Да Галятаў 1 разьдзел

Пасланьне да Галятаў
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Рыма-Каталіцкага Касцёла

 
 

Павал апостал выбраны ня людзьмі і не праз чалавека, а Ісусам Хрыстом і Богам Айцом, Які ўваскрэсіў Яго зь мёртвых,
 
Павел, апостал, выбраны не людзьмі і не чалавекам, але Езусам Хрыстом і Богам Айцом, які ўваскрасіў Яго,

і ўсе браты, якія са мною, — цэрквам Галятыйскім:
 
і ўсе браты, якія са мною, — Касцёлам Галатыі.

мілата вам і мір ад Бога Айца і Госпада нашага Ісуса Хрыста,
 
Ласка вам і спакой ад Бога Айца нашага і ад Пана Езуса Хрыста,

Які аддаў Сябе Самога за грахі нашыя, каб выбавіць нас ад цяперашняга падступнага веку, па волі Бога і Айца нашага;
 
які аддаў самога сябе за грахі нашыя, каб вырваць нас з ліхога цяперашняга свету па волі Бога і Айца нашага,

Яму слава на векі вечныя. Амін.
 
якому хвала на векі вечныя. Амэн.

Зьдзіўляюся, што вы так хутка пераходзіце ад таго, хто заклікаў вас мілатою Хрыстоваю, да іншага зьвеставаньня,
 
Здзіўляюся, што ад таго, хто паклікаў вас ласкаю Хрыста, вы так хутка адыходзіце да іншага дабравесця.

якое, аднак, ня іншае, а толькі ёсьць людзі, якія зводзяць вас і хочуць перавярнуць зьвеставаньне Хрыстовае.
 
Яно, аднак, не іншае, а толькі ёсць людзі, якія зводзяць вас і хочуць сказіць Евангелле Хрыста.

Але калі б нават мы, альбо анёл зь неба пачаў зьвеставаць вам ня тое, што мы зьвеставалі вам, хай будзе анатэма.
 
Але, калі б нават мы ці анёл з неба пачалі абвяшчаць вам добрую навіну, якая адрозніваецца ад той, што мы абвяшчалі вам, няхай будзе пракляты!

Як раней мы сказалі, так і цяпер яшчэ кажу: хто зьвястуе вам ня тое, што вы прынялі, хай будзе анатэма.
 
Як раней мы казалі, так і цяпер зноў кажу: калі хто абвяшчае вам добрую навіну, якая адрозніваецца ад той, што вы прынялі, няхай будзе пракляты!

Ці ў людзей я цяпер шукаю ўпадабаньня, ці ў Бога? ці людзям дагаджаць стараюся? Калі б я і дагэтуль дагаджаў людзям, дык ня быў бы рабом Хрыстовым.
 
Ці ў людзей я цяпер шукаю ўпадабання, ці ў Бога? Ці людзям дагаджаць стараюся? Калі б я і дагэтуль дагаджаў людзям, то не быў бы слугою Хрыста!

Абвяшчаю вам, браты, што Дабравесьце, якое я абвяшчаў, ня ёсьць чалавечае;
 
Сведчу вам, браты, што Евангелле, якое я абвяшчаў, не ад чалавека.

бо і я прыняў яго і навучыўся не ад чалавека, а праз адкрыцьцё Ісуса Хрыста.
 
Бо і я прыняў яго і навучыўся не ад чалавека, але праз аб’яўленне Езуса Хрыста.

Вы чулі пра мой ранейшы лад жыцьця ў Юдэйстве, як я жорстка прасьледаваў Царкву Божую і спусташаў яе,
 
Вы чулі пра маё ранейшае жыццё ў юдаізме, як жорстка я пераследаваў Касцёл Божы і нішчыў яго,

і вызначыўся ў Юдэйстве сярод многіх равесьнікаў з роду майго, бо быў я зацяты прыхільнік бацькоўскіх маіх паданьняў.
 
як перавышаў у юдаізме многіх аднагодкаў з майго народу, будучы зацятым прыхільнікам традыцый маіх продкаў.

Калі ж Бог, выбраўшы мяне ад улоньня маці маёй і заклікаўшы мілатою Сваёю,
 
Калі ж Бог, які выбраў мяне ад улоння маёй маці і паклікаў сваёй ласкаю,

зажадаў адкрыць ува мне Сына Свайго, каб я зьвеставаў Яго язычнікам, я не пачаў адразу ж раіцца з плоцьцю і крывёю,
 
пажадаў аб’явіць ува мне свайго Сына, каб я прапаведаваў Яго сярод язычнікаў, я не пачаў адразу раіцца з целам і крывёю

і не пайшоў у Ерусалім да тых апосталаў, якія ішлі перада мною, а пайшоў у Аравію, і зноў вярнуўся ў Дамаск.
 
і не пайшоў у Ерузалем да Апосталаў, маіх папярэднікаў, а пайшоў у Арабію і зноў вярнуўся ў Дамаск.

Пасьля, праз тры гады, хадзіў я ў Ерусалім пабачыцца зь Пятром і пабыў у яго дзён пятнаццаць.
 
Пасля, праз тры гады, я пайшоў у Ерузалем наведаць Кефаса і прабыў у яго пятнаццаць дзён.

А другога з апосталаў я ня бачыў нікога, акрамя Якава, брата Гасподняга.
 
Нікога ж іншага з Апосталаў я не бачыў, акрамя Якуба, брата Пана.

А ў тым, што пішу вам, прад Богам, ня ілгу.
 
У тым, што я пішу вам, Бог мне сведка, няма маны.

Пасьля гэтага адышоў я ў землі Сірыі і Кілікіі.
 
Пасля гэтага адышоў я ў землі Сірыі і Цыліцыі.

Цэрквам Хрыстовым у Юдэі асабіста я ня быў вядомы,
 
Касцёлам Хрыстовым у Юдэі я не быў вядомы асабіста,

а толькі чулі яны, што колішні іхні ганіцель цяпер зьвястуе веру, якую раней вынішчаў,
 
яны толькі чулі, што той, хто быў іх ганіцелем, цяпер прапаведуе веру, якую некалі нішчыў.

і праслаўлялі за мяне Бога.
 
І праслаўлялі Бога за мяне.