Да Рымлянаў 1 разьдзел

Пасланьне да Рымлянаў
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Рыма-Каталіцкага Касцёла

 
 

Павал, раб Ісуса Хрыста, пакліканы апостал, выбраны на зьвеставаньне Божае,
 
Павел, слуга Езуса Хрыста, пакліканы апостал, выбраны дзеля абвяшчэння Евангелля Бога,

якое Бог раней абяцаў праз прарокаў Сваіх, у сьвятых пісаньнях,
 
якое перад гэтым было абяцана праз Яго прарокаў у святых Пісаннях,

пра Сына Свайго, Які нарадзіўся ад семені Давідавага па плоці
 
пра Ягонага Сына, які целам паходзіў з роду Давіда і адкрыўся як Божы Сын у моцы,

і адкрыўся Сынам Божым у сіле, духам сьвятасьці, праз уваскрэсеньне зь мёртвых, празь Ісуса Хрыста Госпада нашага,
 
паводле Духа святасці, праз уваскрасенне з мёртвых, пра Езуса Хрыста, Пана нашага,

празь Якога мы атрымалі мілату і апостальства, каб несьці паслушэнства веры дзеля імя Ягонага ва ўсіх народах,
 
праз якога мы атрымалі ласку і апостальства, каб у імя Ягонае зрабіць паслухмянымі веры ўсе народы,

сярод якіх і вы, пакліканыя Ісусам Хрыстом, —
 
сярод якіх і вы, пакліканыя Езусам Хрыстом.

усім умілаванцам Божым у Рыме, пакліканым сьвятым: мілата вам і мір ад Бога Айца нашага і Госпада Ісуса Хрыста.
 
Усім, хто знаходзіцца ў Рыме, умілаваным Бога, пакліканым святым: ласка вам і спакой ад Бога, Айца нашага, і Пана Езуса Хрыста.

Найперш за ўсё дзякую Богу майму празь Ісуса Хрыста за ўсіх вас, што вера вашая абвяшчаецца па ўсім сьвеце;
 
Найперш дзякую Богу майму праз Езуса Хрыста за ўсіх вас, бо вашая вера абвяшчаецца па ўсім свеце.

сьведка мне Бог, Якому служу духам маім у зьвеставаньні Сына Ягонага, што бесьперастанку ўспамінаю пра вас,
 
Маім сведкам ёсць Бог, якому служу ў маім духу праз Евангелле Ягонага Сына, што я пастаянна ўспамінаю пра вас.

заўсёды просячы ў малітвах маіх, каб воля Божая хоць цяпер паспрыяла мне прыйсьці да вас,
 
Кожную хвіліну ў сваіх малітвах прашу, каб мне — калі будзе на гэта Божая воля — пашчасціла калі-небудзь прыйсці да вас.

бо я вельмі прагну ўбачыць вас, каб падаць вам які дар духоўны на ўмацаваньне вашае,
 
Прагну пабачыць вас, каб пераказаць вам духоўны дар дзеля вашага ўмацавання,

гэта значыцца, суцешыцца з вамі верай супольнаю, вашаю і маёю.
 
але больш, каб парадавацца разам з вамі дзеля ўзаемнага суцяшэння праз супольную веру, вашую і маю.

Не хачу, браты, утойваць ад вас, што я многа разоў мерыўся прыйсьці да вас, — але сустракаў перашкоды аж да гэтай пары, — каб мець нейкі плод і ў вас, як і ў іншых народаў.
 
Не хачу, браты, каб вы не ведалі, што я шмат разоў збіраўся прыйсці да вас, каб які-небудзь плён сабраць і ў вас, як і сярод іншых народаў, але аж дагэтуль меў перашкоды.

Я даўжнік і Элінам і варварам, мудрацам і неразумным;
 
Я даўжнік грэкаў і чужаземцаў, мудрых і неразумных.

дык вось, што да мяне, я гатовы зьвеставаць і вам, жыхарам Рыма.
 
Таму таксама вельмі прагну і вам, жыхарам Рыма, абвяшчаць Евангелле.

Бо я не саромеюся зьвеставаньня Хрыстовага, бо яно ёсьць сіла Божая на збавеньне ўсякаму веруючаму, па-першае Юдэю, потым і Эліну.
 
Я не саромеюся Евангелля, бо гэта моц Божая для збаўлення кожнага, хто верыць, спярша юдэя, а потым і грэка.

Бо ў ім адкрываецца праўда Божая ад веры ў веру, як напісана: «праведны вераю жыць будзе».
 
Бо ў ім адкрываецца Божая справядлівасць з веры для веры, як напісана: «Праведны жыць будзе вераю».

Бо адкрываецца гнеў Божы зь неба на ўсякую бязбожнасьць і няпраўду людзей, якія ўціскаюць ісьціну няпраўдаю;
 
Гнеў жа Божы аб’яўляецца з неба супраць усялякай бязбожнасці і несправядлівасці людзей, якія стрымліваюць праўду несправядлівасцю.

бо, што можна ведаць пра Бога, ёсьць яўнае ім, таму што Бог явіў ім;
 
Бо тое, што можна ведаць пра Бога, відавочнае сярод іх, таму што Бог адкрыў ім.

бо нябачнае ў Ім, вечная сіла Ягоная і боскасьць, ад стварэньня сьвету праз сузіраньне тварэньняў бачныя, так што яны ня маюць выбачэньня.
 
Ад стварэння свету Яго нябачныя рысы — адвечная Яго моц і Боскасць — бачныя ў заўважальных чынах, таму няма ім апраўдання.

Але як што яны, спазнаўшы Бога, не праславілі Яго як Бога, і не падзякавалі, а змарнаваліся ў развагах розуму свайго, і запамрочылася неразумнае іхняе сэрца:
 
Яны ж, пазнаўшы Бога, не як Бога праслаўлялі Яго і дзякавалі Яму, але сталі нікчэмнымі ў сваіх разважаннях, і зацямнілася іх неразумнае сэрца.

называючы сябе мудрымі, здурнелі,
 
Называючы сябе мудрымі, яны сталі неразумнымі

і славу нятленнага Бога зьмянілі на падабенства вобраза прахлага чалавека, і птушак, і чатырногаў, і гадаў, —
 
і славу нятленнага Бога замянілі на вобраз тленнага чалавека, птушак, чатырохногіх і паўзуноў.

дык і аддаў іх Бог у пахацінствах сэрцаў іхніх нячыстасьці, так што яны апаганьвалі самі свае целы;
 
Таму і аддаў іх Бог праз пажадлівасць іхніх сэрцаў нячыстасці, каб яны самі зняславілі свае целы.

яны падмянілі ісьціну Божую на ману і пакланяліся і служылі стварэньню замест Творцы, які дабраславёны навекі, амін.
 
Яны замянілі праўду Божую на фальш і пачалі пакланяцца і служыць стварэнню, а не Стварыцелю, які благаслаўлёны навекі. Амэн.

Таму аддаў іх Бог ганебным пажадам: жанчыны іхнія замянілі прыроднае паяднаньне на супрацьпрыроднае;
 
Таму выдаў іх Бог ганебным страсцям. Іх жанчыны змянілі згоднае з натурай жыццё на тое, што супраць натуры.

гэтак сама і мужчыны, занядбаўшы прыроднае паяднаньне з жаночым полам, распальваліся пахацінствам сваім адзін да аднаго, мужчыны на мужчынах чынілі сорам і атрымлівалі самі ў сабе расплату за сваю аблуду.
 
Таксама і мужчыны, пакідаючы натуральнае сужыццё з жанчынай, запалалі пажадлівасцю адзін да аднаго. Мужчыны з мужчынамі чынячы нягоднае, самі на сябе наклікалі належную кару за вычварэнне.

І як што яны не стараліся мець Бога ў розуме, дык аддаў іх Бог розуму перавернутаму — чыніць непатрэбшчыну,
 
А паколькі не палічылі патрэбным мець пазнанне Бога, выдаў іх Бог няздольнаму розуму, каб чынілі неадпаведнае.

так што яны поўныя ўсялякай няпраўды, распусты, зламыснасьці, ліхазьдзірства, злосьці, поўныя зайздрасьці, душагубства, звады, ашуканства, ліхадушнасьці,
 
Яны поўныя ўсялякай несправядлівасці, нягоднасці, прагнасці, злосці, напоўненыя зайздрасцю, забойствам, спрэчкай, подступам, зласлівасцю, абмовай.

яны паклёпнікі, хлусы, боганенавісьнікі, крыўдзіцелі, самахвалы, пыхліўцы, вынаходлівыя на зло, бацькам непакорлівыя,
 
Яны паклёпнікі, ненавіснікі Бога, крыўдзіцелі, пыхлівыя, самахвалы, выдумшчыкі ліхога, непаслухмяныя бацькам,

неразумныя, вераломныя, нелюбы, няпрымірцы, нелітасьціўцы.
 
неразумныя, вераломныя, пазбаўленыя любові, бязлітасныя.

Яны ведаюць праведны вырак Божы, што тыя, якія чыняць такое, вартыя сьмерці; аднак жа ня толькі гэта робяць, але і сабе падобных падахвочваюць.
 
Яны ведаюць наказ Бога, што той, хто так чыніць, варты смерці, аднак не толькі самі так робяць, але і згаджаюцца з тымі, хто так робіць.