Дзеі 1 разьдзел

Дзеі Сьвятых Апосталаў
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Л. Дзекуць-Малея

 
 

Першую кнігу напісаў я табе, Феафіле, пра ўсё, што Ісус рабіў і чаму вучыў ад пачатку
 
Пе́ршую аповесьць, Тэафілю, учыніў я аб усім, што Ісус рабіў ды навучаў

аж па той дзень, калі Ён узьнёсься, даўшы праз Духа Сьвятога наказы Апосталам, якіх Ён выбраў,
 
да дня, у які ўзьнёсся, даўшы праз Духа Сьвятога загады Апосталам, якіх выбраў,

якім зьявіў Сябе жывога пасьля цярпеньняў Сваіх з многімі слушнымі доказамі, сорак дзён паказваючыся ім і апавядаючы пра Царства Божае;
 
ды прад якімі зьяўляўся жывы пасьля мукаў Сваіх у чысьленых зьявах, у працягу сараку дзён паказываючыся ім ды кажучы аб царстве Божым.

і, сабраўшы іх, Ён загадаў ім: не адлучайцеся зь Ерусаліма, а чакайце абяцанага ад Айца, пра што вы чулі ад Мяне;
 
І, сабраўшы іх, загадаў ім не выхадзіць з Ерузаліму, а чакаць на абве́шчанае ад Айца, аб чым вы чулі ад мяне́:

бо Ян хрысьціў вадою, а вы, празь нямнога дзён пасьля будзеце ахрышчаны Духам Сьвятым.
 
што Іоан хрысьціў вадой, а вы цераз колькі дзён будзеце ахры́шчаны ў Духу Сьвятым.

Пасьля гэтага яны, сыйшоўшыся, пыталіся ў Яго, кажучы: ці ня гэтым часам, Госпадзе, аднаўляеш Ты царства Ізраілю?
 
Дык яны, зыйшоўшыся разам, пыталіся ў Яго, кажучы: Госпадзе, ці ня ў гэтым часе адбудуеш царства Ізраілю?

А Ён сказаў ім: ня вам ведаць часіны ці поры, якія Айцец назначыў Сваёй уладай;
 
Ён жа сказаў да іх: ня вам ве́даць час ці пару́, што Аце́ц паклаў у ўладзе Сваёй;

а вы прымеце сілу, як зыйдзе на вас Дух Сьвяты, і будзеце Мне за сьведкаў у Ерусаліме і ва ўсёй Юдэі і Самарыі і нават па край зямлі.
 
але пры́меце сілу, як зыйдзе на вас Дух Сьвяты, і будзеце Мне́ сьве́дкамі і ў Ерузаліме, і ў-ва ўсе́й Юдэі й Самарыі, ды ажно па край зямлі.

Сказаўшы гэта, Ён узьнёсься на вачах у іх, і воблака ўзяло Яго з вачэй іхніх.
 
І, сказаўшы гэтае, Ён узьнёсся перад вачыма іхнімі, і хмара ўзяла Яго ад вачэй іх.

І калі яны глядзелі на неба падчас ўшэсьця Ягонага, раптам сталі перад імі два мужы ў белым убраньні
 
Калі-ж яны пільна ўглядаліся ў не́ба, як Ён адыходзіў, вось двое мужоў станулі перад імі ў белых вопратках,

і сказалі: мужы Галілейскія! што вы стаіце і глядзіце на неба? Гэты Ісус, што ўзьнёсься ад вас на неба, прыйдзе гэтак сама, як вы бачылі Яго, калі ўзносіўся на неба.
 
дый сказалі яны: Мужы Галіле́йскія! Чаго стаіцё, узіраючыся на не́ба? Гэты Ісус, узяты ад вас на не́ба, прыдзе гэтак сама, як бачылі вы Яго ўзыходзячы на не́ба.

Тады яны вярнуліся ў Ерусалім з гары, якая называецца Аліўнай, што блізь Ерусаліма, адлеглай на дзень суботні хады.
 
Тады яны вярнуліся ў Ерузалім з гары, называнай Аліўнай, што непадалёк ад Ерузаліму, за дзень суботні ходу.

І як прыйшлі, увайшлі ў сьвятліцу, дзе і заставаліся, Пётр і Якаў, Ян і Андрэй, Піліп і Тамаш, Барталамей і Мацьвей, Якаў Алфееў і Сымон Зілот, і Юда, брат Якаваў;
 
І, увайшоўшы, узыйшлі ў сьвятліцу, дзе́ былі Пётр і Якуб, і Іоан, і Андрэй, Піліп і Хама́, Баўтраме́й ды Мацьве́й, Якуб Алфе́явы й Сымон Зілот, ды Юда Якубаў.

усе яны аднадушна былі ў малітве і ў маленьні, зь некаторымі жанчынамі і Марыяю, Маці Ісусавай, і з братамі Ягонымі.
 
Усе́ яны трывалі аднадушна ў малітвах і просьбах разам з жанчынамі й Марыяй, Маткай Ісусавай, ды братамі Ягонымі.

І ў тыя дні Пётр, стаўшы сярод вучняў, сказаў —
 
І ў гэныя дні Пётр, устаўшы сярод вучняў, сказаў (а была грамада людзей разам каля ста дваццацёх).

(а было ж сабралася людзей каля ста дваццаці) — мужы браты! мелася спраўдзіцца тое, што ў Пісаньні прадказаў Дух Сьвяты вуснамі Давідавымі пра Юду, які навёў тых, што схапілі Ісуса;
 
Мужы браты! Тое пісаньне, якое праз вусны Давідавыя Дух Сьвяты прадказаў пра Юду, што быў павадыром тых, каторыя ўзялі Ісуса, — мусіла збыцца;

бо ён быў залічаны да нас і атрымаў пакліканьне да служэньня гэтага;
 
быў ён палічаны з намі, і лёс вызначыў яму частку ў служэньні гэтым,

але набыў зямлю несправядлівай цаною і, калі зрынуўся, раскалолася чэрава ягонае, і вывернуліся вантробы ягоныя;
 
але цаной крыўды прыдбаў ён зямлю і, рынуўшыся, разьдзе́рся папалове, і вывалілася з яго ўсё шлуньне ягонае.

і гэта сталася вядома ўсім жыхарам Ерусаліма, так што зямля тая на айчыннай іхняй мове названа Акелдамб, што азначае «зямля крыві».
 
І сталася ве́дама ўсім жы́харам Ерузаліму; дык поле гэнае названа ў іхняй гутарцы Акельдама́, гэта ёсьць зямля крыві.

А ў кнізе Псальмаў напісана: «хай двор ягоны пусткаю стане, і ў ім хай жывога ня будзе», і: «пасад ягоны іншы хай прыйме».
 
Бо напісана ў кнізе псальмаў: Няхай станецца двор ягоны пустым, і няхай ніхто ня жыве ў ім, дый: дагляд ад яго возьме другі (Псальм 68:26; 108:8).

Дык трэба, каб адзін з тых, што былі з намі праз увесь той час, калі заставаўся і гутарыў з намі Гасподзь Ісус,
 
Дык трэба, каб із тых мужоў, што зыходзіліся з намі праз уве́сь час, як прыходзіў і адыходзіў ад нас Госпад Ісус,

пачынаючы ад хрышчэньня Янавага па той дзень, калі Ён узьнёсься ад нас, быў разам з намі сьведкам уваскрэсеньня Яго.
 
пачынаючы ад хрышчэньня Іоанавага ажно да дня, калі Ён быў узяты ад нас, адзін із іх стаўся-бы разам з намі сьве́дкай уваскрасе́ньня Яго.

І паставілі двух: Язэпа, якога звалі Варсавам, празванага Юстам, і Мацьвія,
 
І паставілі двух: Язэпа, званага Варсавай, па мянюшцы Юста, ды Мацьве́я;

і памаліліся і сказалі: Ты, Госпадзе, Сэрцаведзе ўсіх, пакажы з гэтых двух аднаго, якога Ты выбраў,
 
і, молячыся, казалі: Ты, Госпадзе, які ве́даеш сэрцы ўсіх, пакажы з гэтых двух аднаго, каго Ты выбраў,

прыняць пакліканьне гэтага служэньня і апостальства, ад якога адпаўся Юда, каб ісьці ў сваё месца.
 
каб узяў частку ў служэньні гэтым і апостальстве, ад якога адступіўся Юда, каб ісьці на сваё ме́сца.

І кінулі на іх жэрабя, і выпала жэрабя Мацьвію, і ён далучаны да адзінаццаці апосталаў.
 
І кінулі жэрабе аб іх, і выпала жэрабе на Мацьве́я, і далучаны быў да адзінаццацёх Апосталаў.