць цела Ісуса; і Пілат дазволіў. Дык пайшоў і зьняў це́ла Ісуса.
39 Прыйшоў такжа й Нікадэм (ён прыходзіў ране́й да Ісуса ўначы) і прынёс ме́шаніну з сьмірны і алёэ літраў каля ста.
40 І ўзялі яны це́ла Ісуса і абярнулі Яго ў палатно з пахнідламі, як звычайна хароняць жыды́.
41 На тым ме́сцы, дзе́ Ён быў укрыжаваны, быў сад, і ў садзе новая магіла, у якой яшчэ ніхто ня быў паложаны.
42 Вось тутака дзеля пятніцы жыдоўскай (бо магіла была блізка) і палажылі це́ла Ісуса.
Каментары ці зноскі:
13 літо́стратон — каме́нны памост.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце:
Ctrl + Enter
Паводле Іоана Сьвятое Эвангельле, 19 разьдзел
Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.
Public Domain — народны здабытак.
Лукаш Дзекуць-Малей, Антон Луцкевіч.
© 1931, 1948; у 1985, 1991 унесены праўкі.