Яна 5 разьдзел
Паводле Яна Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Антонія Бокуна → Пераклад Рыма-Каталіцкага Касцёла
Пасьля гэтага было сьвята юдэйскае, і ўзыйшоў Ісус у Ерусалім.
Пасля гэтага было юдэйскае свята, і Езус прыйшоў у Ерузалем.
Ёсьць жа ў Ерусаліме каля Авечае брамы сажалка, якая завецца па-гебрайску Бэтэзда і якая мае пяць прысенкаў.
Ёсць жа ў Ерузалеме каля Авечай брамы купальня, якая па-габрэйску называецца Бэтэзда і якая мае пяць портыкаў.
У іх ляжала вялікае мноства нядужых, сьляпых, кульгавых, ссохшых, якія чакалі руху вады;
У іх ляжала мноства хворых, сляпых, кульгавых, паралізаваных.
бо анёл Госпадаў у пэўны час зыходзіў у сажалку і каламуціў ваду; і хто першы ўваходзіў у яе пасьля ўскаламучаньня вады, той ставаўся здаровым, на што б ні хварэў.
[отсутсвует]
І быў тут нейкі чалавек, які меў нядужасьць трыццаць восем гадоў.
Быў там адзін чалавек, які хварэў трыццаць восем гадоў.
Ісус убачыў яго, што ён ляжаў, і, даведаўшыся, што ён ляжыць ужо доўгі час, кажа яму: «Ці хочаш стацца здаровым?»
Езус, убачыўшы яго ляжачым і пазнаўшы, што ён хварэе ўжо доўгі час, сказаў яму: «Хочаш стаць здаровым?»
Нядужы адказаў Яму: «Пане, я ня маю чалавека, які спусьціў бы мяне ў сажалку, калі ўскаламуціцца вада; калі ж сам прыходжу, другі ўжо зыходзіць раней за мяне».
Хворы адказаў Яму: «Пане, я не маю чалавека, які апусціў бы мяне ў купальню, калі ўзварушыцца вада. Пакуль я іду, іншы ўжо сыходзіць перада мною».
Кажа яму Ісус: «Устань, вазьмі ложак твой і хадзі».
Кажа яму Езус: «Устань, вазьмі насілкі свае і хадзі».
І адразу стаўся здаровым той чалавек, і ўзяў ложак свой, і пайшоў. Была ж субота ў той дзень.
І адразу выздаравеў той чалавек, узяў насілкі свае і пайшоў.А быў у гэты дзень шабат.
Дзеля гэтага Юдэі казалі аздароўленаму: «Сёньня субота, ня можна табе браць ложак».
Таму сказалі юдэі аздароўленаму: «Сёння шабат, і табе не дазваляецца браць ложа тваё».
Ён адказаў ім: «Той, Які мяне зрабіў здаровым, Ён мне сказаў: “Вазьмі ложак твой і хадзі”».
Ён адказаў ім: «Той, хто аздаравіў мяне, сказаў мне: “Вазьмі ложа сваё і хадзі”».
Тады спыталіся ў яго: «Хто Той Чалавек, Які сказаў табе: “Вазьмі ложак твой і хадзі?”»
Спыталіся ў яго: «Хто той чалавек, які сказаў табе: “Вазьмі і хадзі?”»
Аздароўлены ж ня ведаў, хто Ён, бо Ісус зьнік у натоўпе, які быў у тым месцы.
Але аздароўлены не ведаў, хто гэта, бо Езус знік у натоўпе, які быў у тым месцы.
Пасьля гэтага Ісус знаходзіць яго ў сьвятыні і кажа яму: «Вось, ты стаўся здаровым, не грашы больш, каб ня сталася з табою нешта горшае».
Пасля таго знайшоў яго Езус у святыні і сказаў яму: «Вось, ты выздаравеў. Не грашы больш, каб не здарылася з табою чаго горшага».
Чалавек гэты пайшоў і абвясьціў Юдэям, што гэта Ісус аздаравіў яго.
Чалавек гэты пайшоў і абвясціў юдэям, што гэта Езус аздаравіў яго.
І дзеля гэтага пачалі Юдэі перасьледаваць Ісуса, і шукалі, каб забіць Яго, бо Ён учыніў гэткае ў суботу.
І таму юдэі пераследавалі Езуса, бо Ён зрабіў гэта ў шабат.
Ісус жа адказваў ім: «Айцец Мой дагэтуль робіць, і Я раблю».
А Езус адказаў юдэям: «Айцец Мой дзейнічае дагэтуль, і Я дзейнічаю».
Дзеля гэтага Юдэі яшчэ больш шукалі, каб забіць Яго, бо Ён ня толькі парушаў суботу, але і Айцом Сваім называў Бога, робячы Сябе роўным Богу.
За гэта юдэі яшчэ больш намагаліся забіць Яго, бо Ён не толькі зняважыў шабат, але таксама называў Бога сваім Айцом, робячы сябе роўным Богу.
Тады адказваў Ісус і сказаў ім: «Сапраўды, сапраўды кажу вам: Сын нічога ня можа рабіць Сам ад Сябе, калі ня бачыць Айца, Які робіць, бо што Ён робіць, тое і Сын робіць таксама.
Тады Езус сказаў ім у адказ: «Сапраўды, сапраўды кажу вам: не можа Сын рабіць сам ад сябе нічога, калі б не бачыў Айца, які робіць. Бо што робіць Ён, тое таксама робіць Сын.
Бо Айцец любіць Сына і паказвае Яму ўсё, што Сам робіць, і большыя за гэтыя пакажа Яму справы, ажно вы зьдзівіцеся.
Бо Айцец любіць Сына і паказвае Яму ўсё, што сам робіць, і пакажа Яму справы большыя за гэтыя, каб вы дзівіліся.
Бо як Айцец уваскрашае мёртвых і ажыўляе, так і Сын ажыўляе, каго хоча.
Бо як Айцец уваскрашае мёртвых і ажыўляе, так і Сын ажыўляе тых, каго хоча.
Бо Айцец і ня судзіць нікога, але ўвесь суд аддаў Сыну,
Бо Айцец нікога не судзіць, але ўвесь суд аддаў Сыну,
каб усе шанавалі Сына, як шануюць Айца. Хто не шануе Сына, не шануе і Айца, Які паслаў Яго.
каб усе шанавалі Сына, як шануюць Айца. Хто не шануе Сына, той не шануе Айца, які паслаў Яго.
Сапраўды, сапраўды кажу вам: Хто слухае слова Маё і верыць у Таго, Хто паслаў Мяне, мае жыцьцё вечнае і на суд не ідзе, але перайшоў ад сьмерці ў жыцьцё.
Сапраўды, сапраўды кажу вам: хто слухае Маё слова і верыць у таго, хто паслаў Мяне, мае жыццё вечнае і не прыходзіць на суд, але перайшоў ад смерці да жыцця.
Сапраўды, сапраўды кажу вам: Прыходзіць гадзіна, і яна ўжо прыйшла, калі мёртвыя пачуюць голас Сына Божага і, пачуўшы, ажывуць.
Сапраўды, сапраўды кажу вам: надыходзіць гадзіна і ўжо настала, калі мёртвыя пачуюць голас Сына Божага, і якія пачуюць, ажывуць.
Бо як Айцец мае жыцьцё ў Сабе, так і Сыну даў жыцьцё мець у Сабе.
Бо, як Айцец мае ў сабе жыццё, так і Сыну даў мець жыццё ў сабе.
І даў Яму ўладу чыніць суд, бо Ён ёсьць Сын Чалавечы.
І даў Яму ўладу вяршыць суд, бо Ён Сын Чалавечы.
Не зьдзіўляйцеся гэтаму: бо прыходзіць гадзіна, калі ўсе, што ў магілах, пачуюць голас Ягоны,
Не здзіўляйцеся гэтаму, бо надыходзіць гадзіна, калі ўсе, хто ў магілах, пачуюць голас Ягоны,
і выйдуць тыя, што чынілі добрае, на ўваскрашэньне жыцьця, а тыя, што чынілі благое, — на ўваскрашэньне суду.
і выйдуць, хто чыніў дабро, каб уваскрэснуць для жыцця, а хто рабіў зло, каб уваскрэснуць для асуджэння.
Я нічога не магу рабіць Сам ад Сябе. Як чую, так і суджу, і суд Мой праведны, бо Я не шукаю Маёй волі, але волі Айца, Які паслаў Мяне.
Я нічога не магу рабіць ад сябе. Як чую, так суджу, і суд Мой справядлівы, бо Я не шукаю сваёй волі, але волі таго, хто паслаў Мяне.
Калі Я сьведчу Сам пра Сябе, сьведчаньне Маё ня ёсьць праўдзівае.
Калі б Я сведчыў пра самога сябе, то сведчанне Маё не было б праўдзівае.
Ёсьць Другі, Які сьведчыць пра Мяне, і Я ведаю, што праўдзівае тое сьведчаньне, якім Ён сьведчыць пра Мяне.
Але ёсць іншы, хто сведчыць пра Мяне, і Я ведаю, што праўдзівае сведчанне, якім сведчыць пра Мяне.
Вы пасылалі да Яна, і ён засьведчыў пра праўду.
Вы пасылалі да Яна, і ён засведчыў аб праўдзе.
Але Я не ад чалавека прыймаю сьведчаньне, але кажу гэта, каб вы былі збаўленыя.
Я ж не ад чалавека прымаю сведчанне, але кажу гэта, каб вы былі збаўленыя.
Ён быў сьвечкай, якая гарэла і сьвяціла, а вы хацелі часіну радавацца пры сьвятле ягоным.
Ён быў светачам, які гарэў і свяціў, а вы хацелі нейкі час парадавацца пры святле ягоным.
Я ж маю сьведчаньне, большае за Янава, бо справы, якія Айцец даў Мне скончыць, самыя гэтыя справы, якія Я раблю, сьведчаць пра Мяне, бо Айцец паслаў Мяне.
Я ж маю сведчанне большае за Янава. Бо справы, якія Айцец даў Мне здзейсніць, тыя справы, якія раблю, сведчаць пра Мяне, што Айцец паслаў Мяне.
І Айцец, Які паслаў Мяне, Сам засьведчыў пра Мяне. Але вы ані голасу Яго ніколі ня чулі, ані аблічча Яго ня бачылі,
Айцец, які паслаў Мяне, сам засведчыў пра Мяне. Вы ніколі не чулі голасу Ягонага, і не бачылі аблічча Яго,
і ня маеце слова Ягонага, якое ў вас было б, бо ня верыце Таму, Каго Ён паслаў.
і не маеце слова Ягонага, якое было б у вас, бо не верыце таму, каго Ён паслаў.
Дасьледуйце Пісаньні, бо вы думаеце праз іх мець жыцьцё вечнае, і яны сьведчаць пра Мяне.
Вы даследуеце Пісанні, бо думаеце, што ў іх вы маеце жыццё вечнае, а яны сведчаць пра Мяне.
Але вы ня хочаце прыйсьці да Мяне, каб мець жыцьцё.
Але вы не хочаце прыйсці да Мяне, каб мець жыццё.
Славы ад людзей не прыймаю,
Я не прымаю славы ад людзей,
але ведаю вас, што любові да Бога ня маеце ў сабе.
але ведаю, што вы не маеце ў сабе любові да Бога.
Я прыйшоў у імя Айца Майго, і вы не прыймаеце Мяне, а калі другі прыйдзе ў сваё імя, таго прыймеце.
Я прыйшоў у імя Айца Майго, і вы не прымаеце Мяне. Калі б іншы прыйшоў у імя сваё, вы прынялі б яго.
Як вы можаце верыць, калі прыймаеце славу адзін ад аднаго, а славы, якая ад адзінага Бога, не шукаеце.
Як можаце верыць, калі прымаеце славу адзін ад аднаго, а славы, якая паходзіць ад адзінага Бога, не шукаеце?
Ня думайце, што Я буду вінаваціць вас перад Айцом; ёсьць на вас абвінавальнік Майсей, на якога вы спадзеяцёся.
Не думайце, што Я буду абвінавачваць вас перад Айцом. Ёсць абвінаваўца ваш, Майсей, на якога вы спадзяецеся.
Бо, калі б вы верылі Майсею, то верылі б і Мне, бо ён пісаў пра Мяне.
Бо калі б вы верылі Майсею, паверылі б і Мне, бо ён пісаў пра Мяне.
Калі ж ягоным пісаньням ня верыце, як Маім словам паверыце?»
А калі не верыце ягоным пісанням, як паверыце Маім словам?»