Яна 5 разьдзел
Паводле Яна Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Рыма-Каталіцкага Касцёла
Пасьля гэтага было сьвята Юдэйскае, і прыйшоў Ісус у Ерусалім.
Пасля гэтага было юдэйскае свята, і Езус прыйшоў у Ерузалем.
А ёсьць у Ерусаліме каля Авечае брамы купальня, называная па-Габрэйску Віфезда, якая мела пяць крытых уваходаў;
Ёсць жа ў Ерузалеме каля Авечай брамы купальня, якая па-габрэйску называецца Бэтэзда і якая мае пяць портыкаў.
у іх ляжала вялікае мноства хворых, сьляпых, кульгавых, сухіх, якія чакалі руху вады;
У іх ляжала мноства хворых, сляпых, кульгавых, паралізаваных.
бо анёл Гасподні часам сыходзіў у купальню і парушаў ваду; і хто першы ўваходзіў у яе пасьля парушэньня вады, той здаровы рабіўся, на якую б хваробу ні пакутаваў.
[отсутсвует]
Тут быў чалавек, які хварэў трыццаць восем гадоў.
Быў там адзін чалавек, які хварэў трыццаць восем гадоў.
Ісус, угледзеўшы, як ён ляжыць, і даведаўшыся, што ён ляжыць ужо доўгі час, кажа яму: ці хочаш быць здаровым?
Езус, убачыўшы яго ляжачым і пазнаўшы, што ён хварэе ўжо доўгі час, сказаў яму: «Хочаш стаць здаровым?»
Хворы адказваў Яму: так, Госпадзе; але ня маю чалавека, які апусьціў бы мяне ў купальню, калі парушыцца вада; калі ж я прыходжу, нехта іншы ўжо ўваходзіць раней за мяне.
Хворы адказаў Яму: «Пане, я не маю чалавека, які апусціў бы мяне ў купальню, калі ўзварушыцца вада. Пакуль я іду, іншы ўжо сыходзіць перада мною».
Ісус кажа яму: устань, вазьмі пасьцель тваю і хадзі.
Кажа яму Езус: «Устань, вазьмі насілкі свае і хадзі».
І той адразу выздаравеў, і ўзяў пасьцель сваю, і пайшоў. Было ж гэта ў дзень суботні.
І адразу выздаравеў той чалавек, узяў насілкі свае і пайшоў.А быў у гэты дзень шабат.
Пасьля Юдэі казалі ацалёнаму: сёньня субота; не павінен ты браць пасьцель.
Таму сказалі юдэі аздароўленаму: «Сёння шабат, і табе не дазваляецца браць ложа тваё».
Ён адказваў ім: Хто мяне вылечыў, Той мне сказаў: вазьмі пасьцель тваю і хадзі.
Ён адказаў ім: «Той, хто аздаравіў мяне, сказаў мне: “Вазьмі ложа сваё і хадзі”».
У яго спыталіся: хто Той Чалавек, Які сказаў табе: вазьмі пасьцель тваю і хадзі?
Спыталіся ў яго: «Хто той чалавек, які сказаў табе: “Вазьмі і хадзі?”»
Але ацалёны ня ведаў, хто Ён; бо Ісус зьнік сярод людзей, якія былі на тым месцы.
Але аздароўлены не ведаў, хто гэта, бо Езус знік у натоўпе, які быў у тым месцы.
Потым Ісус спаткаў яго ў храме і сказаў яму: вось, ты стаў здаровы; не грашы болей, каб ня сталася з табою чаго горшага.
Пасля таго знайшоў яго Езус у святыні і сказаў яму: «Вось, ты выздаравеў. Не грашы больш, каб не здарылася з табою чаго горшага».
Чалавек гэты пайшоў і абвясьціў Юдэям, што Той, Хто ацаліў яго, ёсьць Ісус.
Чалавек гэты пайшоў і абвясціў юдэям, што гэта Езус аздаравіў яго.
І пачалі Юдэі перасьледаваць Ісуса і намышлялі забіць Яго за тое, што Ён рабіў усе такія дзеі ў суботу.
І таму юдэі пераследавалі Езуса, бо Ён зрабіў гэта ў шабат.
А Ісус казаў ім: Айцец Мой дагэтуль робіць, і Я раблю.
А Езус адказаў юдэям: «Айцец Мой дзейнічае дагэтуль, і Я дзейнічаю».
І яшчэ больш намышлялі забіць Яго Юдэі за тое, што Ён ня толькі парушаў суботу, але і Айцом Сваім называў Бога, робячы Сябе роўным Богу.
За гэта юдэі яшчэ больш намагаліся забіць Яго, бо Ён не толькі зняважыў шабат, але таксама называў Бога сваім Айцом, робячы сябе роўным Богу.
На гэта Ісус сказаў: праўду, праўду кажу вам: Сын нічога ня можа тварыць Сам ад Сябе, калі ня ўбачыць, як Айцец творыць: бо, што творыць Ён, тое і Сын творыць таксама.
Тады Езус сказаў ім у адказ: «Сапраўды, сапраўды кажу вам: не можа Сын рабіць сам ад сябе нічога, калі б не бачыў Айца, які робіць. Бо што робіць Ён, тое таксама робіць Сын.
Бо Айцец любіць Сына і паказвае Яму ўсё, што творыць Сам; і пакажа Яму дзеі большыя за гэтыя, так што вы зьдзівіцеся.
Бо Айцец любіць Сына і паказвае Яму ўсё, што сам робіць, і пакажа Яму справы большыя за гэтыя, каб вы дзівіліся.
Бо, як Айцец уваскрашае мёртвых і ажыўляе, так і Сын ажыўляе, каго хоча.
Бо як Айцец уваскрашае мёртвых і ажыўляе, так і Сын ажыўляе тых, каго хоча.
Бо Айцец і ня судзіць нікога, а ўвесь суд аддаў Сыну,
Бо Айцец нікога не судзіць, але ўвесь суд аддаў Сыну,
каб усе шанавалі Сына, як шануюць Айца. Хто не шануе Сына, той не шануе і Айца, Які паслаў Яго.
каб усе шанавалі Сына, як шануюць Айца. Хто не шануе Сына, той не шануе Айца, які паслаў Яго.
Праўду, праўду кажу вам: хто слухае слова Маё і верыць у Таго, Хто паслаў Мяне, мае жыцьцё вечнае, і на суд ня прыходзіць, а перайшоў ад сьмерці ў жыцьцё.
Сапраўды, сапраўды кажу вам: хто слухае Маё слова і верыць у таго, хто паслаў Мяне, мае жыццё вечнае і не прыходзіць на суд, але перайшоў ад смерці да жыцця.
Праўду, праўду кажу вам: настае час, і настаў ужо, калі мёртвыя пачуюць голас Сына Божага і пачуўшы, ажывуць.
Сапраўды, сапраўды кажу вам: надыходзіць гадзіна і ўжо настала, калі мёртвыя пачуюць голас Сына Божага, і якія пачуюць, ажывуць.
Бо як Айцец мае жыцьцё ў Самім Сабе, так і Сыну даў мець жыцьцё ў Самім Сабе;
Бо, як Айцец мае ў сабе жыццё, так і Сыну даў мець жыццё ў сабе.
і даў Яму ўладу правіць і суд, бо Ён ёсьць Сын Чалавечы.
І даў Яму ўладу вяршыць суд, бо Ён Сын Чалавечы.
Ня зьдзіўляйцеся з гэтага: бо настае час, калі ўсе, хто ў магілах, пачуюць голас Сына Божага,
Не здзіўляйцеся гэтаму, бо надыходзіць гадзіна, калі ўсе, хто ў магілах, пачуюць голас Ягоны,
і выйдуць тыя, што тварылі дабро на ўваскрэсеньне жыцьця, а што ліха чынілі — на ўваскрэсеньне асуды.
і выйдуць, хто чыніў дабро, каб уваскрэснуць для жыцця, а хто рабіў зло, каб уваскрэснуць для асуджэння.
Я нічога не магу тварыць Сам ад Сябе. Як чую, так і суджу, і суд Мой справядлівы, бо ня шукаю Маёй волі, а волі Айца, Які паслаў Мяне.
Я нічога не магу рабіць ад сябе. Як чую, так суджу, і суд Мой справядлівы, бо Я не шукаю сваёй волі, але волі таго, хто паслаў Мяне.
Калі Я сьведчу Сам пра Сябе, дык сьведчаньне Маё ня ёсьць ісьціна:
Калі б Я сведчыў пра самога сябе, то сведчанне Маё не было б праўдзівае.
ёсьць іншы, Хто сьведчыць пра Мяне, і Я ведаю, што ісьціна ёсьць тое сьведчаньне, якім Ён сьведчыць пра Мяне;
Але ёсць іншы, хто сведчыць пра Мяне, і Я ведаю, што праўдзівае сведчанне, якім сведчыць пра Мяне.
вы пасылалі да Яна, і ён засьведчыў пра ісьціну.
Вы пасылалі да Яна, і ён засведчыў аб праўдзе.
А Я вось не ад чалавека прымаю сьведчаньне, а кажу гэта на тое, каб вы ўратаваліся.
Я ж не ад чалавека прымаю сведчанне, але кажу гэта, каб вы былі збаўленыя.
Ён быў сьвяцільнік, што гарэў і сьвяціў; а вы хацелі якісь час парадавацца пры сьвятле ягоным.
Ён быў светачам, які гарэў і свяціў, а вы хацелі нейкі час парадавацца пры святле ягоным.
Але Я маю сьведчаньне большае за Янавае: бо дзеі, якія Айцец даў мне зьдзейсьніць, самыя дзеі гэтыя, якія Я чыню, сьведчаць пра Мяне, што Айцец паслаў Мяне.
Я ж маю сведчанне большае за Янава. Бо справы, якія Айцец даў Мне здзейсніць, тыя справы, якія раблю, сведчаць пра Мяне, што Айцец паслаў Мяне.
І Айцец, Які паслаў Мяне, Сам засьведчыў пра Мяне. А вы ні голасу Ягонага ніколі ня чулі, ні аблічча Ягонага ня бачылі,
Айцец, які паслаў Мяне, сам засведчыў пра Мяне. Вы ніколі не чулі голасу Ягонага, і не бачылі аблічча Яго,
і ня маеце слова Ягонага, каб яно былося ў вас, бо ня верыце вы Таму, Каго Ён паслаў.
і не маеце слова Ягонага, якое было б у вас, бо не верыце таму, каго Ён паслаў.
Дасьледуйце Пісаньні, бо вы думаеце празь іх мець жыцьцё вечнае: а яны ж сьведчаць пра Мяне.
Вы даследуеце Пісанні, бо думаеце, што ў іх вы маеце жыццё вечнае, а яны сведчаць пра Мяне.
Але вы ня хочаце прыйсьці да Мяне, каб мець жыцьцё.
Але вы не хочаце прыйсці да Мяне, каб мець жыццё.
Ня прымаю славы ад людзей,
Я не прымаю славы ад людзей,
але ведаю вас: вы ня маеце ў сабе любові да Бога.
але ведаю, што вы не маеце ў сабе любові да Бога.
Я прыйшоў у імя Айца Майго, і ня прымаеце Мяне; а калі нехта іншы прыйдзе ў імя сваё, яго прымеце.
Я прыйшоў у імя Айца Майго, і вы не прымаеце Мяне. Калі б іншы прыйшоў у імя сваё, вы прынялі б яго.
Як вы можаце верыць, калі адзін ад аднаго прымаеце славу, а славы, якая ад Адзінага Бога, ня шукаеце?
Як можаце верыць, калі прымаеце славу адзін ад аднаго, а славы, якая паходзіць ад адзінага Бога, не шукаеце?
Ня думайце, што Я буду вінаваціць вас перад Айцом: ёсьць на вас скаржнік Майсей, на якога вы спадзеяцеся.
Не думайце, што Я буду абвінавачваць вас перад Айцом. Ёсць абвінаваўца ваш, Майсей, на якога вы спадзяецеся.
Бо калі б вы верылі Майсею, дык паверылі б і Мне, бо ён пісаў пра Мяне.
Бо калі б вы верылі Майсею, паверылі б і Мне, бо ён пісаў пра Мяне.
А калі ягоным пісаньням ня верыце, — як паверыце Маім словам?
А калі не верыце ягоным пісанням, як паверыце Маім словам?»