Яна 19 разьдзел

Паводле Яна Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Л. Дзекуць-Малея

 
 

Тады Пілат узяў Ісуса і загадаў біць Яго.
 
Тады Пілат узяў Ісуса і бічаваў Яго.

І воіны, сплёўшы вянок цярновы, усклалі Яму на галаву, і апранулі Яго ў пурпуру,
 
І жаўне́ры, сплёўшы вянок з цярніны, узьдзе́лі Яму на галаву і апранулі Яму чырвоны плашч

і казалі: радуйся, Цару Юдэйскі! І білі Яго па шчоках.
 
і гаварылі: радуйся, Цар Жыдоўскі! І білі Яго па абліччу.

Пілат зноў выйшаў і сказаў ім: вось я выводжу Яго да вас, каб вы ведалі, што я не знаходжу ў Ім ніякае віны.
 
Пілат ізноў выйшаў і сказаў ім: вось я выводжу Яго да вас, каб вы ве́далі, што я не знаходжу ў Ім ніякае віны.

Тады выйшаў Ісус у цярновым вянку і ў пурпуры. І сказаў ім Пілат: вось, Чалавек!
 
Тады выйшаў Ісус у цярновым вянку й чырвоным плашчу. І сказаў ім Пілат: вось чалаве́к!

Калі ж убачылі Яго першасьвятары і служкі, дык закрычалі: укрыжуй, укрыжуй Яго! Пілат кажа ім: вазьмеце Яго вы і ўкрыжуйце, бо я не знаходжу ў Ім віны.
 
Як убачылі Яго архірэі і слугі іх, дык пачалі крычэць, кажучы: распні, распні Яго! Пілат кажа ім: вазьме́це Яго і ўкрыжуйце вы, бо я не знаходжу ў Ім ніякае віны.

Юдэі адказвалі яму: мы маем закон, і паводле закона нашага Ён павінен памерці, бо зрабіў Сябе Сынам Божым.
 
Жыды́ адказалі яму: мы маем закон; і па закону нашаму мусіць паме́рці, бо зрабіў Сябе́ Сынам Божым.

Пілат, пачуўшы гэтае слова, яшчэ больш напалохаўся,
 
Пілат, пачуўшы гэтае слова, яшчэ больш спужаўся.

і зноў увайшоў у прэторыю, і сказаў Ісусу: адкуль Ты? Але Ісус ня даў яму адказу.
 
І ізноў увайшоў у прэторыю і сказаў Ісусу: адкуль Ты? Але Ісус не адказаў яму нічога.

Пілат кажа Яму: мне не адказваеш? ці ня ведаеш, што я маю ўладу Цябе крыжаваць і ўладу маю Цябе адпусьціць?
 
Пілат кажа Яму: Ты мне́ не адказваеш? Ці ня ве́даеш, што магу ўкрыжаваць Цябе́ і магу звольніць Цябе́?

Ісус адказваў: ты ня меў бы над Мною ніякае ўлады, калі б ня было дадзена табе зьверху; таму большы грэх на тым, хто перадаў Мяне табе.
 
Ісус адказаў: ты ня ме́ў бы ніякае ўлады нада Мною, калі-б Табе́ ня было да́дзена з вышыні; дзеля гэтага больш грэху на тым, хто Мяне́ прадаў табе́.

З гэтага часу Пілат намагаўся адпусьціць Яго. А Юдэі крычалі: калі адпусьціш Яго, ты ня прыяцель кесару; кожны, хто робіць сябе царом, супрацівіцца кесару.
 
З таго мамэнту Пілат стараўся звольніць Яго. Жыды-ж крычэ́лі, кажучы: калі звольніш Яго, ты ня друг Ке́сару; кожны, хто робіць сябе царом, вораг ке́сара.

Пілат, пачуўшы гэтае слова, вывеў Ісуса і сеў на судзілішчы, на месцы, якое называецца Ліфастратон, а па-Габрэйску Гаввафа.
 
Пілат, пачуўшы гэтае слова, вы́веў вон Ісуса і се́ў на судовым паса́дзе, на ме́сцы, што называлася літо́стратон, а па жыдоўску Гаввафа.

Тады была пятніца перад Пасхаю, і гадзіна шостая. І сказаў Пілат Юдэям: вось, Цар ваш!
 
Была-ж тады пятніца перад Пасхай, і гадзіна шостая. І сказаў Пілат Жыдо́м: вось Цар ваш!

Але яны закрычалі: вазьмі, вазьмі, укрыжуй Яго! Пілат кажа ім: каб Цара вашага крыжаваць? Першасьвятары адказвалі: няма ў нас цара апроч кесара.
 
Але яны закрычэлі: вазьмі, вазьмі, укрыжуй Яго! Пілат кажа ім: як я распну Цара́ вашага? Архірэі-ж адказалі: няма ў нас цара́, апрача Ке́сара.

Тады нарэшце ён аддаў Яго ім на крыжаваньне. І ўзялі Ісуса і павялі.
 
Тады ён аддаў Яго на ўкрыжава́ньне. І ўзялі Ісуса й павялі.

І, нясучы крыж Свой, Ён выйшаў на месца, называнае Лобным, па-Габрэйску Галгофа;
 
І, нясучы крыж Свой, Ён выйшаў на ўрочышча Чарапоў, што па-жыдоўску называецца Галгофа,

там укрыжавалі Яго і зь Ім двух іншых, па адзін і па другі бок, а пасярэдзіне Ісуса.
 
дзе́ і ўкрыжавалі Яго і з Ім двух другіх наабапал Яго, а ў сярэдзіне Ісуса.

А Пілат напісаў і надпіс паставіў на крыжы. Напісана было: Ісус Назарэй, Цар Юдэйскі.
 
Пілат жа і надпіс напісаў і паставіў на крыжу. Напісана было: Ісус Назаранін, Цар Жыдоўскі.

Гэты надпіс чыталі многія Юдэі, бо месца, дзе быў укрыжаваны Ісус, было недалёка ад горада, і напісана было па-Габрэйску, па-Грэцку, па-Рымску.
 
Гэты надпіс чыталі многія з жыдоў, бо ме́сца, дзе́ быў укрыжаваны Ісус, было недалёка ад ме́ста, дый напісана было па-жыдоўску, па-грэцку і па-рымску.

А першасьвятары Юдэйскія сказалі Пілату: ня пішы: Цар Юдэйскі, а што Ён казаў: Я Цар Юдэйскі.
 
Архірэі-ж жыдоўскія сказалі Пілату: ня пішы: «Цар Жыдоўскі», але напішы, што Ён Сам казаў: «Я цар жыдоўскі.»

Пілат адказваў: што я напісаў, тое напісаў.
 
Пілат адказаў: што я напісаў, тое напісаў.

А воіны, калі ўкрыжавалі Ісуса, пабралі адзежу Ягоную і падзялілі на чатыры долі, кожнаму воіну доля, і хітон; а хітон быў не пашыты, а ўвесь тканы зьверху.
 
Жаўне́ры-ж, як расьпялі Ісуса, узялі вопратку Яго і падзялілі на чатыры часткі — ко́жнаму жаўне́ру частка, дый хітон; хітон жа быў ня шыты, але ўве́сь вытканы ад ве́рху;

І вось сказалі адзін аднаму: ня будзем разьдзіраць яго, а кінем на яго жэрабя, чый будзе; — хай збудзецца сказанае ў Пісаньні: «падзялілі рызы Мае між сабою і за адзежу Маю кідалі жэрабя». Так учынілі воіны.
 
дык сказалі адзін аднаму: ня будзем разьдзіраць яго, а кінем жэрабе: чый будзе; каб збыло́ся сказанае ў Пісаньні: Падзялілі адзе́жу Маю між сабою і аб вопратку Маю жэрабе кідалі. Так і ўчынілі жаўнеры (Псальм 21:19).

Каля крыжа Ісуса стаялі Маці Ягоная, і сястра Маці Ягонай Марыя Клеопава, і Марыя Магдаліна.
 
Стаялі-ж ля крыжа Ісусавага Маці Яго і сястра Маткі Яго, Марыя Кляопава, і Марыя Магдаліна.

Ісус, убачыўшы Маці і вучня, які тут стаяў, якога любіў, кажа Маці Сваёй: Жанчына! вось, сын Твой.
 
Ісус жа, угле́дзіўшы Матку і стаяўшага побач вучня, якога любіў, кажа Матцы сваёй: Жанчына, вось сын твой!

Потым кажа вучню: вось, Маці твая! І з гэтага часу вучань гэты ўзяў Яе да сябе.
 
Пасьля кажа вучню: вось Маці твая! І з таго часу вучань гэты ўзяў яе́ да сябе́.

Пасьля таго Ісус, ведаючы, што ўжо ўсё сталася, каб збылося Пісаньне, кажа: піць.
 
Пасьля таго Ісус, ве́даючы, што ўжо ўсё збылося, каб споўнілася Пісаньне, кажа: піць хачу!

Тут стаяў посуд, поўны воцату. Воіны, намачыўшы воцатам губку і накалоўшы на ісоп, паднесьлі да вуснаў Ягоных.
 
Тут стаяла судзіна, поўная воцату. Жаўне́ры, набраўшы воцату губкай і ўзьдзе́ўшы яе́ на трысьціну, паднялі да вуснаў Яго.

І калі Ісус скаштаваў воцату, сказаў: збылося! І нахіліўшы галаву, аддаў дух.
 
Ісус жа, як узяў воцату, сказаў: Збылося! і, нахіліўшы галаву, аддаў дух.

Але як што тады была пятніца, дык Юдэі, каб не пакінуць целаў на крыжы ў суботу, бо тая субота была дзень вялікі, прасілі Пілата, каб перабіць у іх галені і зьняць іх.
 
А як была пятніца, дык жыды, каб не пакінуць це́лаў на крыжу ў суботу, (бо той дзе́нь суботні быў вялікі), прасілі Пілата, каб перабіць у іх гале́ні і зьняць.

І вось, прыйшлі воіны, і ў першага перабілі галені, і ў другога, укрыжаванага зь Ім;
 
І вось прыйшлі жаўне́ры і ў пе́ршага перабілі гале́ні, і ў другога ўкрыжаванага з Ім.

а, падышоўшы да Ісуса, як убачылі Яго ўжо мёртвага, не перабілі ў Яго галені,
 
Прыйшоўшы-ж да Ісуса, як убачылі, што Ён ужо ўмёр, дык не перабівалі ў Яго гале́няў;

а адзін воін кап’ём працяў Яму рэбры, і адразу выцекла кроў і вада.
 
толькі адзін з жаўне́раў прабіў Яму бок рагаты́наю, і ўраз жа пацякла кроў і вада.

І хто бачыў, засьведчыў, і праўдзівае сьведчаньне ягонае; ён ведае, што кажа ў ісьціне, каб вы паверылі;
 
Той, хто бачыў, пасьве́дчыў, і сьвядоцтва яго праўдзівае; і ён ве́дае, што кажа праўду, каб вы паве́рылі.

бо гэта сталася, хай збудзецца Пісаньне: «косьць Ягоная хай ня будзе зламана».
 
Бо ўсё гэтае ста́лася, каб збылося Пісаньне: Косьць Яго няхай не пераломіцца (Выхад 12:46).

Гэтак сама і ў іншым месцы Пісаньне кажа: «паглядзяць на Таго, Каго працялі».
 
Дый ізноў жа ў другім ме́сцы гаворыць Пісаньне: Угле́дзяць, каго прабілі (Захарія 12:10).

Пасьля гэтага Язэп з Арыматэі, вучань Ісуса, але тайны — ад страху перад Юдэямі, прасіў у Пілата, каб зьняць Цела Ісусава; і Пілат дазволіў. Той пайшоў і зьняў Цела Ісусава.
 
Пасьля гэтага Язэп з Арыматэі (ён быў вучнем Ісуса, але тайным дзеля страху перад жыдамі) папрасіў Пілата зьняць цела Ісуса; і Пілат дазволіў. Дык пайшоў і зьняў це́ла Ісуса.

Прыйшоў таксама і Мікадым, які прыходзіў раней да Ісуса ўначы, і прынёс сумесь з альясу і сьмірны, літраў каля ста.
 
Прыйшоў такжа й Нікадэм (ён прыходзіў ране́й да Ісуса ўначы) і прынёс ме́шаніну з сьмірны і алёэ літраў каля ста.

І вось, узялі яны Цела Ісусавае і ўгарнулі яго ў палатно з пахошчамі, як звычайна хаваюць Юдэі.
 
І ўзялі яны це́ла Ісуса і абярнулі Яго ў палатно з пахнідламі, як звычайна хароняць жыды́.

На тым месцы, дзе Ён быў укрыжаваны, быў сад, і ў садзе была магіла новая, у якую яшчэ ніхто ня быў пакладзены:
 
На тым ме́сцы, дзе́ Ён быў укрыжаваны, быў сад, і ў садзе новая магіла, у якой яшчэ ніхто ня быў паложаны.

там паклалі Ісуса дзеля пятніцы Юдэйскай, бо магіла была блізка.
 
Вось тутака дзеля пятніцы жыдоўскай (бо магіла была блізка) і палажылі це́ла Ісуса.