Яна 5 разьдзел
Паводле Яна Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Л. Дзекуць-Малея
Пасьля гэтага было сьвята Юдэйскае, і прыйшоў Ісус у Ерусалім.
Пасьля гэтага было сьвята жыдоўскае, і прыйшоў Ісус у Ерузалім.
А ёсьць у Ерусаліме каля Авечае брамы купальня, называная па-Габрэйску Віфезда, якая мела пяць крытых уваходаў;
Ёсьць-жа ў Ерузаліме ля аве́чых варотаў купальня, што заве́цца па жыдоўску Вітэзда, з пяцьма стаўбамі.
у іх ляжала вялікае мноства хворых, сьляпых, кульгавых, сухіх, якія чакалі руху вады;
Каля іх ляжала множства няду́жых, сьляпы́х, кульгавых, ссохшых, што чакалі руху вады;
бо анёл Гасподні часам сыходзіў у купальню і парушаў ваду; і хто першы ўваходзіў у яе пасьля парушэньня вады, той здаровы рабіўся, на якую б хваробу ні пакутаваў.
бо Ангел Гасподні час ад часу зыходзіў у купальню і каламуціў ваду; і хто пе́ршы ўваходзіў у яе́ пасьля ўскаламу́чаньня вады, той здараве́ў, на што-б ні хварэў.
Тут быў чалавек, які хварэў трыццаць восем гадоў.
І быў тут не́йкі чалаве́к, што хварэў трыццаць восем ле́т.
Ісус, угледзеўшы, як ён ляжыць, і даведаўшыся, што ён ляжыць ужо доўгі час, кажа яму: ці хочаш быць здаровым?
Ісус, угле́дзіўшы яго ляжучы́ і даве́даўшыся, што ён ляжыць ужо даўгі час, кажа яму: ці хочаш паздараве́ць?
Хворы адказваў Яму: так, Госпадзе; але ня маю чалавека, які апусьціў бы мяне ў купальню, калі парушыцца вада; калі ж я прыходжу, нехта іншы ўжо ўваходзіць раней за мяне.
Хворы адказаў Яму: так, Госпадзе, але ня ма́ю чалаве́ка, які спусьціў бы мяне́ ў купальню, калі ўскаламу́ціцца вада; калі-ж сам прыходжу, другі ўжо зыходзіць прада мною.
Ісус кажа яму: устань, вазьмі пасьцель тваю і хадзі.
І кажа яму Ісус: устань, вазьмі ложак твой і хадзі.
І той адразу выздаравеў, і ўзяў пасьцель сваю, і пайшоў. Было ж гэта ў дзень суботні.
І ён у тую-ж часіну стаўся здаровым і ўзяў ложак свой і пайшоў. Было-ж гэта ў суботу.
Пасьля Юдэі казалі ацалёнаму: сёньня субота; не павінен ты браць пасьцель.
Дзеля гэтага Жыды казалі аздаро́ўленаму: сёньня субота, ня гожа табе́ браць ложак.
Ён адказваў ім: Хто мяне вылечыў, Той мне сказаў: вазьмі пасьцель тваю і хадзі.
Ён адказаў ім: хто мяне́ аздаравіў, той мне сказаў: вазьмі ложак твой і хадзі.
У яго спыталіся: хто Той Чалавек, Які сказаў табе: вазьмі пасьцель тваю і хадзі?
Яго спыталіся: хто гэны чалаве́к, што сказаў табе́: вазьмі ложак твой і хадзі?
Але ацалёны ня ведаў, хто Ён; бо Ісус зьнік сярод людзей, якія былі на тым месцы.
Аздароўлены-ж ня ве́даў, хто Ён, бо Ісус адыйшоўся ад народу, што быў у тым ме́сцы.
Потым Ісус спаткаў яго ў храме і сказаў яму: вось, ты стаў здаровы; не грашы болей, каб ня сталася з табою чаго горшага.
Пасьля гэтага Ісус спаткаў яго ў царкве́ і сказаў яму: вось, ты цяпе́р здаровы, не грашы́-ж больш, каб ня ста́лася табе́ не́шта горшае.
Чалавек гэты пайшоў і абвясьціў Юдэям, што Той, Хто ацаліў яго, ёсьць Ісус.
Чалаве́к гэны пайшоў і расказаў Жыдо́м, што гэта Ісус аздаравіў яго.
І пачалі Юдэі перасьледаваць Ісуса і намышлялі забіць Яго за тое, што Ён рабіў усе такія дзеі ў суботу.
І пачалі за гэта Жыды гнаць Ісуса і шукалі, як бы забіць Яго, што Ён рабіў гэткае ў суботу .
А Ісус казаў ім: Айцец Мой дагэтуль робіць, і Я раблю.
Ісус жа кажа ім: Аце́ц мой дагэтуль робіць, і Я ро́блю.
І яшчэ больш намышлялі забіць Яго Юдэі за тое, што Ён ня толькі парушаў суботу, але і Айцом Сваім называў Бога, робячы Сябе роўным Богу.
За гэта яшчэ больш шукалі Жыды, якбы забіць Яго, што Ён ня толькі ломіць суботу, але і Айцо́м Сваім заве́ Бога, раўняючы Сябе́ да Бога.
На гэта Ісус сказаў: праўду, праўду кажу вам: Сын нічога ня можа тварыць Сам ад Сябе, калі ня ўбачыць, як Айцец творыць: бо, што творыць Ён, тое і Сын творыць таксама.
На гэта Ісус сказаў: запраўды, запраўды кажу вам: Сын нічога ня можа рабіць Сам ад Сябе́, калі ня будзе бачыць робячы Айца, бо што робіць Ён, тое й Сын робіць таксама.
Бо Айцец любіць Сына і паказвае Яму ўсё, што творыць Сам; і пакажа Яму дзеі большыя за гэтыя, так што вы зьдзівіцеся.
Бо Аце́ц любіць Сына і паказвае Яму ўсё, што Сам робіць, дый пакажа Яму бо́льшыя дзе́яньні, чым гэтыя, ажно дзівавацца будзеце.
Бо, як Айцец уваскрашае мёртвых і ажыўляе, так і Сын ажыўляе, каго хоча.
Бо як Аце́ц уваскрашае ўме́ршых і ажыўляе, — так і Сын ажыўляе, каго хоча.
Бо Айцец і ня судзіць нікога, а ўвесь суд аддаў Сыну,
Бо Аце́ц і ня судзіць нікога, але ўве́сь суд аддаў Сыну,
каб усе шанавалі Сына, як шануюць Айца. Хто не шануе Сына, той не шануе і Айца, Які паслаў Яго.
каб усе́ паважалі Сына, як паважаюць Айца. І хто не паважае Сына, не паважае і Айца, паслаўшага Яго.
Праўду, праўду кажу вам: хто слухае слова Маё і верыць у Таго, Хто паслаў Мяне, мае жыцьцё вечнае, і на суд ня прыходзіць, а перайшоў ад сьмерці ў жыцьцё.
Запраўды, запраўды кажу вам: хто слухае слова Маё і ве́рыць Паслаўшаму Мяне́, ма́е ве́чнае жыцьцё і на суд ня йдзе́, але перайшоў ад сьме́рці ў жыцьцё.
Праўду, праўду кажу вам: настае час, і настаў ужо, калі мёртвыя пачуюць голас Сына Божага і пачуўшы, ажывуць.
Запраўды, запраўды кажу вам: пры́йдзе час, дый ужо прыйшоў, калі ўме́ршыя пачуюць голас Сына Божага і, пачуўшы, ажывуць.
Бо як Айцец мае жыцьцё ў Самім Сабе, так і Сыну даў мець жыцьцё ў Самім Сабе;
Бо як Аце́ц ма́е жыцьцё ў Сабе́, так і Сыну даў жыцьцё ме́ць у Сабе́;
і даў Яму ўладу правіць і суд, бо Ён ёсьць Сын Чалавечы.
і даў Яму ўладу й суд чыніць, бо Ён ёсьць Сын Чалаве́чы.
Ня зьдзіўляйцеся з гэтага: бо настае час, калі ўсе, хто ў магілах, пачуюць голас Сына Божага,
Ня дзівуйцеся гэтаму: бо пры́йдзе час, калі ўсе́, што ў магілах, пачуюць голас Сына Божага,
і выйдуць тыя, што тварылі дабро на ўваскрэсеньне жыцьця, а што ліха чынілі — на ўваскрэсеньне асуды.
і выйдуць, што добрае чынілі, на ўваскрашэньне жыцьця, а што благое чынілі — на ўваскрашэньне суда.
Я нічога не магу тварыць Сам ад Сябе. Як чую, так і суджу, і суд Мой справядлівы, бо ня шукаю Маёй волі, а волі Айца, Які паслаў Мяне.
Я нічога не магу рабіць Сам ад Сябе́; як чую, так і суджу, і суд Мой праўдзівы, бо ня шукаю Маёй волі, але волі паслаўшага Мяне́ Айца.
Калі Я сьведчу Сам пра Сябе, дык сьведчаньне Маё ня ёсьць ісьціна:
Калі сьве́дчу Сам аб Сабе́, то сьве́дчаньне Маё непраўдзівае.
ёсьць іншы, Хто сьведчыць пра Мяне, і Я ведаю, што ісьціна ёсьць тое сьведчаньне, якім Ён сьведчыць пра Мяне;
Ёсьць другі, што сьве́дчыць аба Мне́, і Я ве́даю, праўдзівае тое сьве́дчаньне, якім Ён сьве́дчыць аба Мне.
вы пасылалі да Яна, і ён засьведчыў пра ісьціну.
Вы пасылалі да Іоана, і ён засьве́дчыў аб праўдзе.
А Я вось не ад чалавека прымаю сьведчаньне, а кажу гэта на тое, каб вы ўратаваліся.
Я-ж не ад чалаве́ка прыймаю сьве́дчаньне, але кажу гэта, каб вы спасьліся.
Ён быў сьвяцільнік, што гарэў і сьвяціў; а вы хацелі якісь час парадавацца пры сьвятле ягоным.
Той быў сьве́тач, які гарэў і сьвяціў, а вы хаце́лі часіну паце́шыцца пры сьвятле́ яго.
Але Я маю сьведчаньне большае за Янавае: бо дзеі, якія Айцец даў мне зьдзейсьніць, самыя дзеі гэтыя, якія Я чыню, сьведчаць пра Мяне, што Айцец паслаў Мяне.
Я-ж ма́ю сьве́дчаньне большае за Іоанава: бо дзе́яньні, што Аце́ц даў Мне́ закончыць, самыя гэтыя дзе́яньні, што Я чыню, сьве́дчаць аба Мне́, што Аце́ц паслаў Мяне́.
І Айцец, Які паслаў Мяне, Сам засьведчыў пра Мяне. А вы ні голасу Ягонага ніколі ня чулі, ні аблічча Ягонага ня бачылі,
І Аце́ц, Які паслаў Мяне́, Сам засьве́дчыў аба Мне́. А вы ані голасу Яго ніколі ня чулі, ані аблічча Яго ня бачылі,
і ня маеце слова Ягонага, каб яно былося ў вас, бо ня верыце вы Таму, Каго Ён паслаў.
і ня маеце слова Яго, што ў вас было-б, бо ня ве́рыце Таму, Каго Ён паслаў.
Дасьледуйце Пісаньні, бо вы думаеце празь іх мець жыцьцё вечнае: а яны ж сьведчаць пра Мяне.
Перагле́дзьце Пісаньні: бо вы думаеце праз іх жыцьцё ве́чнае ме́ць, і яны сьве́дчаць аба Мне́.
Але вы ня хочаце прыйсьці да Мяне, каб мець жыцьцё.
Але вы ня хочаце прыйсьці да Мяне́, каб ме́ць жыцьцё.
Ня прымаю славы ад людзей,
Сла́вы ад людзе́й не бяру,
але ведаю вас: вы ня маеце ў сабе любові да Бога.
але пазнаў вас: любві да Бога ня ма́еце ў сабе́.
Я прыйшоў у імя Айца Майго, і ня прымаеце Мяне; а калі нехта іншы прыйдзе ў імя сваё, яго прымеце.
Я прыйшоў у імя Айца Майго, і ня прыймаеце Мяне́, а калі-б другі прыйшоў у сваё імя, таго прыймеце.
Як вы можаце верыць, калі адзін ад аднаго прымаеце славу, а славы, якая ад Адзінага Бога, ня шукаеце?
Як вы мо́жаце ве́рыць, калі бярэцё славу адзін ад аднаго, а славы, што ад Аднаго Бога, ня шукаеце.
Ня думайце, што Я буду вінаваціць вас перад Айцом: ёсьць на вас скаржнік Майсей, на якога вы спадзеяцеся.
Ня думайце, што Я буду вінаваціць вас перад Айцом: ёсьць на вас абвінавальнік Майсе́й, на якога спадзяецёся.
Бо калі б вы верылі Майсею, дык паверылі б і Мне, бо ён пісаў пра Мяне.
Бо, каб вы ве́рылі Майсе́ю, то ве́рылі-б і Мне́, бо ён пісаў аба Мне́.
А калі ягоным пісаньням ня верыце, — як паверыце Маім словам?
Калі-ж яго пісаньням мя ве́рыце, як Маім сло́вам паве́рыце?