Да Ціта 1 разьдзел

Пасланьне да Ціта
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Л. Дзекуць-Малея

 
 

Павал, раб Божы, і апостал Ісуса Хрыста, па веры выбраных Божых і спазнаньня ісьціны, што вядзе да пабожнасьці,
 
Паўла, раб Божы, Апостал жа Ісуса Хрыста, па ве́ры выбраных Божых і пазнаньню праўды, што водле багабойнасьці,

у надзеі на вечнае жыцьцё, якое абяцаў нязьменны ў слове Бог за часу спрадвечнага,
 
у надзе́і ве́чнага жыцьця, якую прырок Бог, Які не ашуківае, перад ве́чнымі часамі,

а ў Свой час зьявіў Сваё слова ў казані, даверанай мне загадам Збаўцы нашага, Бога, —
 
а ў свой час зьявіў Сваё слова ў пропаведзі, што даве́рана мне́ па загаду Збавіцеля нашага, Бога, —

Ціту, сапраўднаму сыну ў супольнай веры: мілата, міласэрнасьць і мір ад Бога Айца і Госпада Ісуса Хрыста, Збаўцы нашага.
 
Ціту, праўдзіваму сыну па супольнай ве́ры: ласка, міласьць, мір ад Бога Айца і Госпада Ісуса Хрыста, Збавіцеля нашага.

На тое я пакінуў цябе ў Крыце, каб ты давяршыў незакончанае і паставіў ва ўсіх гарадах прасьвітэраў, як я табе наказваў:
 
Я пакінуў цябе́ ў Крыце дзеля таго, каб ты дакончыў недакончанае і паставіў па ўсіх ме́стах старшых, як я табе́ загадаў:

калі хто беспахібны, адзін раз жанаты, дзяцей мае верных, не дакараных за распусту або непакорлівасьць.
 
калі хто беззаганны, муж аднае́ жонкі, дзяце́й ма́е ве́рных, недакара́ных за распусту або непакорлівасьць.

Бо япіскап мусіць быць беззаганны, як Божы домабудаўнік, ня дзёрзкі, не гняўлівы, ня п’яніца, не звадыяш, не карысьлівец,
 
Бо япіскап павінен быць беззаганны, як Божы Гаспадар дому, ня горды, не гняўлівы, ня п’яніца, не забіяка, не карысталюбны,

а гасьцінны да вандроўнікаў, дабралюбны, цнатлівы, справядлівы, пабожны, устрымлівы,
 
але гасьцінны, любячы дабро, разважны, справядлівы, багабойны, паўзьдзе́ржлівы,

павінен трымацца праўдзівага слова, згоднага з вучэньнем, каб ён быў моцны і настаўляў у здаровым вучэньні і супраціўцаў выкрываў.
 
каб дзяржаўся ве́рнага слова паводле навукі, каб мог і напамінаць у здаровай навуцы, і дакараць тых, што кажуць насупраць.

Бо ёсьць шмат і непакорлівых, пустасловаў і ашуканцаў, асабліва з абрэзаных,
 
Бо ёсьць многа і непакорных, і пустаслоўных, ашуканцаў, асабліва з абрэзаных,

якім трэба замыкаць вусны: яны разбэшчваюць цэлыя дамы, вучаць, чаго ня сьлед, з ганебнай карысьлівасьці.
 
якім трэба затыкаць рот: яны цэлыя дамы́ разбураюць, навучаючы, чаго ня сьле́д, дзеля гане́бнае карысьці.

Зь іх самых адзін, вершатворца, сказаў: «Крыцяне заўсёды хлусы, злыя зьвяры, вантробы ляныя».
 
Сказаў жа не́хта з іх, уласны іх прарок: Крыцяне заўсёды ілгуць, зьве́ры лютыя, чэравы ляны́я.

Сьведчаньне гэта справядлівае. З гэтай прычыны выкрывай іх строга, каб яны былі здаровыя ў веры,
 
Сьве́дчаньне гэтае праўдзівае. З гэтае прычыны дакарай іх строга, каб былі здаровыя ў ве́ры,

ня слухаючы Юдэйскіх баек і пастановаў людзей, якія цураюцца ісьціны.
 
не зважаючы на юдэйскія казкі і загады людзе́й, што адварачаюцца ад праўды.

У чыстых усё чыстае: а ў апаганеных і няверных няма нічога чыстага, а спаганены і розум іхні ды сумленьне.
 
Для чыстых усё чыста, а для апаганеных і няве́рных няма нічога чыстага, але апаганены і розум іх, і сумле́ньне.

Яны кажуць, што ведаюць Бога; а справамі выракаюцца, бо гнюсныя, непакорлівыя і няздольныя ні на якія добрыя ўчынкі.
 
Яны кажуць, што ве́даюць Бога; а ўчынкамі выракаюцца, агідныя і непакорныя і няздольныя ні да якога добрага дзе́ла.